Не скажу, што валасы на маёй галаве ўсталi дыбам, але зрабiлася жутка i неяк дзiкавата. Адкуль такое?! Дзесяць гадоў прайшло пасля вайны - няўжо яе водгукi?

Рэзка паварочваю ад сваёй знаходкi i амаль бягу ў процiлеглы бок, не заўважаючы нi махавiкоў, нi баравiкоў. У хлапечай душы - бура думак, пратэсту, спачування i болю...

Праз некаторы час крыху супакойваюся i зноў пачынаю "паднiмаць" грыбы. Раптоўна (зноў раптоўна!) натыкаюся на... чалавечы чэрап. Няўжо "скруцiў каўбасу"? Не! Той, першы чэрап, быў маленькi, зграбны, гэты - вялiкi, прадаўгаваты, масiўны...

Ведаеце, у мяне нешта падвярнула пад лыжачкай, мне стала дрэнна, я пабег з бору - хутчэй бы дахаты. Мне здавалася, што з-за кожнай сасны на мяне глядзелi жудасныя вачнiцы i вышчаралiся страшэнныя пачарнелыя зубы...

...Ой, бор... бор... Якiя таямнiцы хаваюцца за тваёй гасцiннасцю, за тваiмi "разнасоламi"? Што хоча выказаць шум тваiх вяршынь? Цi не стогны закатаваных душаў чуюцца ў паскрыпваннях аднаго дрэва аб другое? Цi не кроў блiшчыць у чырванi сонечных сунiц? Цi не перадсмяротная сляза закралася ў сакавiтасць чарнiц?..

Потым, многа разоў, нейкая сiла штурхала мяне да гэтых чалавечых астанкаў, нягледзячы на тое, што такiя "сустрэчы" выклiкалi ў душы непрыемныя адчуваннi. Гэта працягвалася да таго часу, пакуль я iх не пахаваў.

Чарговы раз чую ад мамы: "Ой, бор... бор..." - i настойлiва распытваю яе пра глыбiнны сэнс гэтых сцiплых слоў...

Таго, што расказала мама пра бор, хапiла б на вялiкую кнiгу, але я мiнаю мамiна дзяцiнства, юнацтва, паншчыну, калгаснае падняволенне i многае iншае, а раблю невялiчкiя "прыпынкi" на дзвюх падзеях, звязаных з мiнулай вайной...

Партызанскi рух у Беларусi стварыўся амаль iмгненна - толькi нямецкi бот ступiў на нашу зямлю, як людзi, чые рукi былi звыклыя да плуга ды сякеры, узялiся за зброю i пайшлi ў лясы.

Але былi i iншыя рукi - "гарадскiя", тых людзей, чые сэрцы i сумленне клiкалi на барацьбу з захопнiкамi. Шмат юнакоў i дзяўчат добраахвотна рвалiся на фронт, у партызаны, стваралi падпольныя суполкi. Слава вам i пашана за гэта, суайчыннiкi!

Думаю, што менавiта такiя патрыятычныя пачуццi прывялi з акупiраванага Менска ў нашыя лагойскiя лясы прыгожую маладую дзяўчыну Валю (прозвiшча, на жаль, не ведаю). Яна шукала партызан i... лепей бы яна iх не знайшла...

Час быў суровы, ваенны - на карту было пастаўлена жыццё Радзiмы, таму дзяўчыну Валю партызаны сустрэлi падазрона, нават варожа.

А яна, як на тое лiха, прыгожа апранулася - новы расшыты кажушок, блiскучыя боцiкi, сама - як кветка. Вырашылi партызаны, што яна - варожы лазутчык, вывелi яе, бедную, у бор, мучылi, дапытвалi, нарэшце, не дабiўшыся "прызнання", - раздзелi i расстралялi... Нават не пахавалi... Дык вось чый быў маленькi, зграбны чэрап...

...Ой, бор... бор... Цi не таму твае прыгожыя сосны ззяюць залацiстай чырванню, што iх каранi ўвабралi разам з вiльгаццю i святую чалавечую кроў?..

А вось другi "прыпынак" мамiных успамiнаў, звязаных з прыгажуном-борам.

Карпiлаўка не была яшчэ спалена немцамi, але яны наведвалiся ў яе, "прымяралiся".

