Сименон Жорж
Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
Жорж Сiмэнон
Чалавек на лаўцы
Пераклад: Алесь Асташонак
1. ЖОЎТЫЯ ЧАРАВIКI
Забойства здарылася ў панядзелак, 19 кастрычнiка - у швагеркi камiсара Мэгрэ быў якраз дзень нараджэння. Дзiўна, але на набярэжнай Арфэўр даўно заўважылi, што ў панядзелак забойстваў бывае меней, чым у астатнiя днi.
Гэта была першая восеньская справа, расследуючы якую Мэгрэ адчуў наблiжэнне зiмы.
Усю нядзелю лiў дождж, халодны i дробны. Дахi i асфальт заблiшчалi, а потым узняўся жаўтаваты туман, якi, здавалася, украдаўся ў жытло праз аконныя шчылiны.
Стала так холадна, што ў панядзелак ранiцай панi Мэгрэ сказала:
- Трэба закласцi шчылiны лямцам.
Камiсар гадоў ужо пяць сама меней абяцаў жонцы кожную восень зрабiць гэта "ў наступную нядзелю".
Калi ён выйшаў з дому, першы раз надзеўшы гэтай восенню прапахлае нафталiнам палiто - прапанавала жонка, - была ўжо палова дзевятай, але на вулiцы было так змрочна, што ў кватэры яшчэ гарэла святло.
Удзень дождж скончыўся, аднак асфальт не прасыхаў i рабiўся ўсё больш брудны. А гадзiны ў чатыры Парыж зноў ахутаў той самы жаўтаваты туман, у якiм расплывалася святло лiхтароў i вiтрын.
Калi зазванiў тэлефон, у бюро не было нi Люка, нi Жанв'е, нi нават маленькага Лапуэнта. Адказаў Сантонi, карсiканец, новы чалавек у брыгадзе - да гэтага ён працаваў у аддзеле азартных гульняў, потым - у аддзеле нораваў.
- Шэф, вас турбуе iнспектар Нэвэ, з трэцяга раёна, - далажыў Сантонi камiсару. - Хоча пагаварыць асабiста з вамi. Здаецца, справа тэрмiновая.
Мэгрэ ўзяў слухаўку:
- Слухаю, даражэнькi.
- Званю з бiстро на бульвары Сэн-Мартэн. Толькi што знайшлi аднаго тыпа. Зарэзаны.
- На самым бульвары?
- Не, не зусiм. У адным тупiчку.
Нэвэ, якi ўжо даўно працаваў у палiцыi, ведаў, пра што адразу ж падумае Мэгрэ. Такое забойства, асаблiва ў густанаселеных кварталах, - справа следчаму мала калi цiкавая. Найчасцей гэта вынiк п'яных сварак альбо звядзеяне рахункаў сярод шпаны, гiшпанцаў, арабаў. Таму iнспектар таропка дадаў:
- Справа здаецца мне няпростай. Лепей бы вы прыехалi. Гэта памiж вялiкай ювелiрнай крамай i крамкаю штучных кветак.
- Добра. Еду.
Камiсар упершыню паехаў з Сантонi i цяпер нiяк не мог дачакацца, калi ж яны прыедуць на месца - так моцна наадэкалонiўся iнспектар. Каб здацца вышэйшым, нiзкарослы карсiканец насiў чаравiкi на высокiх абцасах, валасы ў яго былi напамаджаныя, на безыменным пальцы жаўцеў буйны брыльянт, напэўна, фальшывы.
На бульвары Сэн-Мартэн стаяў натоўп чалавек трыццаць. Iх стрымлiвалi палiцэйскiя ў накiдках. Нэвэ, якi чакаў камiсара, адчынiў дзверцы машыны.
- Я папрасiў доктара пачакаць вас, - сказаў ён.
Быў той час, калi гэтая частка Вялiкiх бульвараў робiцца найбольш шматлюднай. Вялiкi святлiсты гадзiннiк над ювелiрнай крамай паказваў дваццаць хвiлiн на шостую. Але ў краме штучных кветак, якая выходзiла на вулiцу толькi адной вiтрынаю, было ўжо цёмна. Шкло вiтрыны было такое бруднае, што, здавалася, у краму нiхто нiколi i не заглядваў.
Памiж крамай i крамкаю - вузкi тупiчок, дакладней, неасветлены, якiх багата ў гэтым квартале, праход ва ўнутраны двор.
Нэвэ працiснуўся наперад, вызваляючы дарогу камiсару. Метры за тры-чатыры ад пачатку праходу iх чакалi ў цемрадзi нейкiя людзi. У двух былi лiхтарыкi, але твары можна было разгледзець толькi зблiзу.
Тут было яшчэ халадней, чым на бульвары - дзьмуў скразны вецер. Памiж ног круцiўся, колькi яго нi адштурхоўвалi, нейкi сабака.
На зямлi, ля сырой сцяны, ляжаў чалавек. Адна ягоная рука была закiнута за спiну, а другая, выцягнутая ва ўсю даўжыню, загароджвала амаль увесь праход.
- Мёртвы?
Доктар кiўнуў:
- Смерць, вiдаць, наступiла iмгненна.
Усё роўна як пацвярджаючы гэтыя словы, святло лiхтара прапаўзло па целе забiтага i спынiлася на нажы, усаджаным у спiну. Другi лiхтар асвяцiў паварот твару, адкрытае вока, шчаку, разадраную аб камянi пры падзеннi.
- Хто яго знайшоў?
Адзiн з палiцэйскiх, якi толькi гэтага i чакаў, выступiў наперад.
- Я рабiў абход. Я звычайна зазiраю ва ўсе закуткi, бо ў iх усё i здараецца. I тут убачыў яго. Спярша я падумаў, што ён п'яны.
- Ён быў ужо мёртвы?
- Напэўна. Але цела было яшчэ цёплае.
- Якi гэта быў час?
- Без чвэрцi пяць. Я засвiстаў паставому i пабег званiць у аддзяленне.
- Слухаўку падняў я, - уступiў у размову Жэнэ. - I адразу ж прыбыў на месца. Загадаў выклiкаць доктара. Палiцэйскае аддзяленне было паблiзу.
- Нiхто нiчога не чуў?
- Не ведаю.
Непадалёк вiднелiся невялiкiя дзверы, над якiмi гарэла слабенькая лямпачка.
- Што гэта?
- Дзверы ў кантору ювелiрнай крамы. Iмi рэдка карыстаюцца.
З'явiлiся эксперты, якiх Мэгрэ выклiкаў, выязджаючы з набярэжнай Арфэўр.
- А што там, у канцы двара? - спытаўся Мэгрэ.
- Нiчога. Сцяна. Ёсць дзверы ў дом па вулiцы Мэле, але яны даўно закалочаныя.
Было вiдавочна: чалавека забiлi ўдарам нажа ў спiну, як толькi ён зайшоў у глыб тупiчка. Нехта, праслiзнуўшы ўслед за iм, цiха зрабiў сваю справу.
- Я праверыў кiшэнi i выняў кашалёк.
Нэвэ працягнуў яго Мэгрэ. Адзiн з экспертаў пасвяцiў лiхтарыкам. Кашалёк як кашалёк, не новы, але i не надта заношаны, з добрай скуры. Усярэдзiне - тры паперкi па тысячы франкаў i некалькi па сто, пасведчанне, выдадзенае на iмя Луi Турэ, кладаўшчыка, жыхара Жувiзi (вулiца Таполяў, 37), картка выбаршчыка з тым самым iменем, шматок паперы, на якiм напiсаны алоўкам пяць-шэсць слоў, i старая фатаграфiя маленькай дзяўчынкi.
- Ну што, прыступiм? - спытаўся эксперт.
Мэгрэ кiўнуў. Зазiхацелi блiцы, зашчоўкалi фотаапараты. Эксперты рабiлi свае вымярэннi спакойна, не задавалi нiякiх пытанняў, адчувалася адно, што iм трохi нязручна працаваць у такiм вузкiм праходзе. Натоўп з боку бульвара павялiчваўся, i палiцэйскiя з цяжкасцю стрымлiвалi яго.
Эксперты асцярожна вынялi нож i паклалi яго ў скрыню. Перавярнулi цела на спiну. На твары ў забiтага, чалавека гадоў сарака - пяцiдзесяцi, застыла здзiўленне. Было ў гэтым здзiўленнi штосьцi дзiцячае. Чалавек, напэўна, так i не зразумеў, што з iм здарылася. Нехта, гледзячы на яго, узнервавана хiхiкнуў.
Апрануты ён быў прыстойна: чыстыя цёмны гарнiтур i бэжавае дэмiсезоннае палiто. Але вось на нагах былi жоўтыя чаравiкi, зусiм не па сезоне.
Каб не яны, то на вулiцы гэтага чалавека нiхто i не заўважыў бы, такi ён быў неадметны.
Аднак палiцэйскi, якi знайшоў яго, сказаў:
- Мне здаецца, я яго недзе бачыў...
- Дзе?
- Не памятаю. Але твар мне знаёмы. Ведаеце, часта сустракаеш адных i тых самых людзей, а твары неяк не запамiнаюцца.
Нэвэ пацвердзiў:
- Мне ён таксама некага нагадвае. Магчыма, працаваў тут непадалёк.
Але што магло спатрэбiцца нябозе ў гэтым тупiку?
Мэгрэ паглядзеў на Сантонi. Карсiканец доўга працаваў у палiцыi нораваў i мог запомнiць яго, як аднаго з маньякаў - шукальнiкаў адзiноты. Там iх ведаюць амаль усiх. Часам гэта значныя людзi. Зрэдку iх ловяць, але калi адпускаюць, яны зноў бяруцца за сваё.
Аднак Сантонi пакруцiў галавою.
- Нiколi не бачыў.
Тады Мэгрэ прыняў рашэнне:
- Працягвайце, панове. Калi завезяце яго ў Iнстытут, не распранайце да майго загаду. А мы, Сантонi, паедзем. Паглядзiм на яго сям'ю, калi такая ёсць.
Камiсар быў заiнтрыгаваны: забiты зусiм звычайны, нiчым не прыкметны чалавек...
- У Жувiзi! - загадаў Мэгрэ шафёру.
Яны спынiлiся на момант ля Iталiйскiх варотаў, каб выпiць па куфлi пiва. А калi ў Жувiзi, ля вакзала, пачалi распытваць пра вулiцу Таполяў, дык адказаў iм толькi пяты чалавек:
- Гэта вунь там, у недабудаваным раёне. Як даедзеце, дык глядзiце на шчыткi. Там кожная вулiца носiць назву якогасьцi дрэва, а так яны ўсе аднолькавыя.