I, сьпяваючы песьню гэную журботную, у сваёй красе непаўторную, думаць будуць жанкi аб нiшчымнiцы й нядолi пад струпелымi саламянымi стрэхамi. Прыгадаюць багацьце роднае зямлi, што поўнiць чужыя кiшэнi, лёс свой гаротны, сям'i й дзетак, што чакаюць пакуль наймiткi-маткi вернуцца ў родныя гнёзды. Разагнецца-выпрастаецца на захад сонца балючая сьпiна сялянкi, апусьцяцца спрацаваныя млосныя рукi, а змораны мiгценьнем сьцёблаў i каласоў зрок пабяжыць па заваяваным полi. Ужо каторы раз паўтараючы сьпяванае раней iхнымi бабкамi й прабабкамi, ня зьведаюць мо жнеi й гэтым разам поўнага таемнае глыбiнi сэнсу пясенных словаў. Думацьмуць, па колькi заразьбiлi, на як доўгi час таго хопiць, каб у гаршку закрасiць, цi залатаць iншыя дзiркi ў нiшчымнай гаспадарцы; цi праца iхная iзь сярпом прынясе малую й кароткатрывалую радасьць у выглядзе новага абутку, якой таннай сукенкi, цi — на гора i ўтрапеньне ў хаце — пойдзе зноў на лекi, каб выратаваць каго ў сям'i ад хваробы. Неразборлiвая ў хiтрыках даверлiвага сьвету, спрацаваная жнейка ўдзячная будзе ўвечары за прыгоршчы крышкаў iз стала чужога пана. I гэты iхны гаспадар-прыблуда, дый iншыя паны ў iншых мейсцах — з воклiкам «на здрове» i iз самазадаволенай усьмешкай — у недасяжных гэтым працавiтым жанком куткох спажывацьмуць сакавiтае дабро, у той час, калi яны ў сваiх сялянскiх абрабаваных хатах гушкаць i гадаваць будуць для тых чужых гаспадароў новых будучых наймiтаў.
Раз цi два кiнула Дуня позiрк у Лазоўскага двор. Церабiла дзяўчына скусанае паразiтамi ўночы цела, тулiла перавешаны на руцэ кошык i паглядала на задорна падняўшыя свае гонтавыя чубы гаспадарскiя збудаваньнi Лазоўскага. Дуня ведала, што, пэўна, у гэты час пад гэнымi стрэхамi завiхаецца ў раньняй гарачцы, каб выгнаць на поле статак, ейны найлепшы сябра й спадарожнiк Янучок. Дуня прыгадала, што ўжо пару тыдняў ня бачыла хлопца. Што зь iм? Як ён чуецца й што думае? Ад таго часу, калi Алену забiлi, нiколi не давялося зь iм сустрэцца. Ныла ў сваёй хаце бяда. Трэба было на зiму забясьпечыць ня толькi сябе, але й матцы памагчы. Чым далей, тым яна больш горбiлася, станавiлася бурклiвай, сварлiвай. Сёстры пакiдалi ёй на догляд сваiх дзетак, хадзiлi ў наймы, ды, мусiць, думалi, што матка неяк там дому й дзетак дагледзiць. А матка, вядома, сэрца для ўсiх мае вялiкае. Прыбiтая горам, яна трывала, цягнула як магла.
А Дуню клiкалi баравiкi ў дубровах, ягады на ўзбалотках i балотах, зёлкi на чыгуначных адхонах, палёх i палянах. Лета-ж не надгаблюеш. Яно кароткатрывалае й багатае плёнамi. Завiхайся, як тая пчолка, пакуль час, пакуль не перацьвiло, ня згнiло. Дуня-ж ня ўчора спавiваная была — ведала яна гэта аж занадта добра. Iншыя жалi чужое поле, натужвалiся на чужых нiвах, а для яе было сваё жнiво й свой незаменны час.
Што-ж з тым Янучком? Якi ён бедненькi й пануры быў у гэны вечар! Што ён цяпер думае? Чаму-ж усе самыя найгоршыя беды валяцца на Бахмачову сям'ю? Ужо й пра палiцыю дый пра той войстры Сабакевiчаў нож, каторым старога Бахмача Косьцiк страшыў, ведала цэлая вёска, у тым лiку й Дуня. I спачуваньне й жальба шырака расьпiрала маладыя дзявочыя грудзi. Так палюбiла яна гэтага задзiрлiвага хлопца. I хоць нiколi шчэ нiчога важнага не было выказана славамi, шматлiкае было перададзена позiркамi. Калi-б нават, здаецца, i мову адняло, дык, зiрнуўшы адно аднаму ў вочы, мiгам выказалi-б усё.
Трэба яго на днях, а й сяньня шчэ ўбачыць, распытацца, разьведаць, як жыве, у якi бок накiраваныя ягоныя думкi… Сваё гора ўпярэмяшку з чужым палыном пякло нутро. I не ўсьведамляла, i ня ведала Дуня Макатунiшка, што не на ёй быў пачатак i не на ёй скончыцца; што й пад гэтым старым сiвастагоднiм дубам Архiпам i ў гэтым, цяпер скарбовым, лесе — гэтак раней зь бясьсiльнай немачай у грудзёх тое самае цярпелi й думалi ейныя продкi, дый, можа, тое самае пераносiць будуць i ў немачы падносiць да Бога заплаканыя вочы нашчадкi.
Лес бурлiў тысячагалосьсем гаманлiвай птушынай сымфонii, сьвяцiўся-зiхацеў тысячакалёр'ям хварбаў расьцiннасьцi. Лес славiў новы й у сваёй асаблiвасьцi, можа, яму аднаму характэрны новы дзень. Тут быў свой чар, адмысловы ягоны подых. Тут была воля, прастор, бязьмежжа. Поўнымi грудзьмi i ўсёй сваёй iстотай упiвалася Дуня гэтым раньнiм лясным чарам. Здавалася, што яна была таксама часткай гэтае бязьмежнае й шматколернае стыхii, што мiж бязьлiчных i зьменных колераў i адценяў матэрыi й гуку нейдзе займала сваё асаблiвае й аднэй ёй апрычонае мейсца. Дыхала яна й упiвалася багацьцем шчодрых прыродных сокаў i гукаў, разам з усiм жывым i квiтнеючым у думках славiла Стварыцеля, пышнасьць i плённасьць ды незаменнасьць Ягонага тварэньня.
Нявыспаная дзяўчына як-бы набрыняла, налiлася сокамi жыцьцядайнай ды жыцьцётрывалай пажывы. Таго кашмару з клапамi й iншымi нявыгадамi як-бы й не было. Палякчэлi цяпер ажыўленыя раньняй расою ногi, параскашнелi насычаныя сьвежасьцю раньняга паветра грудзi.
Мiж старых i дрэмлючых дубоў, мiж касалапых кустоў, мiж зграбных, як вясельныя дружкi, бярозаў пырхала й скакала Дуня, як борзьдзенькi матылёк. Калi насустрач выходзiлi сем'i баравiкоў, нiзка прыгiнаўся-прысядаў гэты матылёк да зямлi. У кошыку апыналiся тоўстакарэнныя ядраныя каралi грыбнога племя, а дзявочы маладзенькi твар поўнiўся й расквiтаў задаволенай сьцiплай усьмешкай.
Нейдзе здалёк прыляцелi ўжо цi раз раней чутыя гукi дудкi лiпавiцкага пастуха Хвядоса. Тутака-ж збоку, быццам у вадказ, спачатку кволыя, а потым ужо куды сьмялейшыя, адгукнулiся гукi з поля Лазоўскага. Выпрасталася струной у бары маладая дзяўчына, вуха ейнае пiльна надслухоўвала раньнi канцэрт пастухоў. На прыкрытым вяснушкамi дзявочым твары зьявiлася спачатку загадкавая няўцямнасьць, а пасьля распрамянiўся ён шырокай усьмешкай. Вочы поўнiлiся цiхай радасьцю. Быццам застыла ў нерухомасьцi на валосах сьветлая хусьцiнка. Ня ведаў, пэўна-ж, малады басаногi пастушок, што граньне ягонае ловiць вуха любае дзяўчыны, тэй сяброўкi-матылька, што яшчэ раней за яго, як руплiвая пчолка, выляцела да дзённага занятку; што гукi тыя казычуць цяплом добрае дзявочае сэрца, у каторым ён ужо мае прытулак.
Макатунiшка паставiла на траву грыбны кошык, стаяла й слухала. Як прагны вады падарожнiк у пустынi п'е з асьвяжаючае аазы, гэтак Дуня забылася цяпер аб сваiм iснаваньнi, аб усiм сьвеце. Навосьцеж расчынiлiся дзьверы ейнага чульлiвага сэрца, стаяла бяз руху й насалоджвалася пастушковым граньнем ды любай i неабсяжнай прыродай.
Цяплом раньнiх праменьняў казытала сонейка цёмназялёнае шво лясных чубоў, ручайкамi прабiвалiся тыя праменьнi ў нетры густога лесу. Зiхатлiвыя кавалкi золата асядалi на галiнках i лiсточках, на трапяткiм птушыным пер'i, падкрадалiся яны й нiжэй аж да лясное падэшвы. Азалацiлася й сьветлая касынка на Дунiнай галаве, загарэлiся раньнiя дзявочыя вяснушкi.
Каб зьявiўся побач мастак iз пэндзалям, дык Богу падзякаваў-бы за такi цудоўны вобраз. На палатне вырасла-б маестатычная ў раньнiм харастве постаць беднае вясковае дзяўчыны, зачараваная сымфонiяй нованароджанага дня. Калi пэндзаль мастака паклаў-бы апошнiя рысы, на малюнку мог-бы зьявiцца адзiн з такiх напiсаў: «Зачараваная», або «Нованароджаная сымфонiя», або «Нiмфа ў грыбох».
Адылi нi той вобраз, нi напiс пад iм, — як поўнымi й гэнiяльнымi ў сваёй задуме нi былi-б, — ня выказалi-б дзясятай частачкi тэй мастацкай суцэльнасьцi, гарманiйнасьцi й дасканаласьцi хварбаў, якiмi так багатыя былi ў гэнае раньне Дуня Макатунiшка й беларускi лес. Тут цалкам адсутнiчала поза й штучнасьць, лякiроўка й надзьмутасьць. Як рэдка калi падчас свайго жыцьця бываюць людзi, Дуня ў гэныя хвiлiны поўнiлася сваймi шчодрымi хварбамi. У ейным позiрку, у спантанiчнай позе, у журботным задуменьнi, у непрыкрашанай мадэрнай моднасьцю прастаце, увасобiлася выключнае й незабытае хараство. Колькi даў-бы цi адзiн вялiкi мастак, каб злавiць i замацаваць на палатне такi вобраз!
Iз поўным кошыкам пуцатых тоўстагаловых баравiкоў вярталася дахаты Дуня Макатунiшка, калi ладна паднялося й пачало прыпякаць ужо сонца. Як мурашкi, цярэбячы жытнiя загоны, распаўзьлiся па палёх сяляне. Дзяўчына пайшла краем лесу й павярнула на шырокi луг, дзе пасьвiлiся каровы Лазоўскага. Не было надта часу, бо мацi казала нешта ўчора, што ў Гацi цi ня прыйдзецца сяньня iзь зёлкамi схадзiць. Але карцiла пабачыць Янука.