Изменить стиль страницы

— Я, можа, і мяшчук, але ў маёй вёсцы сяляне не галадаюць!

— Ну так, мужыка, вядома, хвалюе, што другі мужык на абед мае! — насмешнічаў пан Гервасій. — А ты ведаеш, што сяляне ў тваёй вёсцы сеюць, якая там глеба, ці хапае ўгнаення? Ці не варта прыкупіць які поплаў? Прыехаў, паглядзеў, капейку кінуў — і на лекцыі. Які з цябе гаспадар маёнтка?

— А вось цікава, калі б пан Лёднік мужыкоў у акадэмію пачаў прымаць… — гэта прамовіла лёгенька-бязвінна Паланэя… Вось жа паскудніца, спецыяльна пад’южвае.

— Вось, гэта і ёсць бязладдзе ў дзяржаве! — падхапіў Амерыканец. — Я б такіх самазваных шляхціцаў, як ты, клісцірнік, далей стайні не пускаў! Ты ж схізматык, спіш і марыш, як нашую зямлю маскалям аддаць! Думаеш, яны цябе адораць, дык станеш роўны з намі! Не быць таму — князь і ў Расіі князь, а халоп — і ў Рыме халоп! — Агалінскі крычаў, як варона на дождж.

— А невук і п’яніца — і на троне невук і п’яніца! — зусім разыйшоўся ў вальнадумстве сваім Лёднік. — Высакародныя! Што ж вы пад Алькенікамі не былі такімі высакароднымі, калі Багінскія ды Вішнявецкія Сапегаў разбілі, а потым, напіўшыся, у касцёл уварваліся ды палонных сваіх жа паноў-братоў засяклі? Я ў летапісе сам чытаў: «супроць Богу і сумленню забавязанае пад прысягай абяцанае зламаўшы і слова не стрымаўшы, будучы ад перапітку зграяй зухвалай і ў заядласці і гневе болей на звяроў дзікіх, чым на людзей падобнай, ніякае зверхнасці князёвай не рэспектуючы». Палоннага гетмана Міхася Сапегу ўдарам у спіну забілі. Гэта не я сваю зямлю прадаю, а тыя, хто права на трон гатовы з чыіх заўгодна рук прыняць!

— Ды я табе зараз язык твой халопскі адсяку!

У пакоі забразгала сталь, Пранціш ледзь устрымаўся ад таго, каб умяшацца. Але ўстрымаўся правільна: нешта бразнула аб падлогу, і Лёднік халодна прамовіў:

— Не раю васпану паўтараць свой экзэрсіс. У сумленным двубоі ў вас няма супроць мяне шанцаў.

Хто б сумняваўся, што доктар выб’е шаблю з рук задзірыстага пана Гервасія ў першую ж хвілю… Ну што, абыйшлося?

— Гэта я сапраўды памыліўся, — голас пана Агалінскага ажно віраваў ад нянавісці.—Скрыжаваў з табою, мярзотнік, сваю шляхецкую зброю! Забыўся, хто ты такі і на што здатны! Распуснік і здрайца! Усё, хопіць! Нос дзярэ, камандуе, павучае! — пан зноў сарваўся на крык. — Зараз жа расплочвайся, як прысягаў! Засцябаю, як сабаку!

— Як будзе заўгодна васпану! — Лёднік таксама заходзіўся ад гневу. — Бізун — тая зброя, якой вы дасканала валодаеце! Нічога іншага і краіне ад вас не дачакацца! Ды мне прыемней зараз здохнуць, чым надалей з вашае мосцю адным паветрам дыхаць!

Падобна, кнот дагарэў да апошняй нітачкі. Пранціш уварваўся ў пакой. Лёднік кінуў шаблю і зрываў з сябе камзол, ажно дробныя гузікі на падлогу ляцелі, Агалінскі, чырвоны і распалены, як заходняе сонейка, сціскаў у руцэ цяжкі бізун, Паланэя сядзела на падваконні, як намалёваная, і шчыра забаўлялася.

— Панства, зараз у ратушы цмока будуць забіваць! — звонка выкрыкнуў Пранціш, але абодва дыскусанты не надта на яго звярнулі ўвагу, паядаючы ненавіснымі позіркамі адно аднаго.

— Вашыя мосці з глузду зусім з’ехалі! — Пранціш стаў паміж ворагамі. — Мала таго, што з-за вашай няўчаснае гарачнасці не спраўдзіцца наша місія, але й мы ўсе загінем! На час фэсту ў горадзе пад пагрозай смяротнага пакарання забаронены ўсялякі гвалт. Вас, пан Гервасій, павесяць! А нас пасадзяць у вязьніцу! І карысці будзе, як ад гусі авёс купляць.

Пра забарону гвалту Пранціш хлусіў, але, цалкам магчыма, нейкі падобны звычай у Дракошчыне існаваў.

— А вы, пан Палоній, схадзілі б лепей паглядзелі, як прыгажунчык Дамінік з мячом красуецца, — з’едліва кінуў Вырвіч Багінскай. Тая лёгка саскочыла з падваконня.

— Ой, і праўда! Як жа прапусціць такое відовішча! Для майго шляхецкага выхавання гераічныя прыклады неабходныя! А пан Гервасій не баіцца блізка да цмока падыходзіць?

Князёўна, як заўсёды, спрытна расцвеліла патрэбныя пачуцці. Лёднік і Агалінскі, усё яшчэ цяжка дыхаючы, гатовыя загрызці адно аднаго, трохі ачомаліся. Пан Гервасій падняў сваю шаблю і звярнуўся да доктара:

— Толькі таму і дазваляю табе яшчэ пажыць, што знаю, ненадоўга.

