Изменить стиль страницы

Пранціш гаварыў гэтак умольна, як звычайна выпрошваў дармовы келіх у прыгожай шынкарачкі. Блакітныя вочы выпраменьвалі такое шчырае захапленне мудрасцю пана суддзі, што той здаўся, напыжыўся, як верабей у сцюжу, і паважна-паблажліва адшкадаваў словаў:

— Што ж, маладому чалавеку, накшталт вас, карысна будзе паслухаць…

Вырвіч адчуў, як Лёднік коратка ўздыхнуў, зразумеўшы Пранцысеву тактыку: да бабкі не хадзі, ясна, як яму карціць даведацца пра тую Саламею. Карэта пачала падскокваць на карэннях, сумная кавалькада ўехала ў лес. Голле час ад часу стукала па карэце, драпала яе бакі, нібыта лясун праганяў і не ў змозе быў прагнаць нежаданых гасцей.

— Судзіць паненку будуць за тое, што паюка князя Гераніма асляпіла. Але карані, карані ўчынкаў глыбей! Норавы заняпалі ў нашым княстве! — звягліва прамовіў Юдыцкі.—Белагаловыя не павінны заставацца без мужчын! Калі ўдава, ці сірата — апекуноў ёй давайце… А то атрымліваецца абы што. Паненка застаецца без бацькоў, і не хоча выходзіць замуж. Хаця лічыцца першай прыгажуняй места, specie formosa… Не хоча, і ўсё! І ніхто не прымусіць. Жаніхі шалеюць, сваты вяртаюцца з гарбузамі, ідуць чуткі пра таемнае каханне — але ніхто адсачыць не можа. Паводзіцца паненка бездакорна, ходзіць у царкву… Але ж у кляштар не ідзе, як княжна Еўфрасіння! Прадае кніжкі ў бацькавай краме і, прабач, святы Ёсафат, займаецца навукай! Казалі, што яна пераапраналася ў мужчынскае адзенне і слухала лекцыі ў калегіюме. Калі праўда — задраў бы спадніцу ды сам адхвастаў… — Юдыцкі нават прыцмокнуў бледнымі вуснамі, відаць, уявіўшы спакусную карціну хвастання паненкі, і ўздыхнуў: — Вось толькі з судом князь не спяшаецца. Каб толькі па дабраце сваёй не дараваў ведзьме, і яна яго, змяя беласкурая, не счаравала. Можа, ой, можа…

— Але навошта тая купчыха пану Гераніму? — папытаўся Вырвіч.

— Не вашага гэта розуму справа, — надзьмуўся Юдыцкі, але, відаць, цікава і незразумела было і яму — чаму столькі клопату з-за нейкай дзеўкі, таму што суддзя задумаўся і, памаўчаўшы, пачаў разважаць:

— З-за прыгожых вочак — наўрад… Ейнае ведзьміна майстэрства скарыстаць — дык ягамосць пан Геранім ведзьмаў блізка да сябе не падпускае. Ведама мне толькі, што пан Марцін да бацькі гэтай Саламеі прыязджаў і доўгую гаворку меў. А як Рэніч памёр, то да самой панны ліст прыслаў. Значыць, нешта такое бацька ёй у спадчыну пакінуў. І, відаць, важнае — бо чамусьці Трыбунал[8] вырашыў умяшацца.

— Гэта вы пра князя Аляксандра Сапегу? — здагадаўся Пранцысь. Юдыцкі скрывіўся, быццам раскусіў гнілы арэх.

— Так, пра ваяводу полацкага. Сапегі здабылі ад Трыбуналу грамату з патрабаваннем аддаць Рэніч пад іх апеку, — суддзя чмыхнуў вострым носам, як быццам учуў пах пажару. — Нібыта князь Геранім не мае права ў вотчынным судзе судзіць полацкую мяшчанку… Аляксандр Сапега ў Слуцак заявіўся, трыста жаўнераў прывёў… Быццам дзеля перагавораў. Занялі дом ля Віленскай брамы, жаруць, п’юць, мешчукоў задзіраюць. Жаўнеры пана Гераніма напагатове — чым перагаворы гаспадароў скончацца, невядома. Гэх… Ёсць такая дзева-птушка — Сірын, што зачароўвае людзей спевамі сваймі… І няхай птушка яна што ні на ёсць райская, а сны навявае зямныя ды грэшныя, і душа ў яе пакутлівая. Карацей, не схацела дзеўка мужчынскае рукі над сабою — спазнае руку следства.

— Але калі пан суддзя ведае, што панна Саламея невінаватая… — падаў голас Пранцысь. Юдыцкі зарагатаў так, што стукнуўся патыліцай у сцяну карэты, аж з парыка ягонага паднялося дымнае воблачка.

— Невінаватая? Дзева-птушка, хімера, мужабаба! Я ж табе, хлопча, толькі што сказаў, што такія, як яна — самая шкоднасць для дзяржавы! А што, калі на яе гледзячы, другія белагаловыя волі захочуць? Не, у пятлю дурную блудніцу — і ўсё!

— Мярзотнік! У Саламеі ў адным мезенцы розуму больш, чым хаваецца пад тваім вашывым парыком! — Лёднік кінуўся на краты, ажно з іх пасыпалася іржа, але так атрымаў похвамі судзейскай шаблі ў лоб, што, заліўшыся крывёй, абсунуўся назад на лаву. Пранцысь зараз жа наваліўся на свайго наравістага слугу, каб спыніць ягоныя далейшыя шалёныя ўчынкі. Але язык лекара ён падрэзаць не мог, і той пастараўся адказаць на ўдар:

— У вас, пан Юдыцкі, пячонка хворая, жоўць у крыві разлітая, а яшчэ мужчынскай сілы гады са два як няма. Вы кабету сапраўды толькі адхвастаць можаце!

Ой-ёй… Залілі агонь алеем. Пранцысь нават не наважыўся прамовіць: «Ды не слухайце вы гэтага дурня…».

— Адкажаш за ўсё, лайно! — сычэў Юдыцкі, аж трасучыся ад злосці, як кола на брукаванцы. — Падзякуй, што лязом не ткнуў — трэба цябе цэленькім здаць, каб каты больш задавальнення атрымалі. І ты, смаркач, расплоцішся… Мы яшчэ праверым, які ты шляхціц! Гэй! — суддзя пастукаў у вакно карэты, яна прыпынілася, і пан вылез, не жадаючы падзяляць адну прастору з дзёрзкімі зняволенымі.

З вочак будуць гузічкі…
З кішак будзе каўбаса…

Пранцысь асыпаў Лёдніка справядлівай лаянкай, але той больш не спрабаваў выломваць краты… Застыў, закрыўшы твар рукамі — зноў злавіў сусветную нуду.

— Моцна ж ты дапамог і нам, і той паненцы! — крыкнуў наастачу Пранціш, праклінаючы імгненне, калі знайшоў у сваёй кішэні апошні шэлег.

— Гэта я яе загубіў, — глуха прагаварыў Лёднік, адвярнуўшы твар з разбітым ілбом ад гаспадара.

— Ну, што панна Саламея — дачка таго друкара, у якога ты рос, я і сам здагадаўся, — сярдзіта прамовіў Пранцысь. — Відаць, амуры з дзеўкай круціў!

— Не мяркуй па сабе… — раздражнёна буркатнуў Лёднік, крыху робячыся падобным да сябе звычнага. — Яна ж малая была… Мне — дзесяць, ёй — пяць… Яе бацька дабрадзеем маім быў, настаўнікам. Як я мог на яго дачку пажадлівым вокам глядзець?

Уздыхнуў… Потым загаварыў, нібыта язык ад марознага жалеза адрываючы.

Маленькая Саламея, адзіная дачка кнігара Сымона Рэніча, пястунка ды разумніца, за бацькавым вучнем ценем хадзіла… Можа, таму, што іншых дзяцей у доме не бывала? І Бутрым, які таксама дома рос адзін-адзінюткі, ды яшчэ на поліўцы з кухталёў, патроху прывык да шчабятання побач і ставіўся да паненкі, як да малодшай сястрычкі. Чытаць яе вучыў… І дазваляў перамешваць фарбы ў ступках… Нават разважаў пры малой услых над сваймі доследамі — які ні ёсць, а слухач. І толькі калі падчас чарговых вакацыяў Лёднік вярнуўся дахаты, і давялося даць у нос суседскаму хлапцу, што гэтак апантана закідваў чатырнаццацігадовую Саламейку калючымі шарыкамі дзядоўніка — вядома, найлепшы сродак заляцання — Бутрым заўважыў, якія сінія-сінія вочы ў ягонай сяброўкі, якая белая скура, чорныя бліскучыя косы, а пастава… Не дзіцячая пастава. А калі яна ўсміхаецца, дык ямінка чамусьці толькі на адной шчочцы, левай… Дакрануцца да тае ямінкі хочацца — аж да млосці… І пажадана вуснамі…

Лёднік адразу забараніў сабе падобныя думкі. Па-першае, паненка яму не пара, ды і як абразіць настаўніка, без якога згніў бы Бутрым у няведанні ды смуродзе гарбарні… Па-другое — Лёднік ужо ахвяраваў сваё жыццё Вялікай Навуцы, у служэнні якой, як вядома, пяшчотныя пачуцці толькі замінішча. Але калі Бутрым ад’язджаў ва ўніверсітэт, Саламейка перастрэла яго ля весніцаў, і вочы яе палалі нясцерпным сінім агнём, і заявіла яна, што сэрца ейнае аддадзена Бутрыму, і ніхто іншы ёй не заўладае, і будзе яна чакаць столькі, сколькі Бог пакладзе і лёс Бутрымаў. І Лёднік так разгубіўся, што атрымаўся ў іх першы, няўмелы і самы лепшы ў жыцці пацалунак…

Ён нават не паабяцаў ён нічога. Жыццё закруціла маладзёна ў віхурах сваіх, як чоўнік легкадумны, што ўзнамерыўся па месяцовай срэбнай дарожцы на хвалях да самога Месяца даплысці… Падманам будзе сказаць, што Лёднік часта ўспамінаў сінявокую палачанку… Не да таго было — вучоба, распластаныя ў анатамічным тэатры трупы, доўгія дыспуты, студэнцкія застоллі, гарачыя даступныя кабеты. Але й нельга сцвярджаць, што ён на яе забыўся… Бо ўсведамленне «мяне чакаюць» павінна быць у кожнага, нават самага жорсткага чалавека, і на агеньчык гэтага пачуцця можна выйсці з цёмнага лабірынту.

вернуться

8

Трыбунал — галоўны суд ВКЛ.