- У графа!

- Якога графа?

- Вы ўсё яшчэ нiчога не цямiце? У графа д'Ансеваля!

- Сапраўды! Ёсць жа яшчэ адзiн граф д'Ансеваль!

- Унук таго, што прадаў замак старому Бальтазару. Мадэмуазель сама няведама дзе адкапала яго.

- Ён багаты?

- Ён? Ды ў яго нi капейчыны за душой!

- I ён бывае ў доме?

- Ён... Я хачу сказаць...

- Вас цiкавiць, цi ён спiць з ёю? Не думаю, што ён прагне гэтага. Цяпер вы разумееце? У iх ва ўсiх шарыкаў не хапае. Грызуцца як сабакi. Адзiн месье Юберт у баку ад усяго, а гэтыя двое, брат i сястра, вылузваюцца са скуры, каб уцягнуць i яго ў сваю калатню, заручыцца яго падтрымкай.

- Вы гаворыце пра Юберта Бальтазара, сына старога? Колькi яму год?

- Ды гадоў з пяцьдзесят. А мо трошкi больш? Ён такi далiкатны, так добра выхаваны. Як толькi прыйдзе да нас, дык заўсёды трошкi пагаворыць i са мной. Паслухайце! Цяпер ужо позна, цягнiкоў на Канфлан няма, а дзе ж я пераначую! У вас знойдзецца для мяне ложак?

Яе позiрк быў настолькi красамоўна правакацыйны, што Мэгрэ аж папярхнуўся i мiжволi глянуў на кухонныя дзверы.

- На жаль, у нас няма пакоя для гасцей. Мы зусiм нядаўна ўладкавалiся тут.

- Вы нядаўна пажанiлiся?

I гэтыя словы ў яе вуснах мелi амаль непрыстойны сэнс.

- Я ўладкую вас у гатэль.

- Вы ўжо будзеце ўкладвацца спаць?

- У мяне яшчэ сустрэча ў горадзе.

- Гэта праўда, што шпегам не часта даводзiцца начаваць ва ўласнай пасцелi? Пацеха, вы зусiм непадобны на палiцэйскага. Я ведала аднаго такога - ён быў сержантам, такое боўдзiла, высачэзны, смуглы-смуглы, Леанардам звалi.

Але Мэгрэ не цiкавiў Леанард.

- Я вам яшчэ буду патрэбна? А можа, мне вярнуцца да iх, нiбыта нiчога не здарылася? Тады я змагу кожны вечар расказваць вам, што там адбылося за дзень.

З кухнi данёсся грукат каструль, але зусiм не пагэтаму Мэгрэ адхiлiў зробленую яму прапанову. Жэрмена прыводзiла яго лiтаральна ў жах.

- Мы ўбачымся з вамi заўтра, - сказаў ён. - Хадзем, калi ласка...

Перш чым надзець свой капялюшык i палiто, яна зноў паправiла валасы перад люстэркам i схапiла пляшку з налiўкай.

- Можна? Я столькi гаварыла, столькi перадумала! А вы не вып'еце?

Не мела сэнсу расказваць ёй пра тое, колькi чарак кальвадосу, па сваёй ахвоце цi пад прымусам, выпiў ён за гэты дзень.

- Я магу вам цэлую процьму ўсяго нарасказваць. Ёсць людзi, якiя пiшуць раманы, а не перажылi i чвэрцi таго, што перажыла я. Калi б я ўзялася пiсаць...

Мэгрэ зайшоў на кухню, пацалаваў жонку ў лоб. Яна весела глянула на яго, i ў яе вачах прамiльгнуў гарэзны агеньчык.

- Я, магчыма, вярнуся позна.

- Не спяшайся, Жуль! - з вясёлай падколiнкай адказала мадам Мэгрэ.

Гатэль знаходзiўся ўсяго цераз некалькi дамоў, непадалёк ад бульвара Вальтэра. На вулiцы Жэрмена рашуча ўзяла свайго спадарожнiка пад руку.

- У мяне высокiя абцасы...

Чорт пабяры! Звычайна ж яна хадзiла ў драўляных башмаках!

- У вас вельмi мiлая жонка, скажу я вам. I гаспадыня яна цудоўная.

Мэгрэ не адважыўся даць ёй грошы, каб яна сама заплацiла за нумар. Ён сам зайшоў у адмiнiстратарскую i пачырванеў ад пытання адмiнiстратара:

- Пакой на ноч цi часова?

- На ноч. Толькi для мадэмуазель...

Пакуль адмiнiстратар выбiраў на стэндзе ключы, Жэрмена зусiм павiсла на руцэ Мэгрэ, цяпер ужо i не просячы прабачэння.

- Васемнаццаты нумар, трэцi паверх, налева. Хвiлiначку, зараз дам бялiзну.

Мэгрэ не любiў успамiнаць, як ён развiтаўся з ёю. Лесвiца была ўслана чырвонай дывановай дарожкай. Жэрмена ў адной руцэ трымала прасцiны, у другой ключ, прычэплены да меднай бляшкi. Адмiнiстратар зноў уткнуўся ў газету.

- У вас сапраўды няма да мяне больш пытанняў?

Яна стаяла на першай прыступцы. Круглыя вочы яе не адрывалiся ад Мэгрэ. Чаму яму прыгадаўся багамол, якi пасля спарвання пажырае свайго партнёра?...

- Не... На сёння ўсё... - прамармытаў ён.

- Ах, праўда ж, я i забылася, што ў вас спатканне. - Яе сакавiтыя вусны склалiся ў iранiчную ўсмешку. - Тады да заўтра?

