Пастух прыгнаў у вёску на час сьпекi статак i мацi прыйшла з поля падаiць карову, зрыхтаваць для бацькi i сястры полудзень. Бацька ёй перадаў, каб я схадзiў па каня, запрог яго ў мажару i пазвозiў копы сена ў стадолу - будзе дождж. Я надта быў рады гэтай працы i да вечара зьвёз амаль усе копы з поля.

Падчас вячэры неспадзявана паказваецца ў дзьвярох Агапка. Вiтаецца яшчэ з парогу: "Добры вечар вам у хату, людзi добрыя. Не перашкоджу вам?" "Праходзьце. Праходзьце", - гаворыць бацька. Агапка, нi на кога ня гледзячы, толькi ўглядаючыся ў мяне, працягвае руку: "Ну дык прывiтаемся, Мiкола". Цалуе. У вачох сьлёзы. "Ты ведаеш, як я рада за цябе". Мацi запрашае Агапку за стол, i яна сядае побач мяне. I ўсё глядзiць - то ў вочы, то на мае рукi. Я адчуваю сябе не свабодна, але свайго неспакою не выдаю. Сяджу, уважлiва слухаю яе. I думаю - наколькi яна зьмянiлася! Прыстойная i нават прыгожая. "Я сказала вам, Лявонавiч, што Мiкола прыйдзе". "Дзякаваць Богу, Агафiя Дзямiдаўна", адказвае ёй бацька. Я быў зьдзiўлены, што бацька так вялiчае яе. "Вось i прыйшоў", - падагульняе Агапка. Цалуе мяне зноў. "Ну што-ж ты маўчыш, Мiкола? Нiчога не гаворыш. Скажы, як ты тут прышчапiўся пасьля Сiбiру? У партызаны яшчэ не пайшоў?" Сьмяецца. А потым сур'ёзна i заклапочана: "Чула, што ты адчыняў тут школку, ды разагналi нашыя таварышы з лесу. А я вось усё вучу дзяцей (ведаеш, я-ж - настаўнiца) у Вараноўцы i мяне не чапаюць. Заглянi калi-небудзь у мой куток. Будзеш вялiкiм гасьцём. А партызанаў ня бойся. Зашчышчу". I ўсьмiхнулася мне, паказаўшы белыя, як часнок, зубы. "Дый мае табе зашчыты ня трэба. Партызаны самi цяпер у вялiкай бядзе, баяцца. Адыйшлi адсюль. Зашылiся ў лясох. Чулi-ж можа (Агапка зiрнула на бацьку) - нямецкiя карнiкi разам з нашымi здраднiкамi прачэсваюць Бранскiя лясы, iдуць, кажуць, сюды, да нас, зьнiшчаюць усё на сваiм шляху, паляць ня толькi вёскi, а й людзей - нiкому няма пашчады: нi старому, нi малому. Дзяцей кiдаюць жыўцом у вагонь. У нашым, Касьцюковiцкiм раёне, спалiлi ўжо Дзяражню, Вiшанькi, Бароўку, Клеявiчы, Калодлiва. Гэта ўсё партызанскiя вёскi. Партызаны-ж паўцякалi. А людзi пагiблi. А ты, брат, сядзiш тут... Ды я гэта так. Рада, бясконца рада, што-ты вычапаўся. Я так перажывала за цябе. Насiла табе перадачу ў турму, ды ня прынялi. Пiсала во Лявонавiчу, паведамляла пра няшчасьце. Суцяшала. Падавала надзею, што прыйдзеш, не загiнеш. I вось ты прыйшоў. - Пасьля нейкай паўзы: - Я таксама прыйшла. Толькi не падумай - што з турмы. Пад Менскам настаўнiчала, i як пачалася вайна, прытупала да бацькоў, як i ты, у нашае Мокрае. Кiнула ўсё там... i - свайго мужа. Узялi-ж у армiю. Глядзiць на мяне: - Бачыш, я жанатая. Можа ўжо, крый ты Божа, i ўдава. А ты яшчэ не жанiўся?" Жартам адказваю i ёй: "Не знайшоў нявесты". Сястра кiнула на мяне насьмешлiвы пагляд i гэтым выдала мяне.

Бацька вылез з-за стала, пайшоў у сенцы i вярнуўся адтуль з паўлiтрам самагонкi. "Гэта, Агафiя Дзямiдаўна, у вашую чэсьць. Хочам вас угасьцiць за вашую дабрату i прыхiльнасьць да нас". Разьлiў паўлiтра па ўсiх, пастаўленых iм стаканах. Адмовiлася пiць толькi мацi, але i яна ў знак пашаны да госьцi, узьняла разам з усiмi сваю шклянку. Тост, прызначаны да яе, Агапка адрасавала мне. Падзякавала бацьком за шчыры прыём. Бацька - я дзiвiўся, наколькi зьмянiлiся ягоныя дачыненьнi да Агапкi - абыходзiўся з ёй гэтак, быццам яна была ягонай нявесткай, што прыехала з сынам пасьля доўгай адсутнасьцi. Бацька як-бы хацеў мне гэтым сказаць: "Глядзi, во якога чалавека шукай, а ня то што..." А я, выпiўшы, пачаў нэрвавацца, што пазьнюся i хацеў, каб гэта ўсё скончылася як найхутчэй. Баяўся я i таго, што могуць завiтаць да нас i iншыя госьцi. I што даты? А гутарцы ня было канца. Агапка была надта ажыўленай, ахвотна гаварыла з бацькамi, усё як-бы адкладвала гутарку са мною, асобную гутарку. Нарэшце, бяседзе прыходзiць канец. Агапка, разьвiтваючыся з бацькамi i сястрой, просiць мяне правесьцi яе. Яна бярэ мяне пад руку, шчыльна тулячыся. Часта спыняецца, i на кожным прыпынку цалуе. Даходзiм да ейнага двара. Запрашае ў хату, кажа, што бацька пэўна сьпiць. У хату я ня йду. Горача тулю яе да сябе, яна - меншая за мяне - уся пада мною - як не апусьцiцца долу...

Разьвiтваюся з ёй. Думаю - назаўсёды. Бягу нанiз. На рэчку. Дуся чакае мяне. Хвалюецца, што пазьнюся. Я люблю яе. Люблю ўсю: пругкiя, чульлiвыя даткнiся толькi - грудзi, гiбкую талiю, сарамлiвую цнатлiвасьць, анёльскае, лебядзiнае абыйманьне ейных рук, ахвочыя вусны, задуменна-радасны пагляд. Уськiне брывямi - пасланьне небу. Усьмiхнецца - зойдзецца радасьцяй сэрца.

Даходжу да Пiлiпавага агароду, што ўздымаецца над рэчкай невялiчкiм узлобкам. Бачу - на iм стаiць стажок сена. Учора яго яшчэ ня было. У Пiлiпа няма сенавалу, i сваё сена ён трымае ў стагох: у большым - на полi, у меншым на агародзе, ля хаты. Зьнiзу, ад рэчкi, стажок выдаецца мне стройным i высокiм. Месяц - калi гляджу на стажок - цэдзiць над iм сваё сьвятло, на самую макаўку, даймае, быццам падпальвае яе. Я iду на месяц. Бачу пад стогам зваленае сена, побач - парожнюю мажару. Мажара блiшчыць i меркне сваiмi зьежджанымi да бляску шынамi. Вось я ўжо каля стажку. Гляджу на Пiлiпава працоўнае месца - на граблi, уткнутыя цаўём у зямлю, на драўляныя вiлы, якiмi ён, мусiць, падаваў сена на стог, а Дуся, стоячы наверсе, падхоплiвала яго, укладвала, утаптвала. Хацеў-бы я паглядзець на яе, такую працаўнiцу! Я ведаю, яна любiць стаяць з граблямi высока на возе ў касынцы, усьмiхацца. Паглядзець на яе там, на возе, - любата! Спрытная, прыгожая, зайздросная. "Ага, папаўся. Напужала?" Тузае: "Я чакала цябе, схаваўшыся за стогам. Хацела падгледзець, адкуль ты йдзеш". Шаламлiвай, Дусi няма спыну: "У клець я цябе ня пушчу. Заначуем пад стогам, на сене. Глядзi, як тут прыгожа! Якое духмянае сена! Тут усе краскi, якiя толькi ёсьць на сьвеце. Панюхай! Засохлыя, яны пахнуць яшчэ мацней. Слухай, што я табе скажу. Я працавала сёньня разам з бацькам i мацi цэлы дзень. Зграбала сена. Стаяла на возе. Бацька падаваў на вiлах, а я брала ахапкамi, укладвала, утоптвала, каб не звальвалася з воза. Каб ты бачыў, якiя прыгожыя, стройныя вазы мы ўмеем з бацькам ладзiць. Ня верыш? Сьмяешся? Мы калi-небудзь з табой паедзем па сена - пакажу!" Узбуджаная, Дуся ня сьцiхае што з ёй такое, думаю. "Вазiлi сюды на агарод. Мяталi стог. Глядзi, якi выйшаў! Я доўга цябе тут чакала, а ты ўсё ня йшоў. Дзе быў? Я прыкмецiла цябе яшчэ здалёк - ноч сёньня такая ясная ад месяца. Думаю - схаваюся. Напужаю цябе. Цi-ж ты мог падумаць, што я тут стаю? Або пабачыць на нашым агародзе стог? Усё вырасла раптам - i стог, i я, i ты. Што ты глядзiш? Думаеш, здурнела дзеўка? Няпраўда, заначуем тут? У сене. Гэта-ж так цiкава i нова. Бачыш, я сёньня новая. I ты для мяне новы. Усё нова. Месяц - i той новы. Я прост захмялела ад яго. Галава кружыцца - упаду!"

...Мы ў сене. Дуся, як у забыцьцi, шэпча мне: "Юзiк..." Цалуе: "Юзiк... табе добра са мною, Юзiк? Ляжы. Я цябе не адпушчу, Юзiк".

Мы, як-бы ў глыбокiм сьне. Але толькi на адзiн момант. Зноў абуджаемся. Месяц, падняўшыся вышэй, проста сьвецiць на нас. Дуся накрывае мне сьпiну сенам: "Каб нас нiхто ня бачыў, Юзiк. Толькi месяц. Ён глядзiць, што мы робiм. Ты ня бачыш яго сваёю сьпiною. А я бачу ўсё неба. Яно сьхiляецца над намi. Пасыпае нас зоркамi. А Бог з неба кiвае на нас пальцам. Я трошкi баюся, Юзiк. Але - не. З табою я нiчога не баюся, Юзiк".

Дуся сьцiшылася. Заснула на маёй руцэ. А я не магу заснуць. Нi разу не варухнуўся, каб не пабудзiць яе. Мне прыемна адчуваць яе вобак.

Месяц ужо за стогам. Па другi бок. Збляк. З паўзмроку - бачу - праступае мажара: ранiца. Дуся пракiдваецца: "А ты спаў, Юзiк?" "Спаў". Цалую яе. Пешчу. А яна: "Ты ўжо будзеш цяпер маiм Юзiкам... Я перахрысцiла цябе на Юзiка".

Мне падабаецца ейнае "Юзiк". Гэта яна вымавiла ў забыцьцi, у стане нейкай асаблiвай пяшчоты i любасьцi. "Юзiк" у яе атрымалася як нешта падзiцячаму лагоднае i далiкатнае. Гэта нагадвала мне Дусю ейных "гусiных" часоў.

Нам час разьвiтацца, пакiдаць сваю духмяную пасьцель. Гавару Дусi: "Iдзi. Трошкi здрымнi ў клецi. Яшчэ рана. А я пабягу дахаты". Дуся й пытаецца: "А дзе цяпер твая хата, Юзiк?" Сьмяючыся адказваю: "У цябе".