І выскачыў з пакоя, ляснуўшы дзвярыма, ажно павукі па шчылінах разбегліся.

Лёднік моўчкі апрануў камзол, на якім не хапала пары гузікаў, падняў шаблю, стараючыся не глядзець на Пранціша.

— Калі васпан не даражыцца ўласным жыццём, — холадна прамовіў Пранціш, — дык падумаў бы пра лёс двух чалавек, якія наўпрост ад ягонага жыцця залежаць.

Прафесар усунуў шаблю ў похвы так злосна, быццам уторкваў у цела найгоршага ворага, і таксама ляснуў дзвярыма.

З такімі жыхарамі «Залатая курыца» доўга не прастаіць, па дошчачках-каменьчыках рассыплецца…

А Паланея з мілай усмешкай наблізілася да Вырвіча, уся такая ж цацачная, як Дракошчын, у акуратным парычку, блакітным камзольчыку са срэбнымі гузічкамі, белых панчошках…

— Пан Вырвіч, а што за прысягу даў пану Агалінскаму доктар?

Вырвіч толькі моўчкі працяў падступную паненку паглядам:

— А вы надалей, пан Бжастоўскі, добра падумайце, перш чым распальваць звадкі між сталымі мужчынамі, бо наступны раз іх, магчыма, не ўдасца спыніць, а калі Лёднік памрэ, вы застанецеся сам-насам з панам Агалінскім.

Панна трохі збляднела, але Пранціш не стаў чакаць яе адказу і выбег услед за сваім прафесарам.

Сонца шчодра залаціла нават шэрыя камяні брукаванкі… Людзі валілі да ратушы. У адным месцы, дзе вуліцу перакрывала вялізная калюжына, у якой плюхаўся пазаўчорашні дождж, увішныя мясцовыя хлапцы зладзілі добры бізнэс, пераносячы на ўласных карках праз брудныя хвалі ўрачыстых паняў у неабдымных спадніцах ды паноў у белых панчохах. Пан Палоній Бжастоўскі, вядома, скарыстаўся з тае прапановы.

А за ўваход у ратушу і гонар прысутнічаць пры выпрабаванні анёльскага мяча, аказалася, трэба выкласці ажно пяць цэхінаў! Лёднік прасычэў, што прадпрымальны Дракошчын выдаіць нават магнацкія кішэні, але пан Агалінскі нават не задумаўся. А чаго — радзівілаўскім золатам кашалёк набіты шчыльна, як калядная каўбаса.

Ратушу прыкрашалі два вышываныя золатам штандары. На адным, правільна, прабіты мячом цмок, на другім — арханёл Міхаіл на кані. Першы паверх ратушы ўяўляў з сябе вялізную залу з калонамі, у якой было так зручна сабрацца важным гасцям. Дамы са сваймі фіжмамі праплывалі, як заваленыя кветкамі ладдзі, ахутаныя амаль відочнымі аблокамі парфумы, некаторыя з паноў дэманстратыўна падымалі да вачэй апошняе сведчанне прагрэсу, толькі што з Парыжу — круглыя шкельцы на ручках, гэтакая ўдасканаленая лінза бацькі Гервасія Агалінскага, якую той падарыў сімпатычнай пакаёўцы. І пан Дамінік са шнарам у лобе быў тут жа — ззяў, як начышчаны чырвонец. Панна Багінская так і прыліпла да яго позіркам. Ясна, каб была не ў мужчынскім адзенні, выпрабавала б на прыгажунчыку свае чары.

Затрубілі фанфары. Пан Дамінік урачыста падыйшоў да пастамента ў канцы залы, на якім пад шклом ляжаў меч з дзяржальнам у выглядзе лілеі. Двое кавалераў адкрылі шкляныя створкі…

Вядома, меч у руцэ абранага не заззяў, не расцвіў і не пусціў сноп іскраў.

Пра што з належным сумам было абвешчана.

Бойка з цмокам адкладалася на год. Затое зараз чакалася чарговае кармленне цмока. Выбар ахвяры для яго (самай прыгожай дзяўчыны). Тэатральнае прадстаўленне. Турніры лучнікаў і бардаў, танцы, кірмаш…

А як жа горкі лёс аддадзенай на з’ядзенне дзяўчыны? Усведамленне, што пачвара непераможаная? Нікчымныя баязліўцы!

Раптам пачулася гучнае рыканне. Дамы, як належыць, завішчэлі… Некалькі слугаў у чырвоных вопратках урачыста правялі праз залу белую цялушку, упрыгожаную чырвонымі стужкамі.

— Ён заглыне яе цалкам! — абвесціў важны пан, таксама ў чырвоным каптане.

Мясцовы цмок відавочна не харчаваўся яешняй.

Пранціш ажно шалеў. Пан Дамінік усё гэтак жа самаўпэўнена прахаджваўся ў суправаджэнне світы і адказваў на дурныя пытанні, кшталту як ён не баіцца адпраўляцца на бітву з пачварай.

Зноў загула труба, у залу запоўз вялізны, але лялечны, цмок, якога ігралі акцёры, накрытыя зялёным сукном, і гледачы памкнулі ў той канец залы… Пачыналася прадстаўленне. Пан Гервасій і Паланэйка рушылі за ўсімі. Баўтрамей Лёднік знайшоў кампанію — худога, як штыкеціна, пана ў чорнай мантыі з залатым ланцугом на шыі, сведчаннем доктарскага звання, і абодва мужы вучоныя, аб нечым паважна перагаворваючыся, зашыліся за спіны натоўпу.