- Да заўтра.

Што ж, гэтага i трэба было чакаць. Выйшаўшы з гатэля, Мэгрэ кiнуўся ў метро. Шчоўкнулi аўтаматычныя дзверы, i ён доўга ехаў у цьмяным святле падземкi, машынальна назiраючы за познiмi пасажырамi, па тварах якiх прабягалi мудрагелiстыя ценi.

Ён доўга блукаў па бязлюдных, ледзь асветленых вулiцах, пакуль не апынуўся ля парка Лявiйет i не адшукаў нарэшце вялiкую стадолу, забiтую парожнiмi, з узнятымi ўгору, аглоблямi. У глыбiнi двара патыхала цеплынёй стайняў.

- Карнi? Не, ён яшчэ не вярнуўся. Чакайце, калi хочаце.

Толькi а палове першай ночы з'явiўся п'янюткi рамiзнiк. Асавелым позiркам ён утаропiўся ў Мэгрэ:

- Дама з вулiцы Шапталь? Чакайце, чакайце! Яна дала мне цэлы франк гасцiнца. А высокi брунет...

- Якi высокi брунет?

- Той, што спынiў мяне на вулiцы Бланш, чорт пабяры, i загадаў мне пад'ехаць на вулiцу Шапталь i пачакаць ля дома нумар... нумар... Смехатура, я нiколi не запамiнаю лiчбы... Пры маёй рабоце гэта, прама скажам...

- Вы адвезлi яе на вакзал?

- На вакзал? На якi вакзал?

Рамiзнiк пахiстваўся. Доўгiм цырком ён сплюнуў проста перад сабой жвачку ад жавальнага тытуню, ледзь не пацэлiўшы на штаны Мэгрэ.

- Па-першае, загадана было не на вакзал... Па-другое... па-другое...

Мэгрэ ўсунуў яму ў руку франк.

- Яна ў гатэлi насупраць Цюiльры, на невялiчкай плошчы... Чакайце... Як жа называецца тая дамавiна?.. Я вечна блытаю гэтыя дамавiны... Во "Атэль дзю Луўр"! Но, малота! - таргануў рамiзнiк свайго каня.

Метро ўжо не працавала, трамваi i аўтобусы не хадзiлi, i Мэгрэ мусiў тупаць пешкi па бясконца доўгай вулiцы Фландр, перш чым дабраўся да ажыўленых плошчаў цэнтра.

Рэстарацыя "Клiшы" была, канешне, даўно зачыненая, i Жустэн Мiнар вярнуўся ў сваё жытло на вулiцы Ангiен, дзе яго напэўна чакаў чарговы сямейны скандал.

Раздзел V

ПЕРШЫЯ СЛАВАЛЮБНЫЯ ДУМКI МЭГРЭ

Мэгрэ галiўся перад люстэркам, прымацаваным у сталовай да зашчапкi аконнай рамы. У яго было прывычкай кожную ранiцу хадзiць услед за жонкай, завяршаючы свой туалет дзе прыйдзецца, - i для iх абаiх гэта былi самыя светлыя хвiлiны дня. Мадам Мэгрэ валодала каштоўнай якасцю - як на золку, так i ўвечары яна была аднолькава акуратная, аднолькава жыццярадасная. Яны расчынялi вокны, з асалодай дыхалi свежым паветрам. Да iх даносiўся грукат кувалды з размешчанай непадалёку кузнi, тарахценне вазоў, iржанне коней i нават ледзь улоўны пах свежага гною з суседняй стайнi.

- Ты думаеш, яна сапраўды ненармальная?

- Калi б яна засталася ў сваiм сяле, выйшла замуж i нарадзiла дзесяцера дзяцей - нiхто гэтага, магчыма, i не заўважыў бы. Можа, проста дзецi былi б не ад аднаго бацькi, толькi i ўсяго.

- Зiрнi, зiрнi, Мэгрэ! Часам цi не твой гэта прыяцель топчацца ў нас пад вокнамi?

Мэгрэ з намыленай шчакой высунуўся ў акно i пазнаў Жустэна Мiнара, якi цярплiва чакаў яго на вулiцы.

- Ты не хочаш запрасiць яго да нас?

- Навошта? Я праз пяць хвiлiн буду гатовы. А ты не збiраешся пагуляць сёння?

Мэгрэ рэдка пытаўся ў жонкi, чым яна будзе займацца цэлы дзень, i яна адразу здагадалася, што ён мае на ўвазе.

- Ты хочаш, каб я папiльнавала паненку?

- Магчыма, мне сапраўды прыйдзецца прасiць цябе зрабiць гэта. Калi я прамаргаю яе ў Парыжы, а ёй, сама бачыш, проста няўцерп памалоць языком, дык адзiн бог ведае, што яна каму набалбоча.

- Ты зараз да яе?

- Неадкладна.

- Яна будзе яшчэ ў пасцелi.

- Магчыма.

- Магу прысягнуць, ты апынешся ў пiкантным становiшчы.

Як толькi Мэгрэ выйшаў з пад'езда, да яго падышоў Мiнар, пакрочыў побач i запытаў:

- Што робiм сёння, шэф?

Шмат гадоў пазней Мэгрэ прыпомнiць, што менавiта той нядэшлы флейтыст быў першы, хто назваў яго шэфам.

- Вы бачылi яе? Даведалiся што-небудзь? Я амаль не спаў. Толькi сабраўся легчы, як адно пытанне збiла ўвесь мой сон.