— Ну а тату як забiралi, дык што ён табе казаў?
— Нi далi яму пагаварыць. Нiчога мне нi сказаў, толька крыкнуў: глядзi, сынок, гаспадарку… пакуль вярнуся…
— От людаеды, от бандзiты! Гэта-ж, можа, саб'юць беднага татачку…
Янук ледзь стрымаў плач.
— Дык ты думаеш, што мне кiдаць Лазоўскага?
— Ну а як-жа быць?
Асiрочаныя Бжончыкам юнакi стаялi, як анямеўшыя. Кiнутае Мiколам пытаньне было такое шырокае, усёабдымаючае, такое цяжкое да разьвязаньня, што хоць ты пад зямлю жывым лезь. Маўчалi доўга. Янук канцом свайго вiшнёвага пугаўя пароў долак у траве. Ён усадзiў таўсты канец пугаўя ў ладна падсохлую зьверху зямлю й круцiў iм, каб зрабiць конаўку. А думкi бегалi, не маглi знайсьцi пункту апоры. Зьнявiдныя, гвалтоўныя сiлы раскiдалi Бахмачова гняздо, тапталi iх…
Пастух падняў уверх пугу, з наважнасьцю зiрнуў брату проста ў вочы.
— Iдзём, пагонiм кароў. Нiма як. Чорт яго бяры з Лазоўскiм i ягонымi ботамi. Як трэба дома, то трэба…
Асаднiк насупiў брывы, калi Янук перадаў яму дрэнную вестку пра бацьку. Твар Паляка не распрамянiўся спагадай, наадварот — на iм зьявiлася няскрываная злосьць.
— Пойдзеш, дык iдзi, смаркачу едэн! — ледзь не крычаў Лазоўскi. — Вы ўсе, сабачая косьць, паршыўцы! Думаеш мне бацькi твайго шкода? Я думаў, што ён чэсны чалавек, добры хрысьцiянiн, ажно ён бальшавiк. Цьфу на вас, хамы пшэклентэ! Усiх вас на адну вяроўку павесiць трэба. Бальшавiцкiмi афiшкамi забаўляцца пачаў! Чулi вы гэта?
— Паночку, мы-ж кажам, што падлажыў нехта… — пачаў Мiкола.
— Што ты мне, смаркачу едэн, угаварыць хочаш? Ня веру вам анi на макулiнку. Для вас усiх кулю ў лоб, пане дабрадзею! Так з вамi! Усе комунiсьцi! А дзе-ж я цяпер пастуха вазьму ў гэту пару? Ты, жаба, глядзi, зьвярнуўся ён да Янука, — каб твая нага больш у маiм двары нi ступiла. Чуеш?!
Пачуўшы паднечаны асаднiкаў голас, з хаты выйшла панi Лазоўская.
— Чаго ты, Мецю, крычыш? Што сталася?
— Ды во гэтыя, сабачыя iх косьцi, кажуць мне, што ў iхнай пунi палiцыя бальшавiцкiя афiшкi знайшла, бацьку на пастарунак забралi. Дык пастух дамоў зьбiраецца. Ну ты чула цi не?
— Янэк, — падыйшла панi Лазоўская, — ты чаму такi неўдзенчны? Мы з табой як родным сынам апякавалiся, а ты нас кiдаеш. А каровы як будуць?
Янук прыгадаў усю гэтак званую даброць i ласку, што зазнаў у гэтых людзей. Калi-б запраўды яны так апякавалiся родным сынам, то цi ўсядзеў-бы ён у бацькавай хаце? На думку ўсплыло адпаведнае мейсца, куды манiўся паслаць паноў Лазоўскiх разам зь iхнымi каровамi, ды стрымаўся. Мiкола тузануў яго за рукаў:
— Хадзi, пойдзем. Нiхай шалеюць. Ня людзi-ж гэта, мусiць, калi так гаворуць…
Доўгi час iшлi моўчкi, абыйшлi бокам густое калючае iржышча. Сабака, апусьцiўшы хвост, плёўся сьледам ззаду. Спанатрыў i ён, што сталася нешта невясёлае. Час ад часу спадылба, быццам на iм ляжэў цяжкi грэх, вiнавата пазiраў на Янука. Праходзячы паўз авёс, Янук пару разоў заядла сьцебануў па буйных зялёных каласох, быццам хочачы Лазоўскаму гэтым урон зрабiць.
З усходняга краю асаднiкавага хутару, дзе цэлы дзень восем сярпоў грызьлi буйное жыта, прыляцела да вушэй Бахмачовых хлапцоў песьня:
Апошняя пазалота зьнiкла зь вяршынi дубу Архiпа. Над iм неспакойна кружылi вароны. На захадзе сонца закрылася шырокай смугой хмары. Узыходзячы на Гараватку, разглянуўшыся, Мiкола сказаў:
— Цi ня зьменiцца пагода. Глядзi…
X
Зь лiку якога тузiну палiцыянтаў у Гацях, што наглядалi за гацкай воласьцю, цi не найбольш актыўным быў малады пан Вадзiмскi. Гэты спрытны пракудны дзяцюк-буян прыйшоў на службу ў мiнулым годзе. Нельга сказаць, каб лёккай дарога ў чорны муньдзiр была. Многа панкоў на лёккi хлеб квапiлася. У палiцыi нi шмат ведаць, нi рабiць ня трэба было.
Прабаваў Вадзiмскага бацька, валасны ўраднiк, iз сына Адася чалавека зрабiць. Па «панствовай зьнiжцы» пасылаў яго ў глыбоцкую гiмназiю, каб навуку даць. Але Адася да навукi, як лянiвага каня да вупражы, цягнула. За пяць гадоў ледзь-ледзь тры клясы скончыў. Колькi нi прасiў-малiў бацька, панствовыя ўлады скасавалi сынаву «зьнiжку», а сам коштаў сынавай адукацыi пакрываць ня мог.
Лындаў Адась год-другi па мястэчку, зь мяйсцовай такой самай недавучанай гiмназiяльнай басотай розныя гэцы адстаўляў. Рана асвойтаў такiя няхiтрыя штукi, як пiцьцё гарэлкi, карты, просталiнейнае й нахабнае заляцаньне да дзяўчатаў, майстэрства бойкi, дый нават злодзейства прабаваў. Бацька ведаў, што калi так сына самапасам пусьцiць, дык пасьля ад бяды не абярэсься. Што-ж рабiць? У якую прафэсыйную школу паслаць? Пад бокам такое не было, а на далейшую адлегласьць ягоная кiшэня ня вытрымае. Ня было як працiснуцца й у вабсаду мяйсцовае чыгункi: туды кожны панок-беларучка, што недавучаным быў, цi iншага варштату працы не знайшоў, як цьма на сьвятло лез.
I тады ўзяўся стары Вадзiмскi за свайго колiшняга сябру з войска, каманданта мяйсцовае палiцыi Мэндлiка.
— Пацясьнiся, браток, паспагадай, прымi на службу майго Адася. Золата зь яго, а не палiцыянт, будзе. От пабачыш!
Гэткая прысалоджаная старым Вадзiмскiм прозьба нянадта Мэндлiку даспадобы прыйшлася. Дый ня мог-жа ўзяць ён недавука якога ў палiцыю. Перш трэба было на вышкаленьне аддаць, а тады… Ужо калi Адасяў бацька ў кiшэню палез i гаркаватай манаполькай свае прозьбы падмацаваў, тады Мэндлiк пачаў пераконваць паветавыя ўлады, што яму дапамога патрэбная. А як-жа! Вунь камунiстыя аж кiшаць навокал! Калi б чалавек чатыры рукi меў, дык не ўпараўся-б iзь iмi! Абавязкова палiцыю мацаваць трэба, безадвалочна!
Зусiм нядвузначна сказалi Мэндлiку павятовыя ўлады, што цэлая згваздка ў гэтак званым скарбе панствовым. Скарб гэны даволi-ткi худы, быццам, каб усiм, што ўраднiкамi хочуць быць — у тым лiку й пашыранай палiцыi — ля яго рукi можна было пагрэць. Вось, прыкладна, калi-б Мэндлiк узяўся часьцей колерам сялянскiх комiнаў ды платоў прыглядацца, або час ад часу водыр вясковых прыбiральняў сваiм панскiм носам праверыць мог, дый адзiн цi другi пратаколчык на залатовак пяток адчыканiць — дык чаму-ж, можа й якому лiшняму Адасю знайшлося-б на «панствовым пастарунку» мейсца. Вядома, што пан Мэндлiк за такую мудрую параду аберуч схапiўся. Зрэшты, што яму? Адась — чалавек пiсьменны, — казаў той, — пратаколаў колькi хочаш табе насьцёбае й справу як належыцца спрэцызуе, дый ногi ў яго ня зношаныя. А што мужыкi стагнаць будуць, дык што яму, Мэндлiку, да гэтага? Заплацяць, чорт iх ня возьме.
I вось гэткiм чынам, пасьля папярэдняга вышкаленьня, зьявiўся на «панствовым пастарунку» ў Гацях новы сябра чорнае сямейкi Адась Вадзiмскi. Як i трэба спадзявацца было, Адась намагаўся паказаць свае здольнасьцi з найбольш пазытыўнага боку. Служба яму вельмi да смаку прыйшлася. Хоць зялёным выглядаў ён мiж спрактыкаваных па службе сяброў, але надрабляў энтузiязмам. Ужо калi ў якую вёску едзе комiнам прыглядацца, цi пах прыбiральняў правяраць, або зь якiм кмецям справу мець, дык падрастаў Адась, быццам на дражджох. Каторага селянiна так абшурцуе, ды — няхай адно найменшая нагода — так «у халяву» плясьне, што аж «гвязды» ў беднага ў галаве народзяцца.
— Владза з тобон розмавя, хаме едэн! — падмацуе свае паводзiны Адась, калi здарыцца, што людзi ня выкажуць адпаведнае гэтай «владзы» пашаны.
Закружыла гэта «владза» Вадзiмскаму ў галаве. Няцяжка ўявiць, як чуўся ён пасьля тэй няўдалай вiзыты ў пошуках Сабакевiча на купальскiм iгрышчы ў Лiтоўцах. Так закранулi яго, на публiчны сорам выставiўшы, што, здаецца, калi-б голы перад гэтымi «хамамi» стаяў, то так не саромеўся-б. Зрэшты, разважаў палiцыянт, — хамы то быдла. А цi-ж голы чалавек можа быдла саромiцца.
Найбольш закранула яго, што такая простая вясковая цётка, — «хамка цёмна», — ды яго, разумнага, на чыстую ваду вывела. Узяў яе на вока. «Жыць ня буду, калi не адгаджуся ёй за гэта» — прыабяцаў тады сабе Вадзiмскi. Да гэтай цёткi далучыўся пасьля Пракоп Бахмач, калi, пасьля забойства ягонае жонкi, з хаты на вачох цэлай вёскi выгнаў. Гэта ня толькi зьнявага ўлады, а проста бунт! Ужо тады карцела Адасю блiжэй сваймi рукамi й ля тэй цёткi й Пракопа Бахмача паласавацца, але зраўнаважаны камандант Мэндлiк устрымаў яго. Фактычна-ж ня мелi да Пракопа прычэпкi. Сам Бжончэк, вядома, шанаваны iмi свой чалавек быў. Адылi, хоць афiцыйна прынялi ягоную вэрсыю, ведалi цi падазравалi, што яна хвальшывая. Якi гэта сялянiн з голымi рукамi на ўзброенага чалавека кiнецца? Бахмач да такiх не належаў.