Раптоўная, як маланка, думка пра ўпаўнаважанага перарвала гэтыя мае дзiўныя разважаньнi. Упаўнаважаны закрэсьлiў у маёй памяцi ўсё, што адклалася ў ёй за перажыты дзень. Я адчуў, што я стаю на ростанi i што мне трэба ўсьведамiць хто я? што я? Упаўнаважаны паўстаў у маiх вачох гэтак зырка, што я мог разгледзiць у iм самую найдрабнейшую рысу. Найперш ён сам - нiзкi, камлюкаваты, прысадзiсты, цяжкi. Гэтае ўражаньне ўзмацняецца яшчэ ягонымi новымi падкоўкамi на абцасах. Галянiшчы, халявы ягоных ботаў даходзяць да самых каленяў i яны там закасаныя. Галiфэ, скуранка i ленiнская кепка на брытай галаве завяршаюць ягоны вобраз, надаюць яму такую суцэльнасьць, якая ня выклiкае сумлеву адносна ягонай зьлiтнасьцi. Лоб - пляскаты, вочы - у вузенькiх шчылiнах. Глядзiць праз iх - як сьмяецца. Ты ня бачыш неба ў iх яны замутненыя i схаваныя i таму ты ня можаш меркаваць аб зрухах ягонай душы. Што асаблiва ўражвае пры гэтым - ягоны ласкавы голас, што выклiкае цябе на шчырасьць з iм.
Вобраз упаўнаважанага як-бы спусьцiў заслону на сцэне майго дня, дзе я граў, i перавёў мяне ў другi плян - у плян начы. Вобраз гэты патушыў мой зыркi, шматфарбны дзень.
Я ўжо заснуў, я сплю, а мая душа ўсё жыве - жыве яшчэ яскравымi ўяўленьнямi, то радаснымi, то хмурымi, то трывожна-неспакойнымi.
Мне ўжо ня хочацца працаваць у калгасе. Але i сядзець у бацькоў i не працаваць я таксама не хачу. Мне трэба пакiдаць Мокрае. Выбiрацца. Куды? На Дальнi Ўсход, як радзiў фiнагент? Вяркееў гаворыць тое самае. Бацькi нiчога мне не падказваюць. Яны ня ведаюць самi, што ляпей - уцякаць мне, цi ехаць у Менск канчаць вучобу. А чаму ўцякаць? Мы-ж - не кулакi. Падатку вунь колькi год бацька не плацiў - вызваляўся як бядняк. У школу заўсёды сельсавет даваў мне даведку, што я - бядняцкага паходжаньня. Як бедняку, сельсавет танна прадаў бацьку хату кулака. Мы толькi коратка, перад самым калгасам, былi ўжо больш заможнымi, але-ж пад кулака нiяк не падыходзiлi. Дый цяпер-жа бацька калгасьнiк. З кулакамi расправiлiся, бацьку не зачапiлi. Дык чаго мае баяцца ягоны сын? Я-ж i не кантррэвалюцыянэр. Ды ўсё-ж бацька, урахаваўшы ўсё, быў за тое, каб я зьехаў, не варочаўся ў Менск. Шукаць мяне нiхто ня будзе. Уцяклi-ж з Мокрага кулакi i нiхто iх ня шукае. Нават ня так далёка - у Леспрамгасе зашылiся i сядзяць - нiхто iх ня выдае. Не папалiся пад гарачую руку, дык i жывуць сабе. А хто чакаў свайго лёсу, дык i дачакаўся - схапiлi. Гнояць турму цi мруць у тайзе.
Сягоньня дождж i калгас сядзiць у хаце. Недзе працуюць толькi на гумнах, на фэрме, або нешта робяць для сябе, радыя дажджу - на поле брыгадзiр не пагонiць. Бацька таксама ў хаце - робiць новыя калёсы, мацi шые, а сястра пабегла да свае таварышкi, радая выхадному.
Я надумаўся пайсьцi да Вяркеева - недзе дзецца. Хацеў было пiсаць, але ня пiшацца - выходзiць ня тое. Як не стараюся настроiць сябе на патрэбны лад лезе самата, яна пераходзiць у адчай i канчаецца бунтам, а хто такое возьме ў мяне? Я гэтым летам думаў напiсаць цыкль вершаў i здаць яго ў "Полымя рэвалюцыi". Ды як ты здасi яго? Самому нават боязна чытаць тое, што выйшла, а ня то што каму паказаць. Вяркееву я не прызнаюся, што я нешта напiсаў. Чытаў толькi Вусьцiну - некаму-ж хочацца прачытаць, i Вусьцiн мяне не падвядзе. Праўда, ён хвалiцца маiмi вершамi, асаблiва, калi бачыць iх надрукаванымi. Тое, што я чытаў яму, ня надта даходзiла да яго. Затое спадабаўся яму мой верш пра наступ на мяне "зялёнай злосьцi". У вёсцы я адчуваю сябе ў зялёным палоне, акружаны бязьлiтасным зяленiвам, што напiрае на мяне з усiх бакоў, займае прастору, ад яго не схаваешся, ад яго няма ратунку, яно, гэтае зяленiва, цягнецца, хоча схапiць цябе. I я хачу ўцячы ад гэтага наступу, ад гэтай "зялёнай злосьцi". Куды? У горад. У сталiцу. Там ёсьць вышэйшыя ўлады i яны мусяць спынiць гэты "разбой нямы", там высокiя дамы спыняць наступ "зялёнай злосьцi". Вусьцiн адразу запомнiў канцовую зваротку гэтага вершу i ўсюды дэклямаваў яе:
Там улады вышэйшыя ёсьць
спыняць гэты разбой нямы.
Там зялёную злосьць
затрымаюць высокiя дамы.
У Вяркеева была якраз Акулiна, i я памкнуўся быў пакiнуць iх адных, але Вяркееў затрымаў мяне i я - застаўся. Акулiна-ж - жывот у яе быў ужо надуты пасьпяшалася выйсьцi. Вяркееў прапанаваў мне паехаць разам з iм у Касьцюковiчы на настаўнiцкую канфэрэнцыю. Пазнаёмiшся з людзьмi. Прадстаўлю цябе начальству. Атрымаеш куды-небудзь у школу прызначэньне. Папрацуеш з год якi, адпачнеш, абабiшся трохi, а там i ў твой Менск. Думаю, усё-ткi ўцякаць табе нiкуды ня трэба. Куды табе гэтак сьпяшацца? Цi мо напiсаў што i сьпяшаешся здаць у друк?
Я нават абрадваўся прапанове Вяркеева паехаць на настаўнiцкую канфэрэнцыю i даў яму сваю згоду.
- Ну вось i добра. Старшыня дае каня i цялегу на зялезным хаду, засьмяяўся Вяркееў. - Выяжджаем рана. Дамовiлiся! Заходзь па мяне.
Да Касьцюковiчаў трыццаць пяць вёрст, i я падняўся досыць-такi рана. Зайшоў да Вяркеева - ён быў ужо сабраны.
"Цялега на зялезным хаду" чакала нас (учора Вяркееў нiчога не сказаў) на Пiлiпавым двары, гатовая да ад'езду. Значыць, Пiлiп павязе нас у Касцюковiчы. Ён ужо чакаў на нас. Забачыўшы нас, прывiтаўся:
- Добра, што не заспалiся. Валаводзiць ня будзем. Будзем запрагацца.
Пад павецьцю стаяў у хамуце стаеньнiк вараной масьцi. Дагледжаны, гладкi, аж блiшчыць, вiдаць, што стаiць на аўсе. На iм езьдзiць толькi начальства, уласна старшыня сельсавету.
"Цялега", ужо падмазаная, стаяла напагатове. На ёй сядзеньне на два чалавекi. Ззаду ў пiхцiры - свежаскошаная трава.
