Изменить стиль страницы

— Янук, мяне твой бацька прыслаў! — пачаў, спынiўшыся Арсень. Ён так засопся, што ледзь пасьпяваў лавiць паветра.

— Мой бацька? Што такое? Чаго ты так засопся?

— Дай мне духу злавiць, зараз скажу.

— Ну?

— Лясьнiк тваю мамку забiў, застрэлiў тамака ў лесе…

Януку здалося, што не дачуў. Папрасiў паўтарыць. Разглядаў твар прыбеглага хлопца, цi дзе ня знойдзе на iм ценю жартаўлiвае ўсьмешкi. Твар Арсеняў быў такi сур'ёзны, вочы сьвяцiлiся такой вялiкаю шчырасьцю, што пастух не на жартачкi затурбаваўся.

— Ты што… гэта… нi манiш?

Янукоў язык зрабiўся непаслухмянай цяжкой калодай.

— Яй-Богу, дадушы праўдачку кажу, каб з гэтага места нi сышоў! — бiўся той песьцяй у грудзi.

— Як застрэлiў? Чаму? — скалатнуў Янук Арсеня за руку, а нешта пачало душыць яго за горла. Ён бачыў лясьнiка Бжончка — i ў лесе, i ў хаце Лазоўскага — не адзiн раз. Ад людзей чуў аб iм шмат благога й зьнялюбiў яго здалёк. Ужо амаль даў веры Арсеню, што гэны «падла», як называлi яго навакольныя сяляне, мог застрэлiць ягоную, Янукову матку. Але ўся Янукова йстота пратэставала процi такое ашаламляючае весткi, адмаўлялася прыняць яе.

— За ягады, — тлумачыў Арсень. — Кажуць, што вашы талонаў ня мелi. Ягады хацеў адабраць. Я табе кажу, што чуў, а забiтую тваю матку — дык на свае вочы вiдзiў.

У Янука закружылася пад нагамi зямля. Вомiг зьмянiлася выглядам навакольле. Насамперш, для роўнага й рытмiчнага дыханьня забракла паветра. Памутнелi ў вачох i загойдалiся лес, хутар Лазоўскага, Гараватка. Тое, што душыла за горла, крыху папусьцiла, i па твары пачалi плысьцi гарачыя, буйныя сьлёзы.

— Забiў ма-а-м-му, гы-гы-х!

Арсень стаяў, зрокам верцячы зямлю, i ня ведаў, што рабiць. Правай рукой скуб нагавiцу портак. Нейдзе здалёк, як-бы з другога канца зямлi, пачуў Янук нейкi голас.

— Твой гаспадар крычыць, каровы ў ваўсе, — прыгадаў Арсень. — Я пабягу, адганю.

Янук стаяў, як скамянелы. Усьведамленьне таго, што сталася, адабрала ўсякую волю. Дрыжэў. Дзесь з глыбiнi сьведамасьцi неадчэпны сумлеў падказваў, што ўсё гэта, што прынёс Арсень, магло быць няпраўдай, дурной памылкай.

— От ужо адагнаў, - сказаў вярнуўшыся Арсень. — Бацька твой прыслаў мяне, каб ты папрасiў у Лазоўскага каляскi з канём, каб матку забраць…

— Га?

— Кажу-ж табе, нi марудзь! Бацька прасiў у Лазоўскага каляскi з канём, ды скоранька!

— Добра, ужо йду. Ты пабудзiш з каровамi?

— Пабуду.

— Дык я бягу.

Янук рушыў у той бок, дзе Лазоўскi стаяў iз гладкiм панам. Тапсiк пару разоў брахнуў з уцехi. Адно калi Янук крыкнуў на яго гнеўным голасам, стулiў хвост ды пабег за хлопцам ззаду.

— Ты што гэта кароў нi глядзiш, балване едэн? — сыкнуў Лазоўскi на пастуха, калi той падыйшоў. — Авёс увесь паядуць, пся…

Убачыўшы заплаканы твар, асаднiк не даказаў.

— А гэта што? Чаго сьлiнiш?

Янук стаяў, кулаком выцiраў сьлёзы й ня мог здабыцца на слова.

— Ну, ну кажы! — спанукаў Лазоўскi.

— Маму ў лесе лясьнiк забiў…

— Што? Што?

— Лясьнiк забiў у лесе маму, гы-гы-ых…

— Хто? Пан Бжончэк? Не, гэта немагчыма! Што ты гаворыш, хлопча? Хто табе сказаў?

— Пiлiпаў Арсень прыбег. Вунь за каровамi глядзiць…

— Як? Чаму?

Янук не адказаў. Сьлёзы залiвалi ягоны замурзаны твар.

— Ну, дык што-ж я? — пачаў нецярплiвiцца асаднiк.

— Тата прасiў, воз каб вы далi, маму дамоў адвезьцi.

Лазоўскi маўчаў. Зь недаверам паглядзеў на тонкае пасма вусiкаў сiвавалосага гладкога пана, што стаяў побач, як-быццам ад яго спадзяючыся нейкага высьвятленьня.

— Лiха цябе ведае — можа, праўду кажаш. Паглядзiм… Ты гэтага, — падумаў хвiлiнку Лазоўскi, — бяжы ганi ў двор кароў, а я йду за возам.

Пакуль Янук прыгнаў кароў, на дварэ ў Лазоўскага ўжо стаяў запрэжаны аднаконны даўгi гнаявы воз. Асаднiк перш хацеў запрэгчы брычку, але пастанавiў, што для такое мэты яна не прыдатная: ня будзе як нябожчыцу пакласьцi. Лазоўскага парабак Яўхiм прынёс пэўныя рэзьгiнi сьвежага пахучага сена й разаслаў яго на калясцы, наперадзе паклаў туга напханы мурагом кашэль.

— Бабу нявiнную забiў, нялюдак, каб зь цябе трыбухi! — кляў Яўхiм, наладжваючы воз i крытычным вокам аглядаючы, цi ўсё так, як мае быць.

— Добра, што во конь зараз за садам пад рукой быў, дык скора справiўся. Гэта-ж нi жартачкi, такоя нiшчасьця…

Жанкi абступiлi Арсеня й Янука.

— Дык як гэта было? Скажы, хлопча! Матка Боская Чэнстоховская, гэты-ж пан Бжончэк — такi мiлы чалавек, здаецца, а кабету забiў, - бубнела таўстая, аплылая тлушчам, Лазоўскага жонка Дамiцэля. — Раскажы, хлопча, як то сталася.

— Ня вiдзiў я, — казаў Арсень. — Толькi пачулi мы стрэл i тады крык, i як падбеглi, дык Бахмачыха ўжо была нiжывая. У правы бок стрэлiў.

— А што-ж пан Бжончэк? Што ён казаў?

— Уцёк, нi сьледу ягонага там…

— Ну едзь, — загадаў Лазоўскi Яўхiму.

Парабак сеў на кашэль i ўзяў у рукi лейцы. Янук мiгам ускочыў на воз i сеў за парабкам ззаду. Арсень не садзiўся.

— А ты куды, Арсень? Чаму нi садзiсься? — спытаў Янук.

— Я, мусiць, у вёску пабягу, раскажу.

Ён борзда накiраваўся да брамы. Тапсiк мецiў, каб скочыць на воз.

— Ты бяжы! — загадаў яму Янук.

Добра адпасены гняды конь, паслухмяны лейцам гаспадара, трушком пабег з двара. Заляскаталi-зарыпелi патрабуючыя дзёгцю колы возу. Хурманка накiравалася ў бок скарбовага лесу. З боку Лiпавiчаў вецярок прынёс сумна-працяглыя гукi Хвядосавай дуды. У Януковым сэрцы нарастаў жаль. Празь сьлёзы ён нiчога ня бачыў.

XI

З гэтага боку Лiтоўцаў пад бальшак вулiца йшла дугой. На самым чубку дугi, бочнай сьцяной да вулiцы, стаяла Пятухова клець. Ля клецi была доўгая лава. Гэтае мейсца было як-бы ўмоўленым зборным пунктам вяскоўцаў. Калi была непагадзь у якое сьвята цi ў будзённы вечар, дык сядзелi па хатах, калi-ж пагода — тут абавязкова можна было таго цi iншага спаткаць.

Гэты пункт, калi так яго можна назваць, быў найбольш стратэгiчным у вёсцы. Адсюль добра можна было бачыць вёску напралёт у два бакi, назiраць што рабiлася й на бальшаку. Тут больш мо чым дзе пераказвалiся вясковыя навiны, спатыкалiся маладыя й старыя. Насупраць клецi — з другога боку вулiцы — была высокая, роўная зь верхам страхi клецi, гушкалка. Пабудавалi яе пазалетась. Гушкалiся найбольш дзяцюкi й дзеўкi, бо для малечы была яна не па сiлах. Каторы сьмелы дзяцюк, устоячкi разгушкаўшыся, сягаў часам вышэй вярха перакладзiны. З асаблiвай цiкавасьцю сачылi яго тады ўсе прысутныя.

У гэну нядзелю, калi здарылася трагедыя ў скарбовым лесе, ля Пятуховай клецi было асаблiва людна. Моладзь манiлася рабiць вечарыну. Нехта пайшоў ужо да Кмiтавага Тодара прасiць хаты. Тым часам прыходзiлi яшчэ дзяцюкi зь дзеўкамi, гаманiлi, жартавалi. Гулкiм сьмехам зьвiнелi дзявочыя галаскi. Усе былi апранутыя ў найлепшае.

Сваiм франтаўством i адвагай перад вялiкiм гуртам моладзi захацеў пафарсiць Шпунтоў Лявон. Аж здаравенныя слупы гушкалкi заўважна хiсталiся пад ягоным калыханьнем. Расшыбнуўся колькi ставала сiлы, ды ўсё яшчэ падпiхаў, каб тарчма стануць над перакладзiнай. Ягоная даўгая, ветрам раскiданая, блёнд чупрына апаўзала на вочы. Тады ён нэрвова торгаў у бакi галавой, каб адкiнуць валасы набок, ды з задавальненьнем кiдаў вокам на тых, што прыглядалiся, быццам хацеў сказаць iм: «гляньце, якi зь мяне гэрой, вам не раўня!»

У гэты час — адкуль нi вазьмiся — зьявiўся Захарукоў сын Пятро. Яго лiчылi ў вёсцы вялiкiм палахлiўцам i прыдуркам. Для таго, каб Пятра залiчыць да разумова зьвiхнутых, не было падставы. Гэта праўда, што ў сваiм выглядзе й норавах, Пятро быў простым, неахайным i наiўным. Але-ж не адзiн ён быў гэткi. Як той Дастаеўскага князь Мышкiн, Пятро быў няхiтры, шчыры й надта добры ў вадносiнах да людзей. Ягоная даверлiвасьць да любога чалавека была поўная. Кожны мог яго абхiтрыць, абдурыць, абсьмяяць. Пятро не засвойтаў у сваiм характары галоўных рысаў спаўжыцьця зь людзьмi, дзе хiтрасьць, няшчырасьць, чмута й ашуканства, прынамся ў практыцы, заўсёды былi карыснымi бакамi, а шчырасьць, няхiтрасьць, прастадушная дабрыня й даверлiвасьць — недаравальнымi заганамi.