- I што, тое, што вы сказалi... Ну, на Зямлю, людзей як бы збоку паглядзець... Магчыма?

- Не ўсiм. Адным магчыма, другiм не. Некаторыя ж... I цяпер гэта могуць зрабiць.

- Як? - Я аж з лаўкi падхапiлася. - Хто гэтыя некаторыя? I вы... Што вы пра iх ведаеце? Ды i... Хто вы?

- Вам заўтра на працу рана iсцi, - напомнiў Анатоль Iванавiч, таксама падымаючыся з лаўкi. - Таму... Спынiм на гэтым сёння размову, адкладзём на другi раз.

- На калi? - спытала я.

- На калi хочаце.

- А вы не едзеце нiкуды з горада?

- Пакуль не.

- Тады... Давайце заўтра сустрэнемся. Тут жа, - сказала, прапанавала я.

- Добра, заўтра дык заўтра...

Анатоль Iванавiч узяў мяне пад руку, зноў правёў да таго дома, дзе я жыла, упусцiў у лiфт i... Мы рассталiся.

Назаўтра, як толькi змерклася, я зноў заспяшалася ў парк. Анатоль Iванавiч гэты раз апярэдзiў мяне - ён ужо сядзеў, над нечым глыбока задумаўшыся, на лаўцы пад старымi таполямi, калi я прыйшла на набярэжную. Зноў было цудоўнае цёплае надвор'е, выплыў месяц, ды i зоры надта ж густа высыпалi - быў жнiвень месяц, а ў жнiўнi, як вядома, заўсёды ярка свецяць зоры. I многа iх - быццам усё неба iмi вышыта, праколата, расквечана.

- Пра што вы задумалiся? - спытала я, наблiжаючыся да лаўкi, дзе сядзеў Анатоль Iванавiч.

- Ды ўсё пра тое ж, - усмiхнуўся, як мне здалося, трохi стомлена Анатоль Iванавiч. - Вы задалi мне ўчора некалькi пытанняў, на якiя я вам не адказаў, бо пазнавата было. Ды i... Не ведаю, цi варта вас спакушаць далей гэтымi... iншапланецянамi... Можа, лепш з вамi павесцi размову пра больш зямное, патрэбнае вам. Вы ж... - паглядзеў ён на мяне, - такая маладая, прыгожая... Вам радавацца, жыць зямным трэба...

- Але я не знаходжу радасцi ў зямным, - прызналася я. - Начальнiца ў мяне... Вы б ведалi, якая мегера. Ад мужчын, з якiмi я сустракалася, на кiламетр нясе цыгарэтамi, гарэлкаю... I кожны глядзiць на цябе, каб хутчэй... Словам, узяць, што яму трэба. Ды i ў крамах, на вулiцы, у кiно... Не тое... Раздражняюся толькi, злую... Нiхто мяне не разумее...

- А тыя, iншапланецяне, думаеце, зразумеюць?

- Не ведаю. Але... Хацелася б, каб зразумелi. Бо тут, на Зямлi... Мяне некаторыя дзiвачкай называюць. Увесь час я адна, з кнiгамi, картачкамi... Уся i радасць, што на лаўцы вось тут, ля вадаспада, пасяджу. Ды цяпер вось з вамi душу адводжу...

- Ну, калi так... Але ж, - задумаўся на хвiлiну Анатоль Iванавiч, - я мушу вас папярэдзiць... Ва ўсякiм выпадку з майго боку было б злачынствам, каб я гэта не зрабiў... Словам, тыя, хто ўступае ў зносiны з iншапланецянамi, космасам, парываюць сувязь з Зямлёй, iм на Зямлi няма чаго ўжо рабiць, нецiкава... Гэта лiшнiя людзi тут, усё зямное iх не хвалюе...

- Я, здаецца, вам казала ўжо, што мяне i цяпер мала што цiкавiць i хвалюе. Пра космас жа, iншапланецян я магу чытаць i думаць, правiльней, мроiць гадзiнамi, суткамi, - прызналася я.

- Што ж, тады... Давядзецца мне скарыстаць свае сувязi, да сяго-таго пад'ехаць, з сiм-тым пагаварыць. - Анатоль Iванавiч памаўчаў, падняў вочы, паглядзеў неяк загадкава i сумна-сумна на мяне. - У вас круцiцца на языку, зноў вы хочаце запытаць, хто я? - сказаў ён з усмешкаю.

- Так, вы адгадалi мае думкi, - кiўнула я галавою.

- Я ўчора абяцаў вам адказаць на ваша пытанне. I адкажу. Выбачайце, што адкажу не адным словам. Справа ў тым, што я хачу, каб вы мяне зразумелi. Дык вось, паслухайце... Я вам гаварыў, што тыя, хто над намi, у чыёй поўнай уладзе мы, - помнiце, як мiкробы ў колбе! - зацiкаўлены трымаць нас у поўнай пакоры, каб мы рабiлi толькi тое, што iм трэба. А мы, людзi, iмкнёмся да самастойнасцi, бунтуем, выходзiм з падпарадкавання. I каб такое не здаралася, а калi i здаралася, дык не часта, яны, тыя, умешваюцца ў наша жыццё, некаторых мецяць... I гэтыя, мечаныя, быццам iхнiя людзi - пранiкаюць у лабараторыi вучоных. Ды i ў iншыя арганiзацыi, установы... Словам, усюды, дзе ёсць нейкiя чалавечыя згуртаваннi. Iх задача - не даваць, каб сярод людзей быў лад, мiр, была згода, сварыць, натраўляць адзiн на аднаго, зрываць тое, што задумана, падбухторваць дурняў супраць разумных... Раней казалi: чорт, нячысцiк у яго ўсялiўся цi - чорт, нячысцiк паблытаў... I недалёка ад iсцiны былi, бо гэты самы чорт цi нячысцiк усяляецца то ў аднаго, то ў другога, ён то сварыць, то мiрыць, пакуль не дамагаецца таго, што тым трэба... Ды гэта - папраўкi па ходзе, карэктывы, што ўносяць тыя, што над намi... А ёсць жа сярод людзей мечаныя, у задачу якiх уваходзiць увесь час зрываць усё, што мяркуецца цi плануецца iншымi, шкодзiць, сварыць. Няшчасныя гэта людзi! I галоўнае - яны самi не разумеюць, хто яны, чаму такiя. Адны называюць iх зайздроснiкамi, другiя - няўжыўчывымi характарамi цi проста паганымi людзьмi... А гэта мечаныя, праз каго тыя, што над намi, праводзяць свае iдэi, свае планы...

- I вы з гэтых, мечаных? - не вытрымала, перапынiла я Анатоля Iванавiча, скарыстаўшы невялiкую паўзу.

- Не, - адмоўна пакруцiў галавою Анатоль Iванавiч. - Правiльней, я таксама мечаны, але мечаны не так, як тыя, а па-асаблiваму. Задача ў мяне iншая. Дый... Усведамляю, ведаю я на багата больш, чым некаторыя. Я... Народжаны цi, правiльней будзе сказаць, створаны дзеля таго, каб трымаць сувязь з тымi, хто над намi.

- I як вы гэта робiце? - зацiкавiлася, аж з лаўкi паднялася, на якую была села, я. - Раскажыце...

- Прыкладна гэтак, як па рацыi, па радыё... Толькi мiкрафона нiякага не трэба... Я выходжу на сувязь, i тыя выходзяць...

- I што вам гавораць, на мове якой?

- Усё, што хочаш. I на той мове, якую я ведаю...

- Цiкава! - аж успляснула я рукамi. - Iвы iх бачылi, ну тых, што над намi?..

- Некалькi разоў.

- Якiя яны з сябе?

- Розныя. Яны могуць прымаць любое аблiчча, якое iм захочацца. Звычайнае, чалавечае, цi ў выглядзе не iснуючых на зямлi стварэнняў альбо яшчэ каго. Найчасцей жа - iх нiхто не бачыць, хоць яны i побач. Справа ў тым, што тыя добра ведаюць магчымасцi нашага зроку i напоўнiцу выкарыстоўваюць гэта. А зрок наш не такi i дасканалы. Мы не ўсё бачым, што ёсць на зямлi i ў небе, а толькi невялiкую частачку... Ды i слых наш не ўсё чуе... Таму, калi трэба, тыя з намi, каля нас, але мы iх не чуем i не бачым... Дарэчы, абмежаваннi ў нас не толькi ў зроку i слыху, але ва ўсiм, i ў розуме таксама. I далей гэтых абмежавальнiкаў... Словам, як кажуць, вышэй сябе не падскочыш... Але людзi ёсць людзi, яны не могуць да чагосьцi не iмкнуцца, iм усё новае ды новае падавай... I абмежавальнiкi даводзiцца адсоўваць. Праўда, прырода чалавека быццам не мяняецца, усё робiцца цераз прыборы. Каб пашырыць зрокавае ўяўленне, прыдумалi тэлескоп i мiкраскоп, для перадачы iнфармацыi - пiсьмо, радыё, тэлебачанне... Каб хуткасць руху павялiчыць - машыны, цягнiкi, самалёты... Але ўсё гэта - дазволена тымi... Яно, паколькi не бiялагiчнае, а механiчнае, вельмi лёгка, калi трэба, знiшчаецца. Дый магчымасцi ў механiкi невялiкiя. Справа iншая - бiялогiя. Але туды... Тыя не пускаюць i, трэба думаць, - не пусцяць. Там яны гаспадары... Што ж да ўсяго астатняга... То жыць жа чалавеку трэба, трэба кармiцца, размнажацца. I дзеля гэтага... Розныя адкрыццi робяцца, правiльней, бачнасць адкрыццяў... Што есцi, чым абагравацца, што надзець на сябе, як хутчэй куды дабрацца, чым цiкавей i весялей прабавiць час... Словам, гэта сфера самаабслугоўвання, i яна ўдасканальваецца. Што ж да ўсяго астатняга... Там табу накладзена. I за гэтым пiльна сочыцца, каб яно не парушалася. Iнакш людзi выйдуць з падпарадкавання, iх давядзецца цi знiшчаць усiх да аднаго, цi... Невядома, што з iмi тады рабiць. Вось цяпер у нас два лагеры - сацыялiстычны i капiталiстычны, у кожнага атамная i вадародная зброя... У бога i чорта не верыце, не баiцеся iх, паверце ў рэальную сiлу атамную i вадародную...

- I вы думаеце, зброю гэтую прыменяць? - спытала я.

- На жаль, я таксама не ўсё ведаю. Усё залежыць, якiя вопыты над намi тыя праводзяць. Калi яны запланавалi гэта зрабiць, дык зробяць. Калi ж не, толькi для страху, каб у пакоры, боязi чалавецтва трымаць, то... Ды, як кажуць, пажывём, пабачым... Мусiць, iнакш кiраваць намi, людзьмi, нельга. Калi ўсе ў згодзе, ладком, мiрненька, спакойненька... Не ведаю, да чаго б гэта прывяло. А так - усюды барацьба, змаганне. Бедныя - супраць багатых, дурныя - супраць разумных, падначаленыя - супраць начальства, невукi - супраць вучоных... Тут тое самае, што i ў прыродзе: на тое ж i шчупак, каб карась не драмаў. Сiла антысiла, прыцягненне i адштурхоўванне, дабро i зло, любоў i нянавiсць, жыццё i смерць... I няма нiдзе спакою, мiру. Iдзе ўсюды барацьба... Яна забiрае час i энергiю, не дае думаць нi пра што iншае, як толькi пра iснаванне - выжыць бы, не даць, каб цябе стапталi, забiлi! А гэта якраз тое, што i трэба тым...