Ферма цяпер была багацейшая i лепей арганiзаваная: яна нават пашырылася за кошт двух палёў, купленых у мiстэра Пiлкiнгтана. Вятрак нарэшце быў паспяхова дабудаваны, ферма мела цяпер сваю малатарню i сянажную вежу, з'явiлася шмат розных новых пабудоў. Уiмпэр купiў сабе калымажку. Вятрак, аднак, так i не выкарыстоўваўся для выпрацоўкi электрычнага току. Ён працаваў як млын i прыносiў немалы грашовы прыбытак. Жывёлы заўзята працавалi цяпер на пабудове другога ветрака, i калi ён будзе збудаваны, як казалi, на iм усталююць генератары. Але пра тыя выгоды, што некалi выхваляў перад жывёламi Сняжок стойлы з электрычным святлом, з гарачай i халоднай вадою, трохдзённы працоўны тыдзень, - пра гэта ўжо нiхто не гаварыў. Напалеон асудзiў гэтыя iдэi як супярэчныя духу Жывялiзму. Сапраўднае шчасце, казаў ён, палягае ў тым, каб старанна працаваць i сцiпла жыць.

Аднак жа неяк здавалася, што хоць ферма i пабагацела, самi жывёлы багацейшымi не зрабiлiся - апроч, вядома, свiнняў i сабакаў. Можа, часткова гэта тлумачылася тым, што цяпер было вельмi шмат свiнняў i вельмi шмат сабакаў. I не сказаць, каб гэтыя стварэннi на свой манер не працавалi. Вiскун нiколi не стамляўся тлумачыць, што ў iх было незвычайна шмат працы ў даглядзе за фермай i яе арганiзацыi. Але збольшага гэта была такая праца, што астатнiя жывёлы былi занадта дурныя, каб зразумець яе сэнс. Напрыклад, Вiскун казаў, што свiнням даводзiлася трацiць штодня шмат часу i сiлы на нейкiя загадкавыя рэчы, што звалiся "даклады", "справаздачы", "пратаколы" i "дакладныя запiскi". Гэта былi вялiкiя аркушы паперы, якiя трэба было густа запоўнiць лiтарамi, i як толькi яны былi запоўненыя, iх палiлi ў печы. Усё гэта надзвычай важнае для павышэння дабрабыту фермы, казаў Вiскун. Аднак усё ж нi свiннi, нi сабакi не выраблялi сваёй працай ежы; а iх было вельмi шмат, i апетыт яны заўсёды мелi добры.

Што да астатнiх, дык iх жыццё, наколькi яны ведалi, было такое самае, як i заўсёды. Звычайна яны былi галодныя, спалi на саломе, пiлi з лужыны i цяжка працавалi на полi; узiмку iх даймаў холад, улетку аваднi i мухi. Часам старэйшыя з iх напружвалi сваю слабую памяць i спрабавалi вызначыць, цi ў даўнiя днi Паўстання, калi яшчэ быў свежы ўспамiн пра выгнанне Джоўнза, усё было лепшае цi горшае, чым цяпер. Яны не маглi прыгадаць. Не было нiчога, з чым яны маглi б параўнаць сваё цяперашняе жыццё: iм не было на што абаперцiся, калi толькi не на Вiскуновы лiчбы, якiя нязменна паказвалi, што ўсё навокал няспынна паляпшалася. Гэтая задача здалася жывёлам невырашальнай; ва ўсялякiм разе, цяпер у iх не было часу паразважаць над гэтым. I толькi стары Бэнджамiн заяўляў, што памятае да драбнiц усё сваё доўгае жыццё i ведае, што нiчога не было, дый не магло быць нi лепшым, нi горшым - голад, цяжкая праца i нягоды былi, як ён казаў, нязменным законам жыцця.

