Изменить стиль страницы

Вырвіч заўважыў, што побач з выявамі цмока ўвесь час сустракаецца выява прыгожага юнака з залатымі валасамі, які ганарыста ўздымае меч з дзяржальнам у выглядзе лілеі, а на лобе ваяра намаляваны чамусьці перакулены маладзік, рогамі ўгору, як човен. Пранціш вырашыў, што гэта мясцовая трактоўка святога Міхаіла альбо іншага драконаборцы, святога Юрыя.

Між тым стракаты натоўп па запружаных вулках рушыў у цэнтр горада, туды, дзе ўзвышаўся шпіль самага высокага храма.

— Зараз голас падасць! Кармёжка ў яго! — крычалі людзі, штурхаючыся, лезучы ледзь не пад капыты коней. Вырвіч і ягоныя спадарожнікі ўсё-ткі выехалі на пляц з велізарным гатычным касцёлам з чырвонай цэглы і белакаменнай ратушай.

— Ці-ха! — загарлаў нехта, і натоўп замоўк, як поле перад навальніцай. Пранціш стаіўся, чакаючы нейкага шалберства, але ў глыбіні душы так хацелася сапраўднага цуда! І раптам…

Не, гэта было не шалберства. Аднекуль з-пад зямлі пачуўся рык жывой істоты, голас пракаветнай жуды, нечалавечай самоты і прагі… Завішчэла кабета, заплакаў дзіцёнак, зафыркалі коні… Вочы людзей загарэліся самай прыемнай сумессю страху і цікаўнасці.

— Я павінен паглядзець на гэтае страшыдла! — аж стагнаў Амерыканец. Роспыты абнадзеілі: хаця паглядзець на цмока каштуе немалых грошай, але гэта магчыма. Толькі трэба заняць чаргу ў магістраце… І праз пару дзён… Праўда, цмока паказваюць толькі праз спецыяльныя вакенцы ў дзвярах сутарэння, але гісторый пра яго вартаўнікі распавядуць!

Затое ніякія грошы не дапамагалі зняць прыстойныя пакоі хоць у якім гасцявым доме. Толькі неверагодная сума ў дваццаць талераў і напорыстасць пана Агалінскага забяспечылі вандроўнікам адзін пакойчык на ўсіх пад самым дахам гатэлю «Пад залатой курыцай». Вядома, дзеля гэтага з пакою ў нейкі катух адсялілі менш грашавітых гасцей.

Гатэль быў ажно ў чатыры паверхі, прычым заўважалася, што два верхнія дабудаваныя зусім нядаўна, спехам, ясна, з-за наплыву цікаўнікаў. Увогуле, па ўсім горадзе ішло будаўніцтва, то там, то тут бачыліся рыштаванні, дамы ззялі навюткімі фарбамі.

Ці трэба ўдакладняць, што выявы цмока, мяча з дзяржальнам у выглядзе лілеі і юнака з месяцам у лобе прыкрашалі ўсе пакоі гатэля «Пад залатой курыцай», і нават начныя вазы…

Са страўні на першым паверсе папаўзлі спакусныя пахі. Пан Агалінскі расштурхаў стракатую публіку, працярэбліваючыся да стала, які вызваліў таксама вельмі проста, выкінуўшы з-за яго двух дробных мяшчукоў, па вопратцы — ці пісцоў, ці судовых канцылярыстаў.

— Верашчакі і піва!

Верашчака — гэта была самая модная страва, прыдуманая кухарам Аўгуста Саса па прозвішчы Верашчака. Тут яе ўмелі гатаваць, падобна, някепска, мяркуючы па замовах наведнікаў.

Музыкі — лютніст, скрыпач ды ўладальнік басэтлі — выводзілі мелодыю балады, адгадайце, пра каго? — пра цмока і святога Міхаіла… Дым і гуд стаялі у карчомцы не менш, чым у прыдарожнай беларускай, хіба што пілі не гарэліцу, а медавуху, і на месцічах красаваліся не шапкі-магеркі, а капелюшы з пёркамі, і гаварылі не па-беларуску, а на польскай, нямецкай, зрэдзь — галандскай і французскай.

Не паспела таўсманная шынкарка ў белым каптуры памерам з невялікі стог прынесці замоўленыя збаны з півам ды верашчаку ў гліняных місах, наведнікі зараўлі, паўздымаліся з месцаў, выглядаючы кагосьці. Пранціш закруціў галавой і таксама прыўзняўся…

І пабачыў хлапца з паўмесяцам у лобе.

Дакладна такога, як на малюнках. Гожы, бы каралевіч, залатыя валасы да плеч акуратна падвітыя, пунсовы камзол з золатам, дылея з гарнастаевай аздобай… За юнаком рушыла світа, таксама прыгожа прыбраныя шляхціцы, а ўжо як дзяўчаты пазіралі на гэтага ганарыстага прыгажунчыка! А той стаў пасярэдзіне карчмы, падняў уладна руку — белыя карункі манжэта ажно сляпілі, і прамовіў у раптоўнай паважлівай цішыні:

— Вельмішаноўнае панства, землякі мае ды госці нашага слаўнага горада! Заўтра апоўдні запрашаю ўсіх у ратушу, на чарговае выпрабаванне лілейнага мяча! Мы вызначым, ці настаў час мае смяротнай бойкі з паганай пачварай, якая захапіла наш няшчасны горад. Прыходзьце, каб малітвамі шчырымі святому арханёлу Міхаілу, драконаборцу, падтрымаць мяне ў памкненні вызваліць родны горад!

