- Баюся без вас заставацца, баюся! - прастагнала Мальвiна.

- А П'еро вам нашто?

- Ах, ён толькi чытае вершыкi...

- Я буду абараняць Мальвiну, як леў, - прагаварыў П'еро хрыплым голасам, якiм размаўляюць буйныя драпежнiкi, - вы мяне яшчэ не ведаеце...

- Малайчына, П'еро, даўно б так!

I Бурацiна кiнуўся бегчы па слядах Карабаса Барабаса i Дурамара.

Ён iх неўзабаве ўбачыў. Дырэктар тэатра лялек сядзеў на беразе ручая, Дурамар ставiў яму на гуз кампрэс з лiстоў конскага шчаўя. Здалёк было чуваць страшэннае бурчанне ў пустым жываце ў Карабаса Барабаса i сумнае папiскванне ў пустым жываце ў прадаўца лячэбных п'явак.

- Сiньёр, нам неабходна падсiлкавацца, - гаварыў Дурамар, - пошукi нягоднiкаў могуць зацягнуцца да глыбокай ночы.

- Я з'еў бы цяпер цэлае парася i парачку качачак, - панура адказаў Карабас Барабас.

Прыяцелi павалаклiся да харчэўнi "Трох печкуроў" - яе шыльда вiднелася на прыгорку. Але хутчэй, чым Карабас Барабас i Дурамар, кiнуўся туды Бурацiна, прыгiнаючыся да травы, каб яго не прыкмецiлi.

Каля дзвярэй харчэўнi Бурацiна падкраўся да вялiкага пеўня, якi, знайшоўшы зернетка цi кавалачак кураняцiнай кiшкi, ганарлiва трос чырвоным грабеньчыкам, шаркаў кiпцюрамi i з трывогаю клiкаў курэй на пачастунак:

- Ко-ко-ко!

Бурацiна падаў яму на далонi крошкi мiндальнага пiрожнага:

- Частуйцеся, сiньёр галоўнакамандуючы.

Певень строга зiрнуў на драўлянага хлапчука, але не ўтрымаўся i дзеўбануў яго ў далонь.

- Ко-ко-ко!..

- Сiньёр галоўнакамандуючы, мне трэба было б прайсцi ў харчэўню, але так, каб гаспадар мяне не заўважыў. Я схаваюся за ваш цудоўны рознакаляровы хвост, i вы даведзяце мяне да самага камiнка. Добра?

- Ко-ко! - яшчэ з большым гонарам вымавiў певень.

Ён нiчога не зразумеў, але каб не паказаць, што нiчога не зразумеў, важна пайшоў да адчыненых дзвярэй харчэўнi. Бурацiна схапiў яго пад крылы за бакi, прыкрыўся яго хвастом i на кукiшках прабраўся на кухню, да самага камiнка, дзе мiтусiўся лысы гаспадар харчэўнi, круцячы на агнi ражны i скавародкi.

- Пайшоў прэч, старое булённае мяса! - крыкнуў на пеўня гаспадар i так паддаў нагой, што певень:

- Ку-дах-тах-тах! - з роспачным крыкам вылецеў на вулiцу да псрапалоханых курэй.

Бурацiна, незаўважаны, шмыгнуў мiма ног гаспадара i прысеў за вялiкiм глiняным збаном.

У гэты час пачулiся галасы Карабаса Барабаса i Дурамара.

Гаспадар, нiзка кланяючыся, выйшаў iм насустрач.

Бурацiна залез у глiняны збан i там прытаiўся.

Бурацiна даведваецца пра таямнiцу залатога ключыка

Карабас Барабас i Дурамар падсiлкоўвалiся смажаным парасём. Гаспадар падлiваў вiна ў шклянкi.

Карабас Барабас, абсмоктваючы парасячую нагу, сказаў гаспадару:

- Дрэнь у цябе вiно, налi хiба мне вунь з таго збана! - i паказаў косткаю на збан, дзе сядзеў Бурацiна.

- Сiньёр, гэты збан пусты, - адказаў гаспадар.

- Хлусiш, пакажы.

Тады гаспадар падняў збан i перакулiў яго. Бурацiна з усяе сiлы ўпёрся локцямi ў бакi збана, каб не вывалiцца.

- Там нешта чарнеецца, - прахрыпеў Карабас Барабас.

- Там нешта бялеецца, - пацвердзiў Дурамар.

- Сiньёры, скула мне на язык, прастрэл мне ў паяснiцу, - збан пусты!

- Калi так, стаў яго на стол - мы будзем кiдаць туды косцi.

Збан, у якiм сядзеў Бурацiна, паставiлi памiж дырэктарам тэатра лялек i прадаўцом лячэбных п'явак. На галаву Бурацiна пасыпалiся абгрызеныя косцi i скарынкi.

Карабас Барабас, выпiўшы шмат вiна, падставiў да агню бараду, каб з яе капала налiплая смала.

- Пакладу Бурацiна на далонь, - выхваляючыся, гаварыў ён, - другой далонню плясну, - мокрае месца ад яго застанецца.

- Нягоднiк цалкам гэтага заслугоўвае, - пацвярджаў Дурамар, - але спачатку яму добра было б паставiць п'явак, каб яны выпiлi ўсю кроў...

- Не! - стукаў кулаком Карабас Барабас. - Спачатку я адбяру ў яго залаты ключык...

У размову ўмяшаўся гаспадар, - ён ужо ведаў пра ўцёкi драўляных чалавечкаў.

- Сiньёр, вам няма чаго стамляць сябе пошукамi. Зараз я паклiчу двух кемлiвых малайцоў, - пакуль вы падмацоўваецеся вiном, яны хутка абшукаюць увесь лес i прыцягнуць сюды Бурацiна.

- Добра. Пасылай малайцоў, - сказаў Карабас Барабас, падстаўляючы да агню вялiзныя падэшвы. I паколькi ён быў п'яны ўжо, дык на ўсё горла заспяваў песню:

Дурны i рахманы

Мой народ драўляны.

Уладарнiк лялек

Вось хто я, каб зналi...

Грозны Карабас,

Слаўны Барабас...

Лялькi прада мною

Сцелюцца травою.

Нават i на кралю

Бiч не мае жалю,

Бiч у сем хвастоў,

Бiч у сем хвастоў.

Як махаць iм стану

Мой народ слухмяны

Песенькi спявае,

Грошыкi збiрае

У маю кiшэнь,

У маю кiшэнь...

Тады Бурацiна змененым голасам завыў з глыбiнi збана:

- Адкрый таямнiцу, няшчасны, адкрый таямнiцу!..

Карабас Барабас ад нечаканасцi гучна ляснуў скiвiцамi i вылупiўся на Дурамара.

- Гэта ты?

- Не, гэта не я...

- Хто ж сказаў, каб я адкрыў таямнiцу?

Дурамар верыў у забабоны; апрача таго, ён таксама выпiў шмат вiна. Твар у яго пасiнеў i зморшчыўся ад страху, нiбы грыб смарчок.

Гледзячы на яго, i Карабас Барабас заляскаў зубамi.

- Адкрый таямнiцу, - зноў завыў таемны голас з глыбiнi збана, - iнакш не ўстанеш з гэтага крэсла, няшчасны!

Карабас Барабас паспрабаваў усхапiцца, але не мог нават i прыўзняцца.

- Яку-ку-кую та-та-таямнiцу? - спытаў ён, заiкаючыся.

Голас адказаў:

- Таямнiцу чарапахi Тарцiлы.

Ад жаху Дурамар павольна палез пад стол. У Карабаса Барабаса адвiсла скiвiца.

- Дзе знаходзяцца дзверы, дзе знаходзяцца дзверы? - нiбы вецер у комiне ў асеннюю ноч, правыў голас.

- Адкажу, адкажу, замоўкнi, замоўкнi! - прашаптаў Карабас Барабас. Дзверы - у старога Карла ў каморцы, за намаляваным камiнкам...

Толькi ён прагаварыў гэтыя словы, з двара ўвайшоў гаспадар.

- Вось надзейныя малайцы, за грошы яны прывядуць да вас, сiньёр, хоць самога чорта...

I ён паказаў на лiсiцу Алiсу i ката Базiлiо, якiя стаялi на парозе. Лiсiца пачцiва зняла стары капялюш.

- Сiньёр Карабас Барабас падорыць нам на беднасць дзесяць залатых манет, i мы аддадзiм вам у рукi нягоднiка Бурацiна, не сыходзячы з гэтага месца.

Карабас Барабас залез пад бараду ў кiшэню камiзэлькi, выняў дзесяць залатых.

- Вось грошы, а дзе Бурацiна?

Лiсiца некалькi разоў пералiчыла манеты, уздыхнула, аддаючы палавiну кату, i паказала лапай:

- Ён у гэтым збане, сiньёр, у вас пад носам...

Карабас Барабас схапiў са стала збан i раз'юшана шпурнуў яго на каменную падлогу. З чарапкоў i кучы абгрызеных костак выскачыў Бурацiна. Пакуль усе стаялi, разявiўшы раты, ён, як страла, кiнуўся з харчэўнi на двор проста да пеўня, якi ганарлiва разглядаў то адным вокам, то другiм здохлага чарвячка.

- Гэта ты мяне выдаў, стары катлетны фарш! - злосна выцягнуўшы нос, сказаў яму Бурацiна. - Ну, цяпер iмчы што маеш духу...

I ён моцна ўчапiўся ў яго генеральскi хвост. Певень, нiчога не разумеючы, растапырыў крылы i кiнуўся бегчы на цыбатых нагах. Бурацiна - у вiхры - за iм, - з гары, цераз дарогу, па полi, да лесу.

Карабас Барабас, Дурамар i гаспадар харчэўнi апамяталiся нарэшце ад здзiўлення i выбеглi ўслед за Бурацiна. Але колькi яны нi азiралiся, яго нiдзе не было вiдаць, толькi далека па полi iмчаўся з усяе сiлы певень. Але паколькi ўсiм было вядома, што ён дурань, то на гэтага пеўня нiхто не звярнуў увагi.

Бурацiна першы раз у жыццi прыходзiць у роспач, але ўсё канчаецца шчаслiва

Дурны певень змарыўся, ледзь бег, разявiўшы дзюбу. Бурацiна выпусцiў нарэшце яго пакамечаны хвост.

- Iдзi, генерал, да сваiх курэй...

I адзiн пайшоў туды, дзе скрозь лiсце ярка блiшчала Лебядзiнае возера.

Вось i сасна на камянiстым узгорку, вось i пячора. Навакол параскiдана наламанае галлё. Трава прымята слядамi колаў...