I ўсё ж жывёлы нiколi не трацiлi надзеi. Больш таго, iх нiколi, нi на хвiлiну, не пакiдала пачуццё гонару за тое, што яны - жыхары Фермы Жывёлаў. Яны па-ранейшаму заставалiся адзiнай фермай ва ўсiм графстве - ва ўсёй Англii! - якою валодалi i кiравалi жывёлы. Нiводзiн з iх, нават маладзейшыя, нават новапрыбылыя, выхаваныя на iншых фермах за дзесяць i за дваццаць мiляў адсюль, не пераставалi захапляцца гэтым. I калi яны чулi стральбу i бачылi, як зялёны сцяг лунае ў паветры, сэрцы iх напаўнялiся бязмежнай гордасцю, а гаворкi вярталiся заўсёды да былых гераiчных часоў, да выгнання Джоўнза, да напiсання Сямi Запаведзяў, да вялiкiх бiтваў, у якiх былi разбiтыя чалавечыя захопнiкi. Рэспублiка Жывёлаў, якую прадказваў Маёр, калi зялёныя палi Англii не будуць болей таптацца чалавечаю нагою, усё яшчэ заставалася iх светлаю марай. Аднойчы яна здзейснiцца: можа, яшчэ не хутка, можа, нават нiкому, хто жыве цяпер, не ўдасца яе пабачыць, але гэтая мара станецца явай. Нават мелодыя "Звяроў Брытанii" часам патаемна сям-там напявалася: ва ўсялякiм разе, кожная жывёлiна на ферме яе ведала, хоць нiхто б не наважыўся спяваць яе ўголас. Можа быць, жыццё ў iх было цяжкае i не ўсе iх спадзяваннi спраўдзiлiся, але яны ўсведамлялi, што яны былi не такiя, як iншыя жывёлы. Калi яны галадалi, дык не таму, што iм даводзiлася кармiць бязлiтасных ненажэрных людзей; калi яны цяжка працавалi, дык, прынамсi, працавалi на сябе. Нiхто сярод iх не хадзiў на дзвюх нагах. Нiхто з iх не называў адзiн аднаго "Гаспадар". Усе жывёлы былi роўныя.

Аднойчы на пачатку лета Вiскун загадаў авечкам iсцi за iм i вывеў iх на вялiкую пустку на другiм канцы фермы, парослую маладымi бярозкамi. Авечкi прабылi там увесь дзень, скубучы лiсце пад пiльным наглядам Вiскуна. Увечары ён вярнуўся ў сядзiбу сам, а авечкам сказаў заставацца на месцы, бо надвор'е было цёплае. I гэтак яны прабылi там цэлы тыдзень, так што нiхто з астатнiх жывёлаў iх не бачыў. Вiскун быў з iмi большую частку кожнага дня i вучыў iх, як ён казаў, спяваць новую песню, якая патрабавала шмат стараннасцi i цярплiвасцi.

I вось адным пагодным вечарам, якраз пасля вяртання авечак, калi жывёлы скончылi працу ды iшлi да гаспадарчых будынкаў, з двара данеслася спалоханае ржанне. Жывёлы з перапуду спынiлiся. Яны пазналi голас Канюшынкi. Яна зноў заржала, i ўсе жывёлы наўзгалоп пабеглi ў двор. I яны ўбачылi тое, што пабачыла Канюшынка.

Яны ўбачылi свiнню, якая iшла на заднiх нагах.

Так, гэта быў Вiскун. Трохi нязграбна, быццам не зусiм прызвычаены трымаць сваё важкае цела ў такой паставе, але з выдатным адчуваннем раўнавагi, ён iшоў праз двор. А праз хвiлiну з дзвярэй сядзiбы выйшла даўгая чарада свiнняў, i ўсе на заднiх нагах. У некаторых гэта выходзiла лепей, некаторыя iшлi няўпэўнена, здавалася, што iм хочацца абаперцiся на кiй, але ўсе яны адна за адной абышлi двор. Нарэшце пачуўся страшны сабачы брэх i пранiзлiвы крык чорнага пеўня, i з сядзiбы выйшаў сам Напалеон i ўрачыста выпрастаўся, абводзячы двор пагардлiвым позiркам. Вакол яго гайсалi сабакi.

У пярэдняй назе ён трымаў бiзун.

Запанавала мёртвая цiша. Уражаныя i напалоханыя, жывёлы збiлiся ў кучу i пазiралi на доўгую чараду свiнняў, што паволi маршыравалi вакол двара. Здавалася, што свет перакулiўся дагары нагамi. Тады настаў момант, калi першы шок суняўся i калi, нягледзячы нi на што - на боязь сабакаў, на звычку, што развiлася за доўгiя гады, нiколi не скардзiцца, нiколi не пярэчыць, што б нi здарылася, - у iх ужо гатовыя былi вырвацца словы пратэсту. Але якраз у гэты момант, нiбы па сiгнале, авечкi выбухнулi жахлiвым бляяннем: