Изменить стиль страницы

Станiслаў Лем

Салярыс

Пераклаў Максiм Валошка

ПРЫШЭЛЕЦ

А дзевятнаццатай гадзiне бартавога часу я прайшоў мiма тых, хто сабраўся вакол шлюзавой камеры, i па металiчных прыступках спусцiўся ў капсулу. Месца ў ёй было акурат столькi, каб падняць локцi. Я ўставiў наканечнiк шланга ў штуцэр, якi вытыркаўся са сцяны, i скафандр напоўнiўся паветрам. Пасля гэтага я не мог ужо нават паварушыцца. Я стаяў — а дакладней — вiсеў — у паветранай ложы, з’яднаны ў адно цэлае з металiчнай шкарлупiнай.

Узняўшы вочы, я ўбачыў праз выпуклую шыбу iлюмiнатара сцены шахты i схiлены над ёй твар Модарда. Пасля твар знiк i запанавала цемра, бо зверху зачынiлi цяжкi конусападобны абцякальнiк. Я пачуў васьмiразова паўтораны вiск электраматораў, якiя дацiскалi шрубы. Пасля — шум паветра, якiм напампоўвалi амартызатары. Вочы прывыклi да цемры. Я ўжо адрознiваў зеленаваты контур адзiнага табло-паказальнiка.

— Кельвiн, ты гатовы? — пачулася ў слухаўках.

— Так, Модард, гатовы, — адказаў я.

— Не хвалюйся, Кельвiн. Станцыя цябе прыме, — прамовiў ён. — У добры шлях!

Я не паспеў адказаць, бо нешта заскрыгатала ўгары i капсула здрыганулася. Я iнстынктыўна напружыў мускулы, але ўсё супакоiлася.

— Калi старт? — спытаўся я i пачуў шоргат, быццам зернейкi сама дробнага пяску сыпалiся ў мембрану.

— Ты ўжо ляцiш, Кельвiн. Бывай здаровы! — адказаў Модард.

Пакуль я гэта асэнсоўваў, насупраць майго твару адчынiлася вялiкая назiральная шчылiна, праз якую я ўбачыў зоркi. Дарэмна стараўся адшукаць Альфу Вадалея, да якой ляцеў «Праметэй». Неба тых ваколiц Галактыкi было невядомае, я не ведаў нiводнага сузор’я; у вузкiм акенцы мiльгаў iскрысты пыл. Я чакаў, калi затрымцiць першая зорка. Не дачакаўся. Яны пачалi проста гаснуць i знiкалi, расплываючыся ў рыжаватым небе. Я зразумеў, што знаходжуся ў верхнiх слаях атмасферы. Нерухомы, атулены пнеўматычнымi падушкамi, я мог пазiраць толькi перад сабой. Усё яшчэ не было вiдно гарызонту. Я падаў, зусiм гэтага не адчуваючы; цела маё паступова залiвала гарачыня. Звонку пачуўся не надта гучны, пранiзлiвы вiск — нiбыта па мокрым шкле драпалi металам. Калi б не лiчбы, што выскоквалi на табло, я нават не меў бы ўяўлення пра iмклiвасць падзення. Зоркi ўжо знiклi. Назiральнае акно свяцiлася рыжым святлом. Я адчуваў гулкiя ўдары пульсу, твар гарэў, па шыi гулялi халодныя павевы кандыцыянера; я пашкадаваў, што не ўдалося зiрнуць на «Праметэй» — калi аўтаматы адчынiлi назiральнае акно, ён знаходзiўся ўжо за мяжой бачнасцi.

Капсула здрыганулася, пасля яшчэ, яе корпус моцна завiбраваў, гэтая нязносная дрыготка пранiзала ўсе iзаляцыйныя абалонкi, паветраныя падушкi i пранiкла ў глыбiню майго цела — зеленаваты контур табло расплыўся. Але страху я не адчуваў. Не дзеля таго прыляцеў я з гэткай далечынi, каб загiнуць ля самай цэлi.

— Станцыя Салярыс, — прамовiў я. — Станцыя Салярыс, Станцыя Салярыс! Зрабiце што-небудзь. Здаецца, я губляю стабiлiзацыю. Станцыя Салярыс, я прышэлец. Прыём.

I зноў я прамаргаў важны момант — з’яўленне планеты. Яна раптоўна распасцерлася перада мной — вялiзная i пляскатая; па памерах палос на яе паверхнi я вызначыў, што знаходжуся яшчэ далекавата. А дакладней — высакавата, бо мiнуў ужо тую нябачную мяжу, пасля якой адлегласць да нябеснага цела становiцца вышынёй. Я падаў. Iмклiва падаў. Адчуваў гэта нават з заплюшчанымi вачыма. Але я адразу ж iх расплюшчваў, бо хацеў убачыць як мага больш.

Трошкi перачакаў i зноў паўтарыў выклiк. I на гэты раз не атрымаў адказу. У слухаўках залпамi паўтараўся трэск атмасферных разрадаў. Iх суправаджаў шум, такi глыбокi i нiзкi, нiбыта гэта быў голас самой планеты. Аранжавае неба ў назiральным акне зацягнулася бяльмом. Шкло стала цёмным; я мiжволi скурчыўся, абмежаваны пнеўматычнымi бандажамi, але ў наступную ж хвiлю зразумеў, што гэта хмары. Быццам здзьмухнутая ветрам, купка iх паляцела ўгору. Я шыбаваў далей, то на сонцы, то хаваючыся ў цень, капсула круцiлася вакол вертыкальнай восi, i вялiзны, нiбы распухлы, сонечны дыск мерна праплываў перед маiм тварам, з’яўляючыся з левага боку i адыходзячы ўправа. Раптоўна праз шум i трэск проста ў маё вуха ўварваўся далёкi голас:

— Прышэлец, я — Станцыя Салярыс. Прышэлец, я — Станцыя Салярыс. Усё ў парадку. Вы пад кантролем Станцыi. Прышэлец, я — Станцыя Салярыс. Падрыхтуйцеся да пасадкi ў момант нуль, паўтараю, падрыхтуйцеся да пасадкi ў момант нуль, увага, пачынаю. Дзвесце пяцьдзесят, дзвесце сорак дзевяць, дзвесце сорак восем…

Словы былi падзелены мiж сабою рэзкiмi пiскамi — сведчанне таго, што гаворыць не чалавек. Я здзiвiўся. Звычайна ўсе, хто жывы, бягуць на пасадачную пляцоўку, калi прылятае нехта новы, асаблiва з Зямлi. Але я не меў часу разважаць над гэтым, бо вялiзны круг, якi ўтварыла вакол мяне сонца, раптоўна стаў на дыбкi разам з раўнiнай, што ляцела мне насустрач; пасля капсула нахiлiлася ў супрацьлеглы бок; я хiстаўся, як дыск вялiзнага маятнiка, змагаючыся з галавакружэннем; на ўздыбленай, як сцяна, паверхнi планеты, ссечанай брудна-лiловымi i чарнаватымi палосамi, я заўважыў невялiкую шахматку з белых i зялёных кропак — арыентацыйны знак Станцыi. I адразу ж штосьцi з трэскам адарвалася ад вяршынi капсулы — доўгi ашыйнiк тармазнога парашута, якi гучна зафыркаў; гэты гук нагадваў штосьцi невыказна зямное — першы за гэтулькi месяцаў шум сапраўднага ветру.

