Бабареко Адам
Як красназорцы зямлi сцуралiся (на белорусском языке)
Адам Бабарэка
Як красназорцы зямлi сцуралiся
- Чакайце бо, вось мне набегла на памяць! Вы ўсё жалiцеся на долю: "Мусiць доля наша такая. I цяпер праўды няма. Казалi: зямлi будзе ўсiм удосталь. Казалi: усе будуць роўнымi, а дзе ж яно ўсё гэта? Палёгкi нiякай няма. Лiхая наша доля..." А вы?.. Але, пэўна, вы не ведалi Мiхаля Старога з Красназорак, што за балотам, за галамi. Памёр i не дачакаўся таго часу, пра якi ён, бывала, любiў часта казаць: "Эх, прыйдзе час, - але я ўжо, мусiць, не прычакаю, прыйдзе i ўсiх параўнае. Усе будуць роўна гараваць, будуць роўна i панаваць. I мужыкi самi сцураюцца сваёй зямлi, сваёй уласнасцi. От успомнiце некалi маё слова. Сабакам назавеце, калi будзе няпраўда". Дык але ж, на лiха яму, i праўда. Гэтак сталася ў тых жа Красназорках. Я сам на свае вочы бачыў, на свае вушы чуў. Каб хто казаў - не паверыў бы, а то сам. Дык ось слухайце, раскажу вам, як гэта сталася, дык мо i нам льга будзе што пераняць.
Неяк гэтым летам жонка прыстала: паедзь i паедзь у Прыдолле. "Аднак ухадзiлiся з сенам, а там мо паможаш нашым, ды што i дастанеш". Падумаў я, падумаў - i хлеб выходзiць, а дзе яго так скора варвеш, i адзетку няма, запрог каня i паехаў. А ехаць у Прыдолле трэба праз Красназоркi.
Даўно я ўжо праз iх не ехаў. А была гэта звычайная вёсачка, ну двароў мо з сорак.
Будынкi, быццам апенькi, каля пня-цэркаўкi паскучвалiся-паскручвалiся. Пасярэдзiне - вулiца. Сям-там, як тыя тычкi цi пужалы на агародах, тарчалi старэнькiя бярэзiны ды кляны. Як буслы на адной назе, гуськом, пазiраючы ўнiз вочапамi, папрытульвалiся "бабы" з "жураўлямi" i нудна скрыгiталi, п'ючы ранiцою ваду са студняў. Абгароджвалi вёску вузкiя стужкi палеткаў i сенажацяў. З аднаго боку, ушчапiўшы на шыю пацеркi-праслы, пластом разлягаўся выган - мiска з паўбiватаю, перамешанаю травою-кашкаю. Штодзень тут таўклося збiралася - гаўяда. Дык я кажу, звычайныя былi Красназоркi, як i наша вёска.
Я гэта еду сабе, напоркваю свайго цюхцяя гнядога ды паглядаю наабапал дарогi - любуюся на збажынку людскую. А дзень быў лагодны.
От як цяпер памятаю, сонейка сабе песцiцца, палыскаецца ў белых, пухленькiх аладках-воблачках. Паветра над палеткамi калышацца, гойдаецца, i здаецца, быццам за вушы падцягвае жытнiя калосiкi на шнурочках, што звязваюць сiне-смуглыя намiткi лясоў i краскi - рассыпаныя каралi лугоў. Еду i сам сабе думаю: "Добрае жытца, а i ярына паказвае на ўраджай. Добра, у каго многа зямелькi, а вот мне i прырэзку далi, i то не ведаю - цi стане на той год свайго. Жытцо маё нешта хiбiла. Але i як яму не хiбiць - без гною. А яго ж i не збярэш шмат з гэтага вось цюхцяя ды з аднае кароўкi. Ды якi i ёсць, дык хаця б на сваё, а прыдатак... цi будзе шчэ мой..." Так сабе раздумлiваю, не ўгледзеў, калi i ў Красназоркi прыехаў, а гэта ж такi ў аб'езд балота, дык мусiць вёрст з пятнаццаць будзе.
Аб'ехаў я гэта - i што за лiха, няўжо мой гняды дзе звярнуў у Другую дарогу - не пазнаю Красназорак, дый годзе. Гэтак адмянiлiся з таго часу, як я колiсь праз iх праязджаў. Нават аж папытаўся, бо кажуць жа: "Хто пытае, той не блудзiць". Кажуць: Красназоркi.
- А-а, адмянiлiся, - падзiвiўся я.
Шмат новых будынкаў паабапал шырокай вулiцы, як яблычкi зiхацяць. Хораша так гэта паабгароджваны новымi частаколамi, а то i дошчачкамi. За хатамi вiдаць садзiкi пазасаджваны. Так вось i трапечуць сваiмi лiсточкамi, нiбы ўжо вучацца прыманьваць да сябе ў спёку-гарачыню. Не вiдаць штось i цэркаўкi. А дзе, як мне памятаецца, быў выган - здаля вiдаць - калосiцца жытцо, быццам наша балота чаротамi.
"Шмат адмянiлася", - думаю сабе. Толькi з прыезду нашага, нiбы якiя здыхляцiны, валяецца кучак некалькi асунуўшыхся, асiвеўшых будынкаў. Гэта, як я потым дазнаўся, былi гнёзды даўнейшых багацеяў, што камандавалi, бывала, усёй вёскаю.
Тут мне захацелася пiць, ведама, улетку ад гарачынi. Дай, думаю, забягу ў якую хату. Прыпынiў каня, закiнуў лейцы за частакол i заходжу.
- Дзень добры!
- Дзень добры! - адказвае якаясь бабулька.
Папрасiў вады, напiўся. Бабулька папытала, адкуль i куды я еду, папытала, што на свеце чуваць. Я гэта адказаў, як звычайна, i дадаў: "А, ад лiха цiха, дый дабра не чуваць".
- Але ж, мой саколiк, - загаварыла бабулька. - Вось у нас лiха ведае што выдумляюць. Цэркаўка пазалетась згарэла, а кажуць, што яе тут нехта з нашага ж сяла падпалiў. А новай i не думаюць будаваць. Нейкiх камiтэтаў навыдумлялi, прадстаўленнi нейкiя робяць. Ды цi чуў, чалавеча, амаль не ўсе зямлi свае паадцурвалiся, ды ўсё нейкiм хаўрасам - i не разбярэш. Але ж кажуць, хаўрусна - гнюсна, так i гэта. Адступiўся бог ад нашых красназорцаў. Не той свет пайшоў.
Мо б яна i яшчэ што нудзiла, але ж вiдно, як чалавек нудзiць, дык неяк слухаць ахвоты няма. Бачыш чалавек адно, а табе напяваюць другое.
- Няма мне часу, бабулька. Трэба ехаць, хаця б да вечара заехаць, завярнуўся i пайшоў.
Еду я.
На вулiцы адно дзецi сям-там дурэюць, смяюцца. I да майго вуха не раз далятаў пiсклiвы галасок:
- Я бальшавiк, а ты?..
- Ты будзь нiбы пан, а мы цябе праганяць...
"Вось налiха вас, як вы ўсё скора пераймаеце", - падумаў я, i неяк весела на душы зрабiлася.
Праязджаю.
Бачу будынак большы, як звычайныя хаты. Нават гонтамi пакрыты. Нешта i напiсана на iм, але, ведама, як няграматны, я i не разабраў што.
Але мяне больш за ўсё заняла думка, як гэта яны ад зямлi адцуралiся, як казала тая бабуля. Вот хочацца ў каго распытацца, як улетку пiць. Аж бачу, перада мной iдзе чалавек з касою. Я гэта таркануў свайго гнядога. Думаю, напэўна красназорац.
- На сенажаць?.. Прысядзь, пад'едзеш крышку, - а ў самога на вуме, каб распытацца, дык так i смажыць-карцiць.
- З Красназорак? Касiць?..
- Але. Балота там кавалак быў, дык сёння трэба скончыць.
- Каму ж гэта косiце?.. Я чуў, вы зямлi адцуралiся. - Не верылася мне, як убачыў я чалавека з касою.
- Ды яно так, можна сказаць, адцуралiся, але ж косiм сабе.
- Як гэта "адцуралiся i косiм"?
- А так, браце. Бывала, корпалiся мы на сваiх загончыках, корпалiся, а далей i абрыдзела. Ты i туды, ты i сюды, а яно ўсё - няхваткi, а яно ўсё недастаткi. Як прыйшла гэта савецкая ўлада, то нам i прырэзалi крыху зямлi, але ж што, калi ўзбiцца на гаспадарку трудна. Тое ёсць, таго няма. Як кажуць, - хлеб ёсць, квасу няма. Так i мы - не спытвалi таго i другога разам. А багатшыя за нас усё пасмiхоўвалiся - падкепвалi. Але ж толькi таго - смейцеся, калi вам смешна, хоць вам-та плакаць хочацца, думалася нам. А мы будзем рабiць, як нам розум дыктуе. Ды прыязджалi да нас з месцаў з рознымi парадамi, але ўсяго было - i верылi i не верылi.