Изменить стиль страницы

— Гэта — жахлiвая гульня, — сказала яна.

— Калi б я здолеў набраць сто восемдзесят, мне было б трэба толькi дваццаць секунд, тады б i тармазны шлях быў даўжэйшы.

— Калi ласка, не рабi гэтага.

— Ты баiшся?

— Баюся.

— Добра, тады я не буду. Цi можна мне разагнацца хоць бы да васьмiдзесяцi?

— Няхай так, раз табе ўжо хочацца гэтага.

— Можаш нават не глядзець на гадзiннiк; я магу ехаць "на вока", а потым вымераю адлегласць, на якой я тармазiў, разумееш? Хачу проста ведаць, цi не дураць нам галаву з гэтымi спiдометрамi.

Ён завёў матор, праехаў паволi вузкiмi вулачкамi маляўнiчай адпачынкавай зоны, праiмчаўся паўз агароджу пляцоўкi для гольфа i спынiўся каля выезду на аўтабан.

— Паслухай, — сказаў ён, — едучы восемдзесят на гадзiну, мне спатрэбiцца роўна тры хвiлiны; гэта сапраўды зусiм бяспечна; калi табе боязна, можаш тут вылезцi i чакаць мяне.

— Hе, аднаго цябе я не пушчу.

— Гэта ж апошнi раз, — пачаў ён тлумачыць. — Мажлiва, заўтра мяне тут ужо не будзе, а дзе-небудзь у iншым месцы такую магчымасць наўрад цi атрымаеш.

— Але ж лепш паспрабаваць рабiць гэта на звычайнай шашы.

— Hе. Мне ўласна карцiць затармазiць перад самым шчытом.

Ён пацалаваў Марыяну ў шчаку.

— Ведаеш, што я зраблю?

— Hе.

— Я паеду сорак кiламетраў на гадзiну.

Яна ўсмiхнулася, калi Ёзэф рушыў, але ўсё-такi паглядзела на спiдометр.

— Глядзi, — сказаў ён, калi машына праехала каля кiламетровага слупка з лiчбаю "5", — цяпер глядзi на гадзiннiк i падлiчы, колькi часу нам будзе трэба да слупка «9»; я еду дакладна сорак.

Нiбы засаўкi агромнiстых брамаў, далёка наперадзе перад яе вачыма паяўлялiся шчыты; спачатку яны былi падобныя да бар'ераў, потым рабiлiся большыя i большыя з няўмольнай няспыннасцю; тое, што здалёк нагадвала чорнага павука, аказалася скрыжаванымi косткамi; а тое, што было нiбы нейкi дзiўны гузiк, ператварылася ў чэрап, павялiчвалася, як павялiчвалася, наблiжаючыся да яе, i ўжо, здавалася, амаль дакраналася да радыятара вялiзная лiтара «е» ў слове «смерць»; гэтая лiтара выглядала нiбы разяўлены рот, якi хацеў выкрыкнуць нешта страшнае; стрэлка спiдометра дрыжала памiж лiчбамi «90» i «100»; у вокнах машыны прамiльгвалi дзецi на самакатах, мужчыны i жанчыны, на тварах якiх ужо не было выразу "пасля працоўнага дня"; яны асцерагальна махалi рукамi, яны рэзка крычалi, i тыя крыкi нагадвалi крыкi чорных птахаў-вестуноў смерцi.

— Слухай, — сказала цiха Марыяна, — ты яшчэ тут?

— Вядома ж; i дакладна ведаю, дзе я, — адказаў ён, углядаючыся ў лiтару «е» ў слове "смерць", — не хвалюйся.

Перад самым канцом працоўнага дня майстар з прадпрыемства, што займаецца разбiраннем руiн, павёў яго ў рэфекторый; там у куце на транспарцёр загружаўся, а з транспарцёра на грузавiкi выгружаўся друз; ад вiльгацi, якой ён увесь набрыняў, з рэшткаў цэглы, бетону i гразi невядомага паходжання ўтварылiся лепкiя груды; вiльгаць плямамi павыступала на сценах; гэтыя плямы, спачатку цёмныя, потым святлейшыя, павялiчвалiся па меры таго, як меншала гара друзу; з-пад плямаў прабiвалася нешта чырвонае, блакiтнае i залатое — сляды фрэсак, якiя, як падалося майстру, былi каштоўнымi: сцэна таемнай вячэры, пакрытая цвiллю; залаты келiх, белая аблатка, твар Хрыста; светлая скура i цёмная барада, каштанавыя валасы апостала Iаана; "зiрнiце, пане Фэмель, сюды; гэта цёмная скура Юдавага скуранога кашалька"; майстар, узяўшы ў руку сухую анучу, беражлiва ачысцiў частку роспiсу ад цвiлi; паркалёвы абрус, дванаццаць апосталаў; цяпер можна было добра разгледзець iх ногi, берагi абруса, падлогу залы таемнай вячэры, выкладзеную плiтамi; ён, усмiхнуўшыся, паклаў майстру руку на плячо i сказаў:

— Добра, што Вы мяне паклiкалi; вядома ж, фрэску трэба захаваць; трэба ачысцiць i прасушыць яе, пакуль яна яшчэ больш-менш цэлая.