Усё адбылося надзвычай хутка. Раней я толькi ведаў, што падаю. Зараз я гэта ўбачыў. Бела-зялёная шахматка iмклiва павялiчвалася, я заўважыў, што яна намалявана на прадаўгаватым, падобным на кiта, серабрыста-iльсняным корпусе, па баках якога вытыркаюцца iголкi радарных антэн. Галерэi аконных праёмаў былi цёмныя. Я адзначыў, што гэты металiчны гiгант не ляжыць на паверхнi планеты, а вiсiць над ёй, цягнучы на чарнiльна-чорным фоне свой цень — элiптычную цёмную пляму яшчэ большай чарнаты. Адначасова я заўважыў ахiнутыя фiялетавым туманам хвалi-барозны Акiяна, якiя марудна вагалiся, затым хмары рванулiся высока ўгору, ахопленыя па берагах асляпляльным пурпурам, неба памiж iмi стала далёкiм i пляскатым, бура-аранжавым, i ўсё гэта раптам страцiла абрысы: я ўваходзiў у штопар. Не паспеў апамятацца, як кароткi ўдар надаў капсуле вертыкальнае становiшча, у назiральным акне аж да самага гарызонту ртутным святлом заiскрыўся ўсхваляваны Акiян; тросы i купалы парашута iмгненна аддзялiлiся, i вецер панёс iх над хвалямi. Капсула пачала мякка хiстацца своеасаблiвымi свабоднымi рухамi, як гэта звычайна бывае ў штучным сiлавым полi, пасля абсунулася на дол. Апошняе, што я паспеў убачыць, гэта ўкратаваныя ўзлётныя катапульты i два, велiчынёй у некалькi паверхаў, люстры ажурных радыётэлескопаў. Нешта прымусiла капсулу спынiцца, пачулася пранiзлiвае скрыгатанне сталi, якая пругка стукнулася аб сталь, унiзе нешта адчынiлася, i металiчная шкарлупiна, у якой я сядзеў, з працяглым уздыхам знерухомела, закончыўшы сваё стовасьмiдзесяцiкiламетровае падарожжа.

— Я — Станцыя Салярыс. Нуль-нуль. Пасадка закончана. Канец, — пачуў я нежывы голас робата.

Абедзвюма рукамi (я адчуваў незразумелы цiск на грудзi, у жываце быў непрыемны цяжар) пацягнуў на сябе ручкi, што знаходзiлiся на ўзроўнi плячэй, i разлучыў кантакты. Засвяцiўся зялёны надпiс «ЗЯМЛЯ», i сцяна капсулы адчынiлася; пнеўматычнае ложа штурханула мяне ў спiну так, што я мусiў зрабiць крок наперад, каб не ўпасцi.

З цiхiм сыкам, падобным на самотны ўздых, паветра выйшла са скафандра. Я быў вольны.

Я стаяў пад высокай, як скляпеннi храма, серабрыстай лейкай. Па сценах вiлiся пукi каляровых труб, што знiкалi ў круглых калодзежах. Я павярнуўся. Гулi вентылятары, усмоктваючы рэшткi атрутнай планетнай атмасферы, якая пранiкла сюды пад час пасадкi. Пустая, як трэснуты кокан, сiгара капсулы стаяла на дне круглай чашы стальнога ўзвышэння. Яе вонкавая абшыўка абсмалiлася i мела брудна-барвовы колер. Я спусцiўся па невялiкiм схiле. Далей на метале быў навараны слой шурпатага пластыку. Там, дзе звычайна кацiлiся каляскi пад’ёмнiкаў ракет, пластык быў працёрты аж да сталi. Раптам вентылятары сцiхлi, i ўсталявалася глыбокая цiшыня. Я бездапаможна азiраўся, чакаючы з’яўлення якога-небудзь чалавека, але нiхто не падыходзiў. Толькi свяцiлася неонавая стрэлка, паказваючы на бясшумны эскалатар. Я ступiў на яго стужку. Парабалiчныя скляпеннi залы паступова пераходзiлi ў цылiндрычны тунель. У яго нiшах ляжала мноства балонаў са сцiснутым газам, кантэйнераў, парашутаў, скрынак. Гэта мяне таксама здзiвiла. Эскалатар заканчваўся ля круглай пляцоўкi тунеля. Тут панаваў яшчэ большы кавардак. З-пад кучы бляшанак расплылася алейная лужына. Непрыемны, рэзкi пах стаяў у паветры. У розныя бакi разыходзiлiся сляды ад ботаў, выразна адцiснутыя ў гэтай лiпучай цечы. Памiж бляшанкамi, быццам вынесеныя з кабiн, валялiся скруткi белых тэлеграфных стужак, шматкi паперы, смецце. I зноў засвяцiўся зялёны паказальнiк, скiроