Жылiстая рука шэфа пацiснула руку Мэгрэ, i ён апынуўся за абабiтымi дзвярыма. Усё яшчэ разгублены i прыгнечаны, ён машынальна падаўся да свайго стала, i раптам яго позiрк спынiўся на адной з постацей на лаве па той бок бар'ера.
Там сядзеў флейтыст Жустэн. У чорным, але на гэты раз ужо не ў вячэрнiм, фраку i без плашча, ён пакорлiва чакаў сваёй чаргi, прымасцiўшыся памiж нейкiм бадзягам i таўстухай у зялёнай шалi, якая кармiла грудзьмi немаўля.
Музыкант глянуў на Мэгрэ, нiбыта пытаючыся дазволу падысцi да бар'ера. Мэгрэ прывiтальна кiўнуў яму, сабраў паперы i перадаў справы аднаму з калег.
- Iду ў водпуск!
- У водпуск?! У красавiку, ды яшчэ калi ў нас на шыi яго вялiкасць?!
- Уявi сабе, водпуск!
Тады другi саслужывец, ведаючы, шго Мэгрэ нядаўна ажанiўся, запытаў:
- Што, дзiця?
- Не.
- Захварэў?
- Не.
Гэта ўжо збiвала з тропу, i саслужывец недаўменна пакруцiў галавой:
- Ну што ж. Справа твая. Прыемнага адпачынку! Шанцуе ж людзям!
Мэгрэ ўзяў свой кацялок, надзеў манжэты - ён скiдаў iх, прыходзячы на работу, - выйшаў за барь'ер, якi аддзяляў службоўцаў ад наведвальнiкаў. Жустэн Мiнар таксама падняўся i вельмi натуральна моўчкi рушыў следам.
Цi не задала яму чосу зласлiвая жонка, пра якую расказваў Бесан? Як бы там нi было, н быў тут. Светлавалосы, шчуплы, з румянымi скуламi i блакiтнымi вачыма, ён не адставаў ад Мэгрэ, як прыблудны цюцька ад выпадковага прахожага.
Вулiцы былi залiты сонцам, над вокнамi развявалiся сцягi. Здавалася, аж паветра трымцiць ад наярвання труб i пошчаку барабанаў. Людзi iшлi саяточна прыўзнятыя i вясёлыя, i ад таго, што то тут, то там на вочы траплялiся ваенныя, мiжволi i цывiльныя падцягвалiся i распраўлялi плечы.
Калi Мiнар нарэшце асмелiўся параўняцца з Мэгрэ, ён спагадлiва запытаў:
- Вас звольнiлi?
Ён, мабыць, лiчыў, што палiцэйскага чыноўнiка звольнiць гэтак жа проста, як флейтыста з аркестра, i яму было невыносна ад думкi, што гэта здарылася па яго вiне.
- Не звольнiлi. Мне далi водпуск.
- Вось як!
Гэта "вось як!" вырвалася вельмi ўзрушана. У iм гучала занепакоенасць i прытоены папрок.
- Яны палiчылi за лепшае часова адхiлiць вас ад спраў, так? Выходзiць, яны намераны ўсё замяць? А як жа мая скарга?
Голас яго загучаў сушэй.
- Прынамсi, хоць маю скаргу яны не пакладуць пад сукно? Хачу адразу ж папярэдзiць вас, што гэтага я не дапушчу.
- Скарга разбiраецца ва ўстаноўленым парадку.
- Выдатна! Тым болей што ў мяне ёсць для вас сякiя-такiя навiны. Ва ўсякiм разе, адна...
Яны ўжо дайшлi да правiнцыяльна-цiхай плошчы Сэн-Жорж з невялiчкiм "бiстро", дзе вечна пахла белым вiном. Мэгрэ прывычна штурхнуў уваходныя дзверы. У гэтыя гадзiны пасля полудня ў паветры i сапраўды, здавалася, веяла адпачынкам. Цынкавая стойка была надраена да бляску, а налiтае ў чаркi вiно аж прамянiлася зеленаватымi водблiскамi, наганяючы смагу.
- Вы сказалi, што бачылi ў доме Жандро дзвюх пакаёвак. Я правiльна зразумеў вас?
- Жэрмену i Мары, - без запiнкi пацвердзiў Мэгрэ. - Не лiчачы мадам Луi, кухаркi.
- Дык вось: пакаёўка была толькi адна!
Вочы музыканта свяцiлiся дзiцячай радасцю, i сам ён, як нiколi, нагадваў цяпер вернага сабачку, якi прынёс палачку свайму гаспадару.
- Я размаўляў з малочнiцай, якая носiць малако ў асабняк Жандро. Яе крамка на вулiцы Фантэн, на рагу, якраз побач з тытунёвай крамкай.
Мэгрэ, трошкi збянтэжаны, са здзiўленнем глядзеў на флейтыста i ўсё не мог пазбавiцца ад чуткi пра лупцоўкi, якiя ўсчыняла яму яго Кармэн.
- Старэйшая пакаёўка, Жэрмена, ад суботы ва Ўазе, у сваёй цяжарнай сястры... Дык вось, днём я звычайна вольны, вы разумееце?..
- А як ваша жонка?
- Гэта не мае значэння, - прамовiў ён даволi абыякава. - Я падумаў, што калi вы маеце намер прадаўжаць следства, то, можа, i я змагу быць вам карысны. Сам не ведаю, але людзi ўвогуле даволi прыязна адносяцца да мяне.
"Толькi не Кармэн!" - падумаў Мэгрэ.
- Чакайце. Сёння частую я. Так, так! I не пярэчце! Калi сам я п'ю толькi лiманад, гэта яшчэ не азначае, што я не магу пачаставаць вас чаркай вiна. А што да водпуска, то вы, спадзяюся, проста пажартавалi?
Калi Мэгрэ i прамаўчаў, то няўжо ён гэтым выдаў службовую тайну?!
- Калi гэта быў не жарт, то вы мяне проста расчаравалi б, слова гонару! Я не ведаю гаспадароў гэтага асабняка. I асабiста да iх я нiчога не маю, хоць iхнi Луi i выглядае сапраўдным бандытам з вялiкай дарогi i яны нахлусiлi вам.
Маленькая дзяўчынка ў чырвонай сукенцы прадавала зусiм свежую мiмозу, прывезеную з Нiццы, i Мэгрэ купiў некалькi галiнак для жонкi, якая ведала Лазурны бераг толькi па каляровых паштоўках з вiдам залiва Анёлаў.
- Вы толькi скажыце, што я павiнен рабiць. I, калi ласка, не бойцеся, што я стану назаляць вам! Я прывык маўчаць!
Флейтыст умольна глядзеў на Мэгрэ. Яму так карцела прапанаваць сакратару яшчэ чарачку, - а можа, i ўдасца ўгаварыць яго! - але ён не пасмеў.
- У сходных дамах хапае ўсялякай дрэнi. Але ж ад людзей нiчога не ўтоiш. Прыслуга, звычайна, любiць памянташыць языком, дый пастаўшчыкi шмат што ведаюць.
Машынальна, не ўсведамляючы, што ён, па сутнасцi, змацоўвае свой саюз з флейтыстам, Мэгрэ прамармытаў:
- Аказваецца, мадэмуазель Жандро не ў Ансевалi, як сцвярджаў яе брат.
- А дзе ж яна?
- Раз пакаёўка Жэрмена паехала ў вёску, то, вiдавочна, замест яе мне паказалi ў пакоi Жэрмены напаўраздзетую Элiз Жандро.
Гэтая новая акалiчнасць прыводзiла Мэгрэ ў замяшанне. Яго юнацтва прайшло пад дахам замка, упраўляючым якога быў ягоны бацька. У iм мiжволi ўкаранiлася павага да слынных, да багатых. Самае цiкавае, што i флейтыст падзяляў яго няёмкасць, даволi доўга маўчаў, апусцiўшы вочы ў шклянку з лiманадам.
- Вы думаеце? - нарэшце, усхваляваны, запытаўся ён.
- Ва ўсякiм выпадку, у пакоi служанкi была нейкая таўстушка, ад якой пахла вiном.
I гэта таксама было няёмка прыгадваць, як быццам ад заможных спадкаемнiц, чые прозвiшчы вялiкiмi лiтарамi красуюцца на сценах метро, не можа патыхаць вiном, як ад вясковых дзевак.
Абодва, Мэгрэ i Жустэн, замоўклi i, седзячы са сваiмi чаркамi, удыхаючы водар мiмозы, белага вiна i сiтро, адчуваючы патылiцамi ласкавае цяпло сонечных промняў, задумалiся кожны пра сваё. I Мэгрэ ажно ўздрыгнуў, калi голас яго таварыша вярнуў яго да рэчаiснасцi:
- Дык што ж будзем рабiць?
Раздзел III
ПАЧОСТКА ТАТУЛI ПАМЭЛЯ
"Iнспектарам рэкамендуецца мець фрак, смокiнг i пiнжак, без чаго доступ у пэўныя свецкiя колы будзе ўскладнёны".
Нiводная з iнструкцый яшчэ не выветрылася з памяцi Мэгрэ. Але гэтыя iнструкцыi былi складзены, вiдаць, вялiкiм аптымiстам. Ва ўсякiм разе, слова "пэўныя" варта было акрэслiць болей дакладна.
Напярэдаднi вечарам Мэгрэ прымерваў свой фрак з намерам заўтра ж пранiкнуць у тое асяроддзе, дзе бывалi Жандро: хоць бы ў клуб Гоша, да прыкладу, альбо ў клуб Гаўсмана, але хапiла i аднюсенькай заўвагi жонкi, каб вярнуць яму здольнасць зноў разважаць цвяроза.
- Ну i прыгажунчык ты, Жуль! - усклiкнула яна, гледзячы, як ён любуецца сабой у люстры.
Яна i не думала кпiць з яго. Наадварот, жонка, несумненна, была зусiм шчырая. Аднак у тым, як яна вымавiла гэтыя словы, ва ўсмешцы яе было нешта такое, што насцярожыла яго i дазволiла недвухсэнсоўна зразумець, што яму не варта i спрабаваць выдаваць сябе за юнага ветрагона.
На плошчы Бастылii iгралi вячэрнюю зару. Мэгрэ стаяў ля расчыненага акна ўзбоч жонкi, спакойна перагаворваўся з ёю, але чым болей ядранела, тым меней упэўненасцi заставалася ў iм.
- Разумееш, калi мне ўдасца давесцi справу да канца, то я амаль напэўна траплю на Набярэжную Арфеўр. А калi ўжо траплю туды...
Пра што большае ён мог яшчэ марыць? Трапiць у Вышукную палiцыю, ды яшчэ ў славутую апергрупу шэфа, як тады называлася група па расследаванню забойства!..