Аднаго дня мой старэйшы брат Коля (сёння ўжо нябожчык), тады малады i гарачы партызан, ехаў на такiм жа маладым i гарачым жарэбчыку ў разведку ў бок Жукаўкi. Толькi ад'ехаў ад Карпiлаўкi, як убачыў немцаў, якiя рухалiся з Менска яму насустрач. Крутнуўся ён у густы ельнiк ды назад, а конь занаравiўся - нi з месца. А да Карпiлаўкi - рукой падаць, а там жа - людзi, там - мацi з малымi братамi i сястрой... Цудам ён "угаварыў" таго жарэбчыка, хоць i пазнавата, а ўскочыў у вёску, падняў усiх на ногi. Утварылася панiка, уцякалi хто як мог у бок Вялiкага Поля, за якiм пачынаўся выратавальнiк-лес...

Сёння, памiж борам i Карпiлаўкай, уздоўж ручайка (тады рачулкi) узняўся сцяной альшэўнiк ды бярэзнiк, а тады - Карпiлаўка з бору як на далонi...

Толькi мы адбеглi ад Карпiлаўкi метраў сто, як немцы пачалi "палiваць" з кулямётаў па нас. Мы заляглi, як тыя мышы, у траве, баiмся варухнуцца. Некаторых маладых хлопцаў гарачая кроў кiнула на коней - думалi, што конскiя ногi хутчэй кулi, i, зрабiўшыся мiшэнню, былi пасечаны кулямi на вачах сваiх мацi...

Мама прыцiскала мяне, маленькага, да грудзей i, затаiўшыся, ляжала памiж купiн. Потым перакруцiлася - "памяняла" ногi з галавой, каб паўзцi да лесу, i ў гэты момант куля трапiла ў тое месца, дзе iмгненне назад была мамiна галава - у нагу, каля ступнi... Хоць сыходзiла крывёй, але жыць засталася, а з ёй - i я...

...Даўно няма мамы, забрала яе зямелька, але я, едучы з Менска ў родную Карпiлаўку, заўсёды за Жукаўкай пазiраю направа i з цяжкасцю выдыхаю:

- Ой, бор... бор...

АСФАЛЬТ НА СЭРЦЫ

Ёсць людзi, якiя з вялiкiм жалем i пякучым болем развiтваюцца з мiнулым. Такiм людзям надзвычай цяжка жыць: кожны дзень - успамiны, успамiны, успамiны. Душа - несцiхаючыя перажываннi, сэрца - незажываючая рана. Людзi з такiмi абвостранымi пачуццямi больш знаходзяцца ў мiнулым, чым у сучасным, хоць многа, заклапочана i ўсхвалявана дбаюць пра дзень наступны...

Ёсць i другi склад людзей, якiя жывуць СЁННЯ - дзень да вечара. Клопаты аднаго дня не патрабуюць вялiкiх намаганняў - нi фiзiчных, нi тым больш душэўных, маральных. Прачнецца такi чалавек ранiцай i спакойна думае: вечар блiзка - чаго хвалявацца, а заўтра будзе бачна, што далей... Мiнулае такiя людзi ўспамiнаюць рэдка i неахвотна - якая карысць з таго, што ўжо было i нiколi не вернецца? Толькi галаву заб'еш пустым i непатрэбным...

Добра жыць гэтым людзям - яны быццам падарожнiкi, што iдуць улегцы анiякай ношы, нi ў руках, нi за плячыма. Выбрыквай нагамi па дарозе, выстуквай сабе абцасамi па каменьчыках ды размахвай рукамi - мух адганяй...

На шчасце цi на пакуты - я належу да першых.

Я не магу ўявiць сябе без родных мясцiн, без сцяжынак дзяцiнства, якiя нiколi не зарастуць, бо сэрца водзiць мяне па iх штодзённа, без казачных мараў юнацтва, якiя прысутнiчаюць у кожным дне, у кожным сне маiм...

Я чую галасы тых, каго, на вялiкi жаль, няма сёння з намi - галасы маiх працавiтых i надзвычай цiкавых аднавяскоўцаў, маiх сяброў, якiя рана сышлi ў магiлу...

У маiм сэрцы гучыць жывы, родны i такi неабходны голас маёй мамы. Я штодзённа адчуваю яе побач з сабой i нiколi не пагаджуся з тым, што яна памерла - яна часова адсутнiчае, некуды адышлася, ад'ехалася, яна - ёсць...