Изменить стиль страницы

У гэты час падбег Тапсiк.

— А чаму-ж сабака кульгаiць? — заўважыў бацька.

— Ды гэты хлыст ударыў яго, нi знаю, камянём цi чым.

— Хлыст? Калi гэта?

— Ну от цяперака.

— А дзе-ж ты яго вiдзiў?

— У Гараватцы, дзе-ж…

— Ён цяперака ў Гараватцы? Ты нi манiш?

— Чаго буду манiць… кажу, што на свае вочы вiдзiў.

— Дык гэта ён, мусiць, тамака iз Косьцiкам Сабакевiчам, — сказала мацi.

— Ты яго самога толькi спаткаў цi яшчэ каго? — перапытаў бацька.

— Самога. Але мне выдалася, што чуў гаворку. Быў нехта другi, мусiць.

— Дык пэўна Косьцiк там зь iм, — сказала тонам, што не пакiдаў нiякага сумлеву, мацi.

— Чаму гэта iкраз Косьцiк? Адкуль там ён? — дамагаўся пастух.

— А ты ня чуў?

— Што чуў?

— Што сягоньнiка на фэсьця ў Гацях нехта бальшавiцкiя ахвiшкi параскiдаў…

— Так? — зьдзiвiўся Янук. — А мне-ж гэтыя, каб iх халера, доктаравы нiчога не сказалi.

— Так i ведай, што гэта Сабакевiчавых рук нi мiнула.

— Глядзi ты што. Дзiва, што Лявон так на мяне сыкнуў. Ну, ды я пабягу, бо ўжо позна.

— Янучок!

— Чаго?

— Iдзi, хоць штаны й кашулю пiрадзень, а то як ты ў латаных на людзкое вока…

— Адзе-ж яны?

— Я табе зараз дам.

Пайшлi з маткай у хату. Было там душна й цёмна. Упоцемку ўмiг зьмянiў Янук вопратку й вышмыкнуў на вулiцу.

— Янук! — гукнуў бацька.

— А што, тата?

— Ты-ж глядзi тамака нi кажы нiкому, што ў Гараватцы хлыста вiдзiў. Чаго добрага, бяда прычэпiцца, — папярэдзiў Пракоп Бахмач на дарогу сына.

— Што я дурны?! — адгукнуўся хлапец i шыбнуў у глыб вёскi.

IV

Косьцiк Бурак, пазьней празваны Сабакевiчам, быў сынам гаспадарлiвага серадняка. Бацька Паўлюк меў ладны кавалак урадлiвае зямлi, прыдзелены ў часе выхаду вёскi на хутары пры самым лiтоўскiм балоце.

— Гэта каб на добрае, — мяркаваў цi раз Паўлюк, — дык жыць-бы, пажываць ды песенкi пiяць…

Адылi немач у ягоную хату панадзiла. Кволае жончына здароўе яшчэ больш шванкавала пасьля таго, як Кастусь на сьвет зьявiўся. Хацеў, казалi, Паўлюк абавязкова, каб i другое, ды слабая Паўлючыха вынасiць не магла. Спачатку прабаваў Бурак кпiць з кабеты, пасьля дакараць, а наапошку й зусiм узлаваўся.

Калi-б пацягнулi вы за язык (хоць цi патрэбна гэта было) найбольшую вясковую пахатуху, дзябёлую Кмiтаву Аўдолю, яна зусiм-бы йнакш i пасвойму ўсе прычыны Паўлючышынай немачы, як на стол, для яснасьцi перад вамi магла-б выкласьцi.