- Усё ўжо на мазi, - Пiлiп выцер рукi вехцем травы i кiнуў яго навотмаш. Сядайце, госьцейкi. Заедзем па "хазяiна".
"Сабака ўсё-ткi Вяркееў. Не сказаў, што з намi едзе старшыня сельсавету "хазяiн". Мог-бы, саскочыў-бы з "цялегi на зялезным хаду" i нiкуды-б не паехаў".
Калi выехаўшы на вулiцу я зiрнуў у бок Пiлiпавай хаты - у рашчыненае вакно, высунуўшыся да палавiны, глядзела Дуся. Усьмешлiвая, махала нам загарэлай па самы плячук рукой.
- Татка, вяртайцеся-ж хутчэй, - крычэла.
Невядома было, цi гэтая просьба была адрасавана толькi "татку", цi й нам. Напэўна, i нам. Я нiколi ня чуў, каб Дуся зьвярталася да свайго бацькi на "вы".
Ранiца пасьля ўчарашняга дажджу выдарылася росная, чыстая з туманам над рэчкай. З агародаў моцна тхне ўкропам, кмiнам, агуркамi, бульбоўнiкам. Хаты сьцiшна, адзiнока стаяць у сваёй дрымоце, як-бы пакiнутыя людзьмi. Пастух яшчэ не выганяў кароў. Як гэта хораша ўставаць рана, першым!
Спынiлiся перад новай хатай старшынi, лепшай у цэлай вёсцы, з вялiкiмi, сьветлымi вокнамi. Старшыня прывiтаўся, здавалася - толькi з Пiлiпам. Мая прысутнасьць яго нiколькi ня зьдзiвiла, значыцца, ён ужо ведаў, што i я буду. Бачу, яму недзе сесьцi, сядзеньне занятае намi. Яшчэ старшыня ня ўзьняўся на падножак, як я, асвабанiўшы для яго месца на сядзеньнi, сеў нiжэй, на мяшок з аўсом.
Рушылi, нарэшце, у дарогу. Конь, адгадаваны, выгуляны, панёс нас, не чакаючы Пiлiпавай прынукi. Ён бег, быццам рады быў, што вырваўся з стайнi. Пiлiп нат стрымлiваў яго, каб ня браў адразу гэтак прытка.
"Цялегу" нашу няшчадна кiдае на бакi, i старшыня з Вяркеевым, каб не звалiцца з сядзеньня, хапаюцца за ляскi. Мне-ж хоць-бы што - я сяджу ня так высока, мне мякка на аўсе. Маўчу, унураны, а яны (Вяркееў i старшыня былi для мяне сапраўды "яны") гавораць i гавораць, перастаюць, толькi, калi iх моцна кiдае на бакi. Заплюшчыўшы вочы, бачу Дусю ў вакне, усю залiтую ранiшнiм сонцам. Яно ўжо ўзышло i трымае Пiлiпаву хату, як у фокусе.
Праяжджаем Жаркi, вёску, дзе я некалi трымаў экзамен за тры клясы пачатковай школы. Калi гэта было? Здаецца даўно-даўно! А якая гэта была радасьць - вытрымаць першы ў тваiм жыцьцi экзамен! Быў такi-ж сонечны дзень, як i сёньня. Разам з сваiмi настаўнiкамi прыйшлi здаваць экзамен вучнi з суседнiх пачатковых школаў. Ня шмат iх было, хлопчыкаў i дзяўчатак, убраных пасьвяточнаму. Нашая настаўнiца, Мiхневiч, рыхтавала нас, як толькi магла - з усёй стараннасьцяй. У Жарках на экзаменах з усiх настаўнiкаў яна - самая маладая i самая прыгажэйшая. Нам здаецца, што яе й найбольш паважаюць здароўкаюцца з ёю, усьмiхаюцца ёй, прахаджваюцца з ёй пад ручку.