У 13.10 усё скончылася. Крэймер згадзiўся з прапановай Вулфа i пайшоў. Ён выставiў умову - спярша азнаёмiцца з матэрыяламi па справе i пагутарыць з супрацоўнiкамi, але гэта было не iстотна, бо арышты трэба было адкласцi на больш познi час i здзейснiваць толькi тады, як суддзi пойдуць дадому. Ён пагадзiўся з той умоваю, што ахвяры не даведаюцца аб тым, што Вулф прыклаў да гэтай справы руку, таму можна было сказаць, што Крэймер саступiў, але, на самай справе, ён кiраваўся разумным сэнсам.

Як бы Крэймер нi стараўся праiгнараваць тыя тры словы Вулфа, якiя не павiнны былi брацца назад - а са свайго вопыту ён ведаў, як рызыкоўна iгнараваць гэтага чортавага Вулфа, - яны ўсё ж прадугледзелi дастатковыя меры, каб пазбегнуць непрыемных момантаў у вынiку перагляду справы аб смерцi Мiёна, i ў такiм выпадку размова з парай, якая знайшла труп, уяўляла сабой не менш апраўданы шлях падступiцца да справы, чым якi-небудзь iншы. Трэба заўважыць, што Крэймер папярхнуўся толькi адным - адмовай Вулфа паведамiць прозвiшча клiента.

Iдучы з Вулфам у сталовую, дзе нас чакаў абед, я заўважыў, звяртаючыся да яго шырокай спiны:

- У межах вялiкага Нью-Йорка налiчваецца ўжо восемсот дзевяць чалавек, якiя б хацелi вас атруцiць. Цяпер будзе восемсот адзiнаццаць. Вы не лiчыце, што рана цi позна яны даведаюцца?

- Вядома, даведаюцца, - згадзiўся ён, высоўваючы крэсла, каб сесцi за стол. - Але занадта позна.

Да канца дня i ўвечары, як нам было вядома, нiчога не здарылася.

Назаўтра ранiцай, у 10.40 я сядзеў за сваiм пiсьмовым сталом у канторы, калi зазванiў тэлефон. Я ўзяў слухаўку i адказаў:

- Кантора Нiра Вулфа, ля тэлефона Арчы Гудвiн.

- Я хачу пагаварыць з мiстэрам Вулфам.

- Яго не будзе да адзiнаццацi гадзiн. Чым магу дапамагчы?

- Гэта неадкладная справа. З вамi гаворыць Уэплер, Фрэдэрык Уэплер. Я ў тэлефоннай будцы каля аптэкi на Дзевятай авеню непадалёк ад Дваццатай вулiцы. Разам са мной мiсiс Мiён. Нас арыштавалi.

- Божа! - з жахам у голасе ўсклiкнуў я. - За што?

- Каб дапытаць нас у сувязi са смерцю Мiёна. У iх былi ордэры на затрыманне сведак, якiя могуць даць iстотныя паказаннi. Яны трымалi нас i вось толькi што адпусцiлi пад заклад. Я запрасiў адваката, каб уладкаваць справу наконт закладу, але не хачу, каб ён ведаў пра тое, што мы раiлiся з Вулфам, i цяпер яго няма з намi. Нам трэба сустрэцца з Вулфам.

- Ну, зразумела, - пагадзiўся я з запалам. - Гэта абуральна! Зараз жа прыходзьце да нас. Пакуль вы прыедзеце, ён ужо вернецца з аранжарэй. Хапайце таксi.

- Мы не можам. Iменна таму я i званю. За намi па пятах iдуць два сышчыкi, а нам не хацелася б, каб яны даведалiся пра сустрэчу з Вулфам. Як нам ад iх адвязацца?

Каб не марнаваць часу i сiлы, варта было б параiць яму iсцi i не звяртаць увагi на хвасты, прышпiленыя афiцыяльнай палiцыяй, але я падумаў, што мне лепш працягваць пачатую гульню.

- Крый Бог, - сказаў я з агiдай у голасе. - Гэтыя лягавыя дзейнiчаюць мне на нервы. Паслухайце. Вы чуеце мяне?

- Так.

- Iдзiце да "Федэр пэйпер компанi", нумар 535 на Семнаццатай вулiцы на захад ад Пятай авеню. У канторы спытайцеся мiстэра Сола Федэра. Скажыце, што ваша прозвiшча Мантгомеры. Ён праводзiць вас па калiдоры, што выходзiць на Васемнаццатую вулiцу. Там каля тратуара або ў другiм радзе будзе стаяць таксi з насоўкай на дзвярной ручцы. У машыне буду я. Не марнуючы часу, хуценька залазьце ўсярэдзiну. Зразумела?

- Думаю, што так. Было б добра, каб вы паўтарылi адрас.

Я паўтарыў i параiў iм пачакаць хвiлiн дзесяць, перш чым пайсцi па ўказаным адрасе, каб я меў час дабрацца туды. Потым патэлефанаваў Солу Федэру, каб даць адпаведныя ўказаннi, знайшоў Вулфа па ўнутраным тэлефоне, каб паведамiць аб тым, што адбываецца, i памчаўся да месца сустрэчы.

Мне трэба было папрасiць Уэплера пачакаць пятнаццаць - дваццаць хвiлiн, а не дзесяць, бо я ледзь-ледзь паспеў да месца сустрэчы на Васемнаццатай вулiцы. Маё таксi толькi што спынiлася, i я высоўваў руку з машыны, каб прывязаць насоўку - калi яны выйшлi на тратуар. Я на ўсю шырыню адчынiў дзверцы, i Фрэд лiтаральна ўкiнуў Пегi ў машыну, а сам нырнуў услед.

- Вадзiцель, - сказаў я суровым тонам, - вы ведаеце, куды ехаць, - i мы рушылi наперад.

Калi мы завярнулi на Дзесятую авеню, я спытаў, цi снедалi яны, i атрымаў сцвярджальны, але пазбаўлены ўсякага энтузiязму адказ. Трэба сказаць, што i самi яны выглядалi не надта бадзёра. Тонкi зялёны жакет Пегi, надзеты паверх карычневай сукенкi, пакамячыўся i быў не вельмi чысты, недагледжаным выглядаў i твар. Валасы Фрэда, здавалася, з месяц не прычэсвалiся, а яго трапiчнага крою карычневы касцюм можна было назваць па-рознаму, толькi не ахайным. Яны сядзелi, пабраўшыся за рукi, i амаль штохвiлiны Фрэд паварочваўся назад i зазiраў у задняе акно.

- Мы адарвалiся, не хвалюйцеся, - запэўнiў я яго. - Я прыберагаў Сола Федэра спецыяльна для такiх надзвычайных выпадкаў.

Паездка доўжылася ўсяго пяць хвiлiн. Калi я правёў iх у кабiнет, Вулф быў ужо там i сядзеў за сталом у сваiм вялiкiм, зробленым на замову крэсле. Ён устаў, каб павiтацца з увайшоўшымi, запрасiў iх сесцi, спытаў, цi добра яны паснедалi, i сказаў, што вестка аб арышце непрыемна ўразiла яго.

- Тут ёсць адна акалiчнасць, - выпалiў, не паспеўшы сесцi, Фрэд. - Мы прыйшлi да вас на сустрэчу, каб канфiдэнцыяльна параiцца, а праз сорак восем гадзiн нас арыштоўваюць. Гэта што, чыстае супадзенне?

Вулф нарэшце зноў зручна ўладкаваўся ў крэсле.

- Гэта нiяк нам не дапаможа, мiстэр Уэплер, - сказаў ён без усякае крыўды. - Калi вы думаеце так, а не iнакш, дык вам лепей пайсцi куды-небудзь i астыць. Вы i мiсiс Мiён - мае клiенты. Намёк на тое, што я здольны дзейнiчаць супраць iнтарэсаў клiента, занадта дзiцячы, каб яго абмяркоўваць. Што хацела даведацца палiцыя?

Але Фрэда такi адказ не задаволiў.

- Вы не двудушны чалавек, - пагадзiўся ён. - Я гэта ведаю. Але як наконт Гудвiна? Ён таксама можа не быць двудушным чалавекам, але мог аказацца неасцярожным у размове з кiм-небудзь.

- Арчы, гэта так? - перавёў позiрк у мой бок Вулф.

- Не, сэр. Але я магу пачакаць з яго прабачэннямi. У iх была цяжкая ноч. Я зiрнуў на Фрэда. - Сядайце i супакойцеся. Калi б у мяне быў доўгi язык, я б i тыдня не пратрымаўся на гэтай рабоце.

- Вельмi смешна, - не супакойваўся Фрэд. Ён сеў. - Мiсiс Мiён згодна са мной. Праўда, Пегi?

Пегi, якая сядзела ў чырвоным скураным крэсле, глянула ў яго бок, потым перавяла позiрк на Вулфа.

- Думаю, што я была згодна, - прызналася яна. - Так, я была згодна. Але цяпер, калi я тут, бачу вас, - яна абвяла рукою прысутных. - Ат, забудзем пра гэта! Нам няма болей да каго iсцi. Безумоўна, мы ведаем адвакатаў, але мы не хацелi б расказваць адвакату пра тое, што нам вядома - пра рэвальвер. Вам мы гэта ўжо расказалi. Але цяпер палiцыя пачала нешта падазраваць. Мы на волi, але адпусцiлi нас пад заклад, i вы павiнны нешта зрабiць!

- Што вы даведалiся ў панядзелак вечарам? - спытаў Фрэд. - Вы ўхiлiлiся ад пытання, калi я патэлефанаваў вам учора. Што яны сказалi?

- Паведамiлi факты, - адказаў Вулф. - Як вы чулi па тэлефоне, я дабiўся пэўных вынiкаў. У мяне няма больш нiчога дадаць - цяпер. Але я хачу ведаць, я мушу ведаць, якога кiрунку пачала трымацца палiцыя? Цi ведаюць яны, што вы расказалi мне пра рэвальвер?

Фрэд i Пегi адмоўна пакруцiлi галовамi.

- Тады ў мяне ёсць дастаткова падстаў, каб прапанаваць вам адмовiцца ад намёку на тое, што мы з мiстэрам Гудвiнам здрадзiлi вам. Пра што яны ў вас пыталiся?

Для адказу на гэтае пытанне спатрэбiлася добрае паўгадзiны. Палiцэйскiя не выпусцiлi нiводнай дэталi агульнай карцiны, бо яна была iм вядома, i, выконваючы ўказанне Крэймера быць асаблiва ўважлiвымi, не абмiнулi нiводнай дробязi. Яны зусiм не абмяжоўвалiся ў сваiх пытаннях толькi днём смерцi Мiёна i асаблiва цiкавiлiся пачуццямi i дзеяннямi Пегi i Фрэда на працягу некалькiх месяцаў перад здарэннем i пасля яго.