Прысутныя зараўлі, загулі… Нехта крыкнуў: «Віват пану Дамініку Ранглінскаму, абранцу!». Вокліч падхапілі… Пранціш перастрэў позірк Паланэі, якім яна праводзіла фанабэрыстага прыгажуна, і сэрца ў яго здрыганулася…

Ды што за халера такая ў гэтым мястэчку робіцца?

Пан у барвовым палінялым жупане і з носам таго ж колеру, па вымаўленні — з Валыні, ахвотна растлумачыў усё недасведчаным прыезджым. Цмока проста так забіць няможна, бо ён жа пасланы гораду ў пакаранне за грахі! Але Гасподзь калі і папускае пакуты, дае і сродак выбаўлення. Таму было прароцтва, што народзіцца хлопчык з месяцам у лобе, які ў прызначаны час цмока заб’е, і неадменна мячом з дзяржальнам у выглядзе лілеі, які захоўваецца ў ратушы ў спецыяльнай зашклёнай шафе. А здарыцца гэтая смяротная бойка толькі тады, калі ў дзень святога Міхаіла меч у руках абранца заззяе анёльскім агнём!

І тут вогненны анёльскі меч…

Лёднік фыркнуў, дэманструючы свае скептычныя адносіны да рамантычнай гісторыі. Пан Агалінскі ажно падскокваў ад радасці, што, магчыма, пабачыць жывога цмока… А Пранціш змрочна думаў — вось жа, камусьці шанцуе па жыцці, прызналі таго Дамініка абраным, носяцца з ім, як з залатым яйкам, дзеўкі гатовыя са спадніцаў выскачыць ад захаплення… А наперадзе таго чакае сапраўдны подзьвіг, пра які будуць спяваць лірнікі і пісаць паэты!

Спаць Вырвічу і Лёдніку давялося на падлозе, кінуўшы на яе сяннік, бо ў пакоі змяшчалася толькі два ложкі. Пан Агалінскі, простая душа, пачаў быў бурчэць, што спешчаных юнакоў, кшталту пана Палонія Бжастоўскага, якраз і трэба ўкладаць на падлогу, дый на ложку цалкам можа двое легчы, і Пранціш доўга пацяшаўся, уяўляючы, што было б, каб Паланэю ўклалі ў ложак да пана Гервасія, і той «эмпірычным спосабам» даведаўся, што з імі падарожнічае дзеўка ў мужчынскім касцюме. Не тое, каб гэта было нечуванай справай… У неспакойную эпоху спрытныя дамы, адпраўляючыся ў падарожжы, часцяком пераапраналіся ў мужчынскае — так куды бяспечней. Але сам Вырвіч быў упэўнены, што ён бы так не падмануўся… Даўно б выкрыў авантурную даму! Нават па тым, што, каб патрэбу справіць, ілжэ-хлопец адбягаецца ад спадарожнікаў, як ад медзвядзёў, ды сарамліва хаваецца за кусты…

Але што з рудога Амерыканца ўзяць… Вунь ужо храпе сабе.

Апошняе, што гэтым днём пабачыў Пранціш — як Лёднік, адчытаўшы малітвы, пры апошнім святле свечкі разглядае аркушык з няроўна накрэсленымі дзіцячай рукой літарамі…

Нараніцу Пранціш выскачыў з дому, каб не прапусціць чаго-небудзь цікавенькага. Урэшце, ён упершыню быў у такім далёкім замежжы, дзе нават у побытавых дробязях адрозненні ад звыклага — хаця б у манеры кабетаў павязваць хустку. А ўжо такі вялізны касцёл не абгледзець грэх! Яго пабудавалі яшчэ крыжакі, якія збіраліся тут гаспадарыць, пакуль не атрымалі выспятка пад Грунвальдам ад ліцвінаў, палякаў ды жмудзінаў. У Вырвіча ажно дух заняло, калі ён зблізу падняў галаву, каб убачыць круглыя вітражы вокнаў… Нібы проста на цябе плыве велічны чырвоны карабель па хвалях неба!

Пранціш з задавальненнем паблытаўся сярод месцічаў, прыкмеціў некалькі гожых дзяўчатак… Перамігнуўся…

А падымаючыся па лесвіцы ў гатэльны пакой, пачуў гнеўныя галасы Лёдніка і Агалінскага. Мудры студыёзус вырашыў напачатку паслухаць і разабрацца, што за каша там варыцца — неахвота пад гарачую руку панам трапляцца… Ой-ёй, схапіліся пра палітыку!

— З-за шляхецкае сваволі дзяржава гіне! — грымеў нізкі голас Лёдніка. — Няхай ваша мосць успомніць, калі апошні раз сойм прайшоў не сарваны? Пры Аўгусце — ніводнага! Адна назва — дэпутаты! Самы дурны апоек скарыстае «Ліберум вета», і разумны закон, які мог паспрыяць дабрабыту усяе дзяржавы, не прыняты! На выбарах хто больш напоіць ды хабару суне — той і перамог!

— Каб не шляхецкія вольнасці, дзяржавы і не было б! — крычаў пан Гервасій Агалінскі.—Хто яе абараніў ад маскоўцаў, шведаў, татараў? Мяшчукі? Мужыкі? Купцы? Шляхціц з маленства рыхтуецца аддаць жыццё, баронячы сваю зямлю ад ворагаў! Хто ты такі, каб пра дзяржаву разважаць? Хоць увесь патэнтамі набілітацыі абвешайся — ты нікчымны мяшчук!