Моруа Андрэ

Iрэн (на белорусском языке)

Андрэ Маруа

IРЭН

- З прыемнасцю пайду з вамi сёння ўвечары, - сказала яна. - Такi цяжкi быў тыдзень! Столькi працы i адны расчараваннi!.. Але вы тут, i на душы весялей... Слухайце... Давайце паглядзiм цудоўны фiльм...

- I не думайце цягнуць мяне ў кiно, - сказаў ён, нахмурыўшыся.

- Якi жаль!.. Мне так хацелася пабачыць гэты фiльм разам з вамi... Але нiчога... Я ведаю на Манпарнасе куточак, дзе танцуюць цудоўныя марцiнiканцы...

- Ну, вось яшчэ! - сярдзiта запярэчыў ён. - Хопiць мурынскай музыкi, Iрэн! Я ёю сыты па горла.

- I што збiраецеся вы рабiць?

- Вы самi ведаеце... Паабедаць у цiхiм рэстаранчыку, пагаварыць, прыйсцi да вас, расцягнуцца на канапе i аддацца марам.

- Не, нi ў якiм разе! - адмовiлася яна ў сваю чаргу. - Не!.. Вы вялiкi эгаiст, мой дарагi... Вы ў здзiўленнi?.. Ды вам жа нiхто нiколi не казаў праўды... Нiхто... Вы прызвычаiлiся, каб жанчыны слухалiся вас, каб вашы жаданнi былi для iх законам... Вы, як сучасны султан... Ваш гарэм адкрыты... Раскiнуўся на дзесяць краiн... Але гэта гарэм... Жанчыны - вашы рабынi... I тая, што належыць вам, асаблiва... Калi вам хочацца ляжаць i марыць, яны павiнны глядзець вам у рот. Калi вам хочацца танцаваць, яны павiнны быць напагатове. Калi вы напiсалi некалькi радкоў, яны павiнны iх хвалiць. Калi вам хочацца пазабаўляцца, яны павiнны быць, як тая Шэхеразада... Не, мой дарагi, з мяне даволi! Няхай хоць адна жанчына не будзе нявольнiцай вашых капрызаў!..

Яна спынiлася i загаварыла мякчэйшым тонам:

- Як гэта сумна, Бернар!.. Я так радавалася, што вас бачу... Я спадзявалася, што мне з вамi будзе добра, а вы з'явiлiся i думаеце толькi аб сабе... Пакiньце мяне... Прыходзьце тады, калi цвёрда засвоiце, што на свеце не толькi вы адзiн...

* * *

Усю ноч Бернар не мог заснуць i, засмучаны, думаў. Iрэн мела рацыю. Ён быў агiдны. Ён не толькi падмануў i кiнуў Алiсу - жанчыну мiлую, верную i паслухмяную, ён нават карыстаўся ёю без любвi. I што ў яго за натура? Адкуль гэта прага перамагчы i валодаць? Гэта няўвага да iншых? "На свеце не толькi вы адзiн", - гучала як дакор. Прыгадваючы мiнулае, ён выразна ўявiў сваю цяжкую маладосць, недаступных жанчын. Было нешта ад рэваншу ў яго эгаiзме, а нахабства развiлося з баязлiвасцi. Дзе ж яны, высакародныя пачуццi?

"Высакародны... - разважаў ён, - i слова нейкае пошлае! Трэба загартоўваць волю. У каханнi - хто не ўмее ўзяць верх, таго растопчуць. Але ўсё ж часам так прыемна... уступiць, быць слабейшым, шукаць сваё шчасце ў шчасцi другога".

Зрэдку, раздзеленыя ўсё даўжэйшымi iнтэрваламi, вярталiся ў гараж запозненыя машыны.

"Шукаць сваё шчасце ў шчасцi другога? А што ж? Хiба гэта немагчыма? Хто прымушае яго быць жорсткiм? Хiба кожны чалавек не мае права ў любую хвiлiну перайначыць сваё жыццё? I, стаўшы iншым, хiба ён знойдзе сабе лепшага сябра, чым Iрэн? Iрэн... такая прывабная ў сваёй адзiнай выходнай сукенцы, у зацыраваных панчохах, у паношаным плашчыку... Iрэн, такая прогожая i такая бедная. I такая велiкадушная ў сваёй беднасцi. Колькi разоў ён бачыў, як яна дапамагала расейскiм студэнтам, бяднейшым за яе, ратавала iх ад галоднай смерцi. Шэсць дзён у тыдзень яна працуе ў краме, а яе ж да Рэвалюцыi выхоўвалi, як прынцэсу. I нiколi не скардзiцца... Iрэн... I ён мог таргавацца з ёю за дробязь? Адмовiць ёй у мiлых забавах? Сапсаваць ёй цэлы вечар?"

З грукатам, аж задрыжалi шыбы, праiмчаўся апошнi аўтобус. I болей нiякi шум не парушаў начной цiшынi. Бернар усё яшчэ змагаўся з бяссоннiцай. Раптам душа яго азарылася ў натхненнi. Ён прыняў важнае рашэнне: прысвяцiць сябе шчасцю Iрэн. Ён будзе ёй лепшым сябрам, ласкавым, пакорным. Так, пакорным. Гэта думка супакоiла нервы, i ён неўзабаве заснуў.

* * *

Назаўтра ранiцай ён прачнуўся ў вясёлым настроi, ускочыў i пачаў апранацца, напяваючы песню. Такога не было з iм з часоў юнацтва.

"Сёння ж вечарам пайду да Iрэн i папрашу прабачэння".

Калi ён завязваў гальштук, зазванiў тэлефон.

- Ало! - пачуўся мiлагучны голас Iрэн. - Гэта вы, Бернар? Слухайце... Я не магла заснуць. Мяне грызла сумленне... Я вас учора моцна пакрыўдзiла!.. Даруйце мне... Сама не ведаю, як гэта я...

- Наадварот, гэта я, Iрэн, усю ноч даваў клятву, што перамянюся.

- Нiякiх перамен! Не рабiце глупства... Ах, Бернар, якраз за гэта i люблю я вас: за вашы капрызы, упартасць, за характар распешчанага дзiцяцi. Яно так прыемна быць з чалавекам, якi патрабуе ахвяр... Я хацела вам толькi сказаць, што сёння ўвесь вечар вольная i не прапаную вам нiчога канкрэтнага. Зараней згаджаюся на ўсё...

Бернар паклаў слухаўку, i на душы ў яго стала маркотна.

Пераклад: Юрка Гаўрук