I ён ужо хацеў быў iсцi; на стале стаялi гарбата, хлеб, масла i селядцы; як звычайна, у пятнiцу пасля працы была рыба; Марыяна ўжо выехала са Штэлiнгерс-Гротэ, каб выправiцца разам з iм на шпацыр — i тут ён убачыў, перш чым паспеў адвярнуцца, у нiжняй частцы роспiсу, справа, лiтары «XYZX»; ён сотнi разоў бачыў тыя бацькавы «X», "Y" i «Z», калi бацька дапамагаў яму рабiць хатнiя заданнi па матэматыцы; i цяпер яны зноў былi ў яго перад вачыма — над прабоiнай ад выбуху ў падвальнай столi памiж нагою святога Iаана i нагою святога Пятра; калоны рэфекторныя былi разбiтыя на часткi, скляпенне разбуранае; застаўся толькi кавалак сцяны з "Таемнай вячэрай" ды лiтары «XYZX».

— Што здарылася, пане Фэмель? — спытаў майстар i паклаў руку яму на плячо. — Вы ж зусiм спалатнелi… а можа, гэта ад Вашага кахання?

— Толькi ад кахання, — адказаў ён, — толькi ад яго. Вам няма чаго турбавацца, i вялiкi дзякуй за тое, што мяне паклiкалi.

Ужо нясмачныя былi яму i гарбата, i хлеб, i масла, i селядцы; пятнiца, рыбны дзень; нават цыгарэта была яму нясмачная; ён абышоў усе будынкi абацтва, пасля завярнуў за галоўны касцёл да прытулку пiлiгрымаў, шукаючы ўсюды тых месцаў, якiя б маглi мець важнае значэнне з пункту гледжання статыкi; але ён знайшоў толькi адну, адну-адзiную маленькую лiтару «iкс» у пiўнiцы прытулку; немагчыма было зблытаць з якiм iншым бацькаў почырк таксама як бацькаў твар, бацькаву хаду, усмешку, строгую ветлiвасць бацькавых рухаў тады, калi ён налiваў вiно альбо перадаваў над сталом хлеб; яго маленькi «iкс»; доктар Роберт Фэмель, кантора статычных разлiкаў.

— Прашу, прашу цябе, — вымавiла Марыяна, — апамятайся!

— Я ўжо апамятаўся, — адказаў ён, адпусцiў педаль газу, паставiў левую нагу на педаль счаплення, а правай нацiснуў на тормаз; скрыгочучы, вiхляючы ў абодва бакi, машына падсунулася да самай лiтары «е» ў слове «смерць», падняўшы пыл, тармазы завiскаталi, да машыны, размахваючы рукамi, беглi спалоханыя пешаходы; памiж словам «смерць» i скрыжаванымi косткамi паявiўся стомлены начны вартаўнiк з кацялком кавы ў руках.

— О Божа! — сказала Марыяна. — Навошта было мяне так палохаць?

— Даруй, — сказаў ён цiха, — прашу цябе, даруй; мяне нешта панесла.

Ён хутка развярнуўся i паехаў назад, перш чым натоўп пешаходаў паспеў абступiць машыну; чатыры кiламетры ён, абняўшы адною рукой Марыяну, павольна ехаў паўз пляцоўкi для гольфу, на якiх трэнiраваныя жанчыны, трэнiраваныя мужчыны iмкнулiся дабрацца да шаснаццатай, семнаццатай, васемнаццатай ямкi.

— Даруй, — сказаў я, — я праўда — больш такога рабiць не буду.

Ён звярнуў з аўтабана i паехаў паўз маляўнiчыя палi, паўз цiхiя лясныя ўскрайкi.

"XYZ" — гэта былi тыя самыя лiтары, якiя ён бачыў на фотакопiях эскiзаў велiчынёю з дзве паштоўкi: вечарамi бацька ператасоўваў iх, ныбi карты для гульнi; дом для выдаўца на ўскраiне лесу — «XxX»; разбудова гмаху таварыства "Сас'етас" — «YxY»; дом для настаўнiка на беразе ракi — адзiн «Y»; тыя самыя лiтары памiж нагою святога Iаана i нагою святога Пятра.

Ён павольна ехаў сярод палеткаў, на якiх круглявыя буракi выглядалi ўжо з-пад буйнага зялёнага лiсця; iржышчы, паплавы, за якiмi быў ужо вiдзён узгорак Казакен.

— Чаму ты не хочаш мне пра ўсё расказаць? — спыталася Марыяна.

— Бо я сам яшчэ гэтага не разумею, бо не магу сам яшчэ паверыць у гэта; мажлiва, гэта проста паскудны сон; мажлiва, я змагу табе пазней гэта растлумачыць, а можа, i нiколi не здолею.

— Але быць архiтэктарам ты ўжо не хочаш?

— Не, — адказаў ён.

— I з гэтае прычыны ты ляцеў на шчыты?

— Мажлiва, — адказаў ён.

— Я заўсёды ненавiдзела людзей, якiя не ведаюць, што такое грошы, сказала Марыяна, — якiя з шалёнай хуткасцю пруць на машынах проста на шчыты, дзе напiсана «СМЕРЦЬ», якiя нi за што нi пра што палохаюць пешаходаў, што выйшлi прайсцiся i заслужылi адпачынак пасля працоўнага дня.

— У мяне была прычына iмчацца проста на шчыты.

Ён ехаў павольней, а на пясчанай дарозе каля падножжа ўзгорка Казакен спынiўся: машына стала пад разлапiстымi галiнамi хвоi.

— Навошта ты тут спынiўся? — спытала яна.

— Хадзем, пройдземся трошкi, — адказаў ён.