Гэта была марудная i цяжкая праца. Часта бывала, што цэлы дзень iшоў на тое, каб нязмернымi намаганнямi зацягнуць адзiны валун на край кар'ера, i часам, калi яго спiхвалi ўнiз, ён не разбiваўся. Нiчога нельга было б зрабiць, калi б не Баксёр, чыя сiла, здавалася, была роўная сiле ўсiх астатнiх жывёлаў разам узятых. Калi валун слiзгаў унiз i жывёлы, якiх цягнула за iм з гары, пачыналi крычаць ад роспачы, Баксёр заўсёды напружваўся i спыняў валун. Нельга было глядзець без захаплення, як ён, з цяжкасцю адольваючы кожную цалю, узыходзiў на гару, як дыханне яго пачашчалася, як ён чапляўся за зямлю вострымi краямi падкоў, як ягоныя бакi макрэлi ад поту. Канюшынка часам папярэджвала яго, каб ён бярогся i не перясiльваўся, але Баксёр нiколi яе не слухаў. Два ягоныя дэвiзы "Я буду працаваць яшчэ старанней" i "Напалеон заўсёды кажа праўду" здавалiся яму вычарпальным адказам на ўсе пытаннi. Ён дамовiўся з пеўнiкам, каб той будзiў яго ранiцай не на паўгадзiны, а на тры чвэрцi гадзiны раней. А ў свае вольныя хвiлiны, якiх цяпер ужо выпадала небагата, ён звычайна iшоў адзiн да кар'ера, набiраў бiтага камення i без чужой дапамогi цягнуў яго да месца, дзе меўся стаяць вятрак.

Усё гэтае лета жывёлы былi няблага забяспечаныя, нягледзячы на цяжкую працу. Калi ў iх было i не болей ежы, чым у часы Джоўнза, дык, прынамсi, i не меней. Перавага ў тым, што яны кармiлi цяпер толькi самiх сябе, а не мусiлi ўтрымлiваць яшчэ пяць марнатраўных чалавечых iстотаў, была такая вялiкая, што кампенсавала шматлiкiя нягоды. Да таго ж, шмат у чым метады працы жывёлаў былi больш эканомныя i эфектыўныя. Такая праца, як, напрыклад, праполка, магла быць зроблена з стараннасцю, недасяжнай для чалавека. Зноў жа, як нiхто з жывёлаў цяпер не краў, дык не было патрэбы аддзяляць выган ад ворнай зямлi, што ашчаджала шмат працы на ўтрыманне агароджаў i веснiчак. Тым не меней з наблiжэннем восенi пачала адчувацца непрадбачаная нястача розных неабходных рэчаў. Былi вельмi патрэбныя газа, цвiкi, вяроўкi, сухары сабакам i жалеза на падковы - i ўсё гэта не выраблялася на ферме. Пазней павiнны былi спатрэбiцца таксама насенне i штучныя ўгнаеннi, розныя iнструменты i, нарэшце, абсталяванне для ветрака. Дзе гэта ўсё ўзяць, нiхто не мог сабе ўявiць.

Аднойчы ў нядзелю ранiцай, калi жывёлы сабралiся, каб атрымаць загады, Напалеон паведамiў, што ён вырашыў перайсцi да новай палiтыкi. З гэтага часу Ферма Жывёлаў мелася наладзiць гандаль з суседнiмi фермамi: вядома ж, не дзеля камерцыйных мэтаў, а проста каб набыць некаторыя матэрыялы, якiя былi пiльна неабходныя. Патрэбы ветрака маюць стаяць вышэй за ўсё, сказаў ён. I таму ён вёў перамовы аб продажы стога сена i часткi сёлетняга ўраджаю збожжа, а пасля, калi спатрэбiцца больш грошай, iх можна будзе зарабiць, прадаючы яйкi, на якiя ў Уiлiнгдоне заўсёды быў попыт. Куры, сказаў Напалеон, мусяць з радасцю пайсцi на гэтую ахвяру, бо гэта будзе iх адмысловы ўклад у пабудову ветрака.

I зноў жывёлы былi збянтэжаныя. Нiколi не мець нiякiх зносiн з чалавечымi стварэннямi, нiколi не займацца гандлем, нiколi не ўжываць грошы - цi не былi гэта адныя з першых пастановаў, прынятых на першым урачыстым Сходзе пасля выгнання Джоўнза? Усе жывёлы памяталi, як прымалiся гэтыя пастановы, цi, прынамсi, iм здавалася, што яны памятаюць. Чатыры маладыя парсюкi, якiя пратэставалi, калi Напалеон адмянiў Сходы, нясмела запярэчылi, але, пачуўшы пагрозлiвае гырканне сабакаў, адразу змоўклi. Тады, як звычайна, авечкi завялi сваё "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна", i хвiлiнная збянтэжанасць была загладжана. Нарэшце Напалеон падняў нагу, запатрабаваўшы цiшынi, i паведамiў, што ён ужо пра ўсё дамовiўся. Жывёлам не трэба будзе самiм уваходзiць у кантакт з чалавечымi iстотамi, што было б вельмi непажадана. Ён вырашыў узяць увесь гэты цяжар на свае плечы. Нехта мiстэр Уiмпэр, юрыст з Уiлiнгдона, згадзiўся быць пасярэднiкам памiж Фермай Жывёлаў i знешнiм светам i будзе заходзiць на ферму кожны панядзелак ранiцай, каб атрымаць iнструкцыi. Напалеон скончыў сваю прамову сваiм звычайным воклiчам: "Хай жыве Ферма Жывёлаў!", i, пасля праспявання "Звяроў Брытанii", жывёлы былi распушчаныя.

Пасля гэтага Вiскун абышоў ферму i супакоiў яе жыхароў. Ён запэўнiў iх, што пастанова супраць вядзення гандлю i ўжывання грошай нiколi не была прынятая i нават не прапаноўвалася. Гэта ўсё была чыстая фантазiя, каранi якой трэба шукаць у хлуснi, што iшла ад Сняжка. Некаторыя жывёлы ўсё ж крыху сумнявалiся, але Вiскун дасцiпна спытаўся ў iх: "Цi вы пэўныя, што не прыснiлi ўсё гэта, таварышы? Можа, У вас тыя пастановы запiсаныя на паперы? Цi яны ўвогуле калi-небудзь запiсвалiся?" I як сапраўды было чыстаю праўдай, што нiчога падобнага ў пiсьмовай форме не iснавала, дык жывёлы пагадзiлiся, што гэта была памылка.

Кожнага панядзелка мiстэр Уiмпэр наведваў ферму, як было дамоўлена. Гэта быў хiтраваты чалавечак з бакенбардамi, не надта вялiкi дзялок, але дастаткова кемлiвы, каб зразумець раней за iншых, што Ферме Жывёлаў спатрэбiцца пасярэднiк i што камiсiйныя працэнты будуць вартыя клопату. Жывёлы глядзелi са страхам, як ён прыходзiць i адыходзiць, i як мага пазбягалi яго. Разам з тым, бачачы, як Напалеон, стоячы на чатырох нагах, аддае загады Ўiмпэру, што стаяў на дзвюх, яны напаўнялiся гонарам i часткова пагаджалiся з новым парадкам. Iх дачыненнi з чалавечым родам цяпер не былi ўжо тыя самыя, што раней. Цяпер, калi Ферма Жывёлаў квiтнела, чалавечыя iстоты не пераставалi яе ненавiдзець, яны ненавiдзелi яе яшчэ больш чым калi. Кожны з людзей свята верыў у тое, што ферма раней цi пазней збанкрутуе i што, перадусiм, пабудова ветрака скончыцца поўным крахам. Яны зазвычай сустракалiся ў корчмах i бралiся даводзiць адзiн аднаму з дапамогай схемаў i чарцяжоў, што вятрак абавязкова мусiць завалiцца або што калi ён i будзе стаяць, дык нiколi не будзе працаваць. I ўсё ж, мiжволi, яны прасяклiся павагай да ўмельства, з якiм жывёлы вялi свае справы. Адным з паказчыкаў гэтага было тое, што яны пачалi называць Ферму Жывёлаў яе сапраўдным iмем i болей ужо не настойвалi на тым, што яна завецца Ферма Мэнар. Яны таксама кiнулi баранiць Джоўнза, якi ўжо не спадзяваўся вярнуць сабе ферму i пераехаў жыць у другi канец краiны. Калi не лiчыць Уiмпэра, нiякiх кантактаў памiж Фермай Жывёлаў i знешнiм светам пакуль што не было, але ўвесь час хадзiлi чуткi, што Напалеон збiраецца заключыць дзелавое пагадненне або з мiстэрам Пiлкiнгтанам з Фоксвуда, або з мiстэрам Фрэдэрыкам з Пiнчфiлда - але нi ў якiм разе, як было заўважана, з абодвума адначасова.