Зацемна Пятроўна ўшушкалася ў сваё тоўстае адзенне i хусткi, узяла сумку i той вялiкi нож, што тачыў Тата, i пайшла. Следам, апрануўшы плашчы, выйшлi на двор Алёша з бацькам i, чуваць, выпусцiлi авечак на вулiцу.

Няўжо пакiнулi Бiма аднаго, ды яшчэ на прывязi ў цёмных сенцах? Бiм не вытрымаў - завыў горка i безнадзейна.

I тут адчынiлiся дзверы, увайшоў Хрысан Андрэевiч, адвязаў Бiма i вывеў на ганак, потым замкнуў дзверы, пакiраваў да чародкi авечак, ля якiх стаяў Алёша, перадаў яму з рук у рукi Бiма на вяроўцы, а сам зайшоў спераду авечкам i крыкнуў:

- Пайшлi, пайшлi-i!

Авечкi рушылi за iм па вулiцы. З кожнага двара да iх далучалася то пяць, то дзесяць, так што ў канец вёскi сабралася добрая чарада. Папераду ўсё гэтак жа iшоў Хрысан Андрэевiч, ззаду Алёша з сабакам.

Дзень выпаў марозны, сухi, зямля пад нагамi цвёрдая, амаль гэтакая ж, як асфальт у горадзе, толькi не такая роўная; нават заляталi густа сняжынкi, закрыўшы на некаторы час i без таго халоднае сонца, але зараз жа i скончылiся. Гэта была ўжо не восень, але яшчэ i не зiма, а проста-напраста пазначассе, нi то нi сё, калi вось-вось акажацца зiма, жаданая, але заўсёды нечаканая.

Авечкi бадзёра пастуквалi капыцiкамi i бляялi, перагаворвалiся на сваёй напеўнай авечай мове, зразумець якую няма нiякага розуму. Прыгледзеўшыся, Бiм заўважаў, што паперадзе чарады, нага ў нагу з Хрысанам Андрэевiчам, iшоў баран з закручанымi рагамi, а ззаду за ўсiмi, проста перад Алёшам, кульгавенькая авечка. Алёша зрэдку памаленьку падпiхаў яе кручком палкi, каб не адставала, i тады крычаў:

- Тата, цiшэй крыху! Кульгавенькая не можа!

Той iшоў цiшэй, не аглядваўся, а разам з iм цiшэй iшла i ўся чарада.

Бiм iшоў на вяроўцы. Ён бачыў, як спаважна тупаў Тата перад авечкамi, як яны падпарадкавалiся кожнаму яго руху, як Алёша дзелавiта, засяроджана пiльнаваў авечак ззаду i з бакоў. Вось адна з iх адбiлася i, пашчыпваючы жаўтаватыя травiнкi, пакiравала ў бок ад чарады. Алёша пабег з Бiмам i крыкнуў:

- Куды пайшла-а?! - i кiнуў паперад яе сваю палку.

Авечка вярнулася. Злева адразу тры захацелi адасобiцца i пасунулiся сабе да зеленаватае плямы, але Алёша зноў пабег i гэтаксама паказаў iм сваё месца. Бiм скора скемiў, што нi адна авечка не мае права адбiвацца ад чарады, а калi зноў пабег разам з Алёшам, гаўкнуў на тую авечку, якая парушыла парадак i дысцыплiну: "Гаў-гаў-гаў!" - гэтак жа нязлосна, як i Алёша, папярэдзiў ён самавольнiцу: - "Куды пайшла-а?!"

- Тата! Чуеш? - крыкнуў Алёша.

Хрысан Андрэевiч аглянуўся i крыкнуў з адабрэннем:

- Маладзец, Чарнавух!

На схiле яра ён падняў над галавою палку i яшчэ закрычаў гэтак жа моцна:

- Распуска-ай! - А сам запаволiў крок, iшоў поперак ходу чарады.

Алёша пачаў рабiць тое ж самае, але тут, ззаду, ён крочыў хутка, нават падбягаў, наганяў авечак на Хрысана Андрэевiча. I тады чарада пакрысе разыходзiлася ўсё шырэй i шырэй, i нарэшце, не перастаючы шчыпаць траву, выстраiлася ў шнурок, па тры-чатыры авечкi. Цяпер Хрысан Андрэевiч спынiўся, акiнуў позiркам строй, а побач з iм спынiўся i баран-важак. Пастух дастаў з сумкi буханку хлеба, адрэзаў акрайчык - чамусьцi аддаў яго барану. Бiм не мог ведаць, што баран-важак абавязкова павiнен не толькi не баяцца пастуха, а нават любiць яго, а таму, ад свайго няведання, ён бачыў проста пацвярджэнне таго, што Тата - добры чалавек, - i толькi. А Тата, калi начыстату, быў яшчэ чалавек i хiтры - баран хадзiў за iм, як сабака, i заўсёды адзываўся на клiч. Не, Бiму, вядома, нельга было спасцiгнуць усю пастухову мудрасць. А Хрысан Андрэевiч ведаў, што дурны баран, якi адбiўся ад чарады, ды яшчэ калi няма сабакi, завядзе чараду чортведама куды - толькi прамаргай, заснi ад стомы i разморанасцi на сонечным прыгрэве. Не, тут баран-важак быў незвычайны, вучаны баран, таму i Бiма ён прыняў з адкрытаю душою.

Хрысан Андрэевiч закурыў люльку i сказаў Алёшу:

- Ты не табунуй, не табунуй - тут ёсць чым пажывiцца.

А што ты думаеш, дарагi мой чытач? Накармiць авечку позняй восенню работа не такая i простая: калi не ўмееш, то праз тыдзень палавiна чарады здохне, i там, дзе добрая кармёжка, стопчуць яе, i ўся тут марока, а калi разумна будзеш пасвiць, то i на беднаватай пашы авечка будзе i сытая, i накормленая. Ухiтраецца Хрысан Андрэевiч накармiць чараду на пустках ды на ўскрайках, перад самымi трактарамi, калi яны аруць на восень, а для гэтага патрэбен талент, i прызванне, i любоў да жывёлы. Вялiкая работа - пасвiць авечак, а наогул-то, i прыгожая, таму што чалавек-пастух, часам i не задумваючыся пра тое, адчувае сябе неадлучнаю частачкаю прыроды i яе гаспадаром i дабрадзеем. Вось у чым цымус. Чытач даруе, што я да часу забыўся пра нашага Бiма i загаварыў пра чалавека на прыволлi позняй восенi.

Такiм чынам, авечкi з дружным патрэскваннем шчыпалi кароткую траву i хрумсталi так дружна, што ўсё гэта сплывалася ў адзiн суцэльны гук, спакойны i роўны, заспакойваючы. Цяпер Тата i Алёша былi блiзка адзiн ад аднаго i гаварылi ўжо цiха, не крычалi, як раней, здалёку.

Алёша запытаў:

- Тата, спусцiць Чарнавуха?

- Давай паспрабуем. Не павiнен ён уцячы зараз: ад волi на волю не ўцякаюць. Спушчай, але спачатку адстань з iм, пагуляй, не табунуй авечак.

Алёша пачакаў, пакуль чарада адышла далей, адвязаў вяроўку i весела крыкнуў:

- Чарнавух! Пабеглi! - Тут ён кiнуўся бегчы з узгорка ў яр, топчучы ботамi траву i падскокваючы.

Бiм узрадаваўся немаведама як. Ён таксама падскокваў, стараўся лiзнуць Алёшу ў шчаку, адбягаўся ўбок i стралою iмчаў назад у захапленнi ад поўнае волi; потым схапiў нейкую палку i памчаў да Алёшы, сеў перад iм. Алёша ўзяў тую палку, кiнуў i загадаў:

- Падай, Чарнавух!

Бiм прынёс яе i аддаў. Алёша яшчэ раз кiнуў, але цяпер не ўзяў з рота ў Бiма, а пайшоў з яра да чарады i загадаў:

- Чарнавух, трымай! Нясi!

Бiм пайшоў за iм з ношкаю. Калi ўзышлi, Алёша замест палкi даў яму сваю шапку. Бiм з задавальненнем панёс яе. Алёша ж бег падскакваючы i паўтараў:

- Нясi, Чарнавух. Нясi, мой маладзец. Вось добра! Вось добра! - Але да чарады яны падыходзiлi цiха ("не ганяй авечак"). Алёша загадаў:

- Аддай Тату.

Хрысан Андрэевiч выставiў руку. Бiм аддаў. Новая яго вартасць стала вядома пастухам нечакана. Усе ўтрох былi ў захапленнi.

А не болей чым праз тыдзень Бiм сваiм розумам дайшоў, што ў яго ёсць абавязак: закiроўваць самавольных авечак да чарады, пiльнаваць iх, калi яны распушчаны шнурком, але не пярэчыць, калi, зайшоўшы вечарам у вёску, яны разыходзяцца дадому.

Бiм пазнаёмiўся з двума сабакамi, якiя пiльнавалi калгасную чараду, дзе было трое пастухоў, усе дарослыя, i ўсе таксама ў плашчах. Хоць чароды калгасныя i калгаснiкаў нiколi не падпускалiся блiзка адна да аднае i не мяшалiся, але ў час кароткiх асеннiх прыпынкаў на тырлiшчах Алёша бегаў да калгасных пастухоў, а Бiм разам з iм да калгасных сабак. Добрыя сабакi, паджарыя, шарсцiстыя, вялiкiя, але спакойныя, паслухмяныя; яны нават гулялi з Бiмам спакойна i паблажлiва, а вакол чарады хадзiлi паволi, пяшком, а не так, як Бiм, падскокам альбо галопам: з адчуваннем сваёй вартасцi сабакi. Падабалiся яны Бiму. I авечкi таксама харошыя.

Пачалося вольнае працоўнае жыццё i ў Бiма. Хаця яны ўсе ўтрох вярталiся стомленыя i таму прыцiхлыя, але то была воля i давер адзiн да аднаго. Ад такога жыцця сабака не ўцякае.

Але аднойчы, неяк нечакана, пасыпаўся снег, закруцiўся вецер, захадзiў, замяцелiў. Хрысан Андрэевiч, Алёша i Бiм збiлi авечак у чараду, пастаялi крыху ды i павялi ў вёску. На авечках быў белы снег, на плячах у людзей снег, на зямлi таксама снег. Усюды белы снег, толькi снег у полi - больш нiчога. Завiтала зiма, упала з неба.

Цi то Хрысан Андрэевiч вырашыў, што такому сабаку, як Бiм, нельга спаць з падсвiнкамi або сядзець на прывязi, цi з-за чаго iншага, але Бiм перайшоў цяпер начаваць у цёплую будку, збiтую ў кутку ў тых самых сенцах i напханую мяккiм сенам.