— А ягодка-ж мая, а любая — барабанiла цi раз Аўдоля на вуха каторай кабеце, што слухаць хацела, — гэта-ж загнаў-зацягаў Бурак саўсiм сваю Матрону. Глядзiш i нi аглядзiсься, як у магiлу загонiць. Нi жартачкi-ж гэта: дзе нi глянеш, дык усюды яна ў тры пагiбелi скорчыўшыся — яна й на полi, i пры печы, i за прасьнiцай, i зь сярпом, яна й за кроснамi, i пры малатарнi, i з траплом, i пры мялiцы. Яно-ж сабе й другiя бабы лынды ня б'юць i цяжка працуюць, алi-ж ёй, дык ужо пiразь сiлы прыходзiцца. Можа й ня грэх быў-бы Паўлюку, каб аж чатурох кароў, сьвiней поўны хлеў нi гадаваў, кабаноў вялiкiх, як горы, нi выкармлiваў. А ты-ж iм навары, намiшай, ды нацiгай у карыты — дух зь цябе вон! А хто-ж гэта, ягодка родненькая, за ўсiм даглiдаiць? Га? Сам нябось нi пiрапрацуецца, рыла вунь якое адпасьвiў! А Божа-ж мой, якi гэта прагавiты й нiнасытны чалавек. Цi раз казала я ўжо, што для яго скацiна жонкi даражэй. Гэта-ж нявiдана-няслыхана. Такi жадны-прагавiты й такi скупiньдзя, што, каб ён на калiва наняў, а ўсю працу на жончын карак толька. Сам, дык, нябось, улегцы. Дзiва, што Матрона занiмагаiць часта. Зялезнае здароўе, ягодка, трэба мець, каб iз усiм, як iна, справiцца. Бедная ў горы вочы выплакала, як шчэпка высахла, у тры пагiбелi скорчылася, сухоты нажыла. А цi-ж гэта ёйныя гады так зараньня ў магiлу лезьцi, га?

Па засвоенай практыцы, перасольваць i размалёўваць Аўдоля любiла, але ў гаворцы пра Буракоў вялiкая доля праўды была. Хiтры й прагавiты быў Паўлюк. Хоць ростам здаравенны гаргарына быў, але ня з тых, што ў працы панатужацца. Сам зь сям'i беднай i шматдзетнай, ад бацькi пару лысых неўрадлiвых гактараў зямлi пры дзяльбе атрымаў. Адно й мецiў, як на людзкую гаспадарку ўзьбiцца. Прыцюцькаўся быў да Матроны, што ў суседняй вёсцы ў бацькi адзiночкай расла. Паўлюк на пасагу вока трымаў. Казалi, што прыляпiўся да дзяўчыны, як тая смала, дый шмат iншых заляцанцаў, што на Матронiна дабро, як мухi на лiпкае ляцелi, ад яе адбiў. Калi-ж Матрона за яго выйшла, купу багацьця ў сямейную супалку прынёсшы, не на жартачкi ўзяўся гаспадарыць Паўлюк. Нельга сказаць, каб лiшняй увагай цi любасьцяй да жонкi грашыў. У ягоных вачох жонка на тое была, каб дзяцей на сьвет вадзiла, гаспадаркi глядзела ды наагул у працы пасабляла.

Калi Паўлюк Бурак ужо цьвёрда на ногi стаў ды не апошняй маркi багатыром зрабiўся, калi можна было ўжо вальней i лякчэй у працы хадзiць, ён барзьдзей яшчэ разганяўся. Зайздрасьць да багацейшых, а поруч i прагавiтасьць расьлi без супынку. Горшаў i Буракоў характар. Раней мала каму ў дарозе спуску даваў, а цяпер i пагатоў. Жончын пасаг да рук прыбраўшы, i самую кабету пачаў, часта iз папругай у руках, да сваiх нораваў прывучаць.

Ад цямна да цямна летам пры працы Паўлючыха кешкалася, а зiмой i зусiм сьвету божага ня бачыла. Нават на жнiво шкадаваў скупiньдзя Бурак паднаняць. Калi Матрона зусiм занемагаць пачала, тады лекаваць прабаваў, ды сказалi лекары, што заавансаваным сухотам рады ўжо не дадуць. На дзявятым Косьцiкавым годзе скончылася матка.

Мiнуў няцэлы год, i Бурак, лiшне не марудзячы, ажно ў трэцяй дзесь вёсцы прыгожую й здаровую, ды — як хвалiўся — выносьлiвую нагледзеў. Хоць i ня першай маладосьцi, адылi зусiм нi ў гадох яшчэ была. Спадзяваўся Паўлюк, што трывалкая й дужая да працы будзе кабета. Ужо цешыўся, што ня горшы гяшэфт, чымся першы раз, iз Матронай пры жанiцьбе зрабiў.

Ды апёкся гэтым разам стары Бурак. Ня з тых, што iх лёкка ашукаеш, Косьцiкава мачыха выводзiлася. Зусiм ня менш кемлiвай за Паўлюка яна ўдалася, дык i няшмат часу заняло, пакуль у мужавых хiтрасьцях i штучках троп знайшла. Вочы працёршы, разгледзелася, ды зусiм iнакш да Паўлюка, чымся пакойная Матрона, паставiлася. Працавала адно ўмеру, а калi й на язык дзела пайшло, дык за словам у кiшэнь ня лазiла. Новая жонка кругом Паўлюку ў даўгу не заставалася. I пачалося ў прылюднай i добра дагледжанай багатырскай Паўлюковай хаце зусiм адменнае й цiкавае жыцьцё: калатня й звада найчысьцейшае вады.

З малых гадоў Косьцiк уволю матчынай ласкi й добрага догляду ня меў. Калi-ж прыйшла мачыха ды хлапец спанатрыў, што робiцца, амаль зусiм самапасам пайшоў. I з росту ён не да малышоў належаў, i ў навуцы спрытны быў, але ўжо ў пачатковых клясах сябе вялiкiм гультаём i абiбокай выявiў. Ззамоладу iншых панадзiў зводзiць, цi ня бацькавы элемантарныя хiтрасьцi пераняўшы.

Вясковая настаўнiца рана Косьцiкаву нягнуткую натуру ацанiла й пасвойму яе напраўляць узялася. Спасьцерагла, што хлапец ня зломак. Цi ня больш за iншых вучняў давялося Косьцiку ў клясным кутку на каленях адпакутваць ды й карных гэтак званых лапаў зарабляць. Колькi нi карала яго настаўнiца, Косьцiк анiяк у лепшы бок ня хiлiўся. Наадварот: яшчэ цьвярдзеў у благiх норавах. Глядзiш здаецца, паправiўся, сядзiць вунь за адкладной лаўкай з анёльскай мiнай, няйнакш як сьвяты. Не пасьпееш вока ў iншы бок адвесьцi, як ён ужо некаму цi то таўхяля пад бок заедзе, цi якую iншую штуку прыдумае.

Як рэдзька агорклi былi Косьцiку настаўнiчыны муштры. Аднойчы наважыўся ён плюнуць на чатырохклясную. Колькi дзён запар, зранку бацькаў дом пакiнуўшы, па аднаму яму вядомых сьцежках лундаў i ў школу носа не паказваў. Дайшло тое да бацькавых вушэй. Добра ўляцела тады Косьцiку з двох бакоў: ад бацькi за чмуту, а ад настаўнiцы ў сваю чаргу, калi бацька ледзь не за руку ў школу сына прыцягнуў.

Пастанавiў Косьцiк настаўнiцы за такую вялiкую крыўду адпомсьцiць. Думаў, думаў i выдумаў. Даўно даспадобы яму настаўнiчын ручны гадзiньнiк прыйшоўся. Падчас лекцыi заўсёды на стале перад сабой трымала, каб за стрэлкай у меры патрэбы сачыць. Пускаючы на перапынак дзяцей, надзявала гадзiньнiк на руку й сама на сьвежае паветра выходзiла, калi пагода дазваляла. Аднойчы неяк, маючы галаву навучальнымi турботамi да берагоў перапоўненую, забылася гадзiньнiк на руку начапiць i ўжо, калi хлопцы на дварэ ў пiкара мурцавалi, а дзяўчаткi ў лапту забаўлялiся, спахвацiлася, што гадзiньнiка на стале няма. Яна й туды, яна й сюды, i пад стол, i ў «тарэбку», ды трывожныя пошукi дарэмнымi былi. Дарагi залаты гадзiньнiк быццам у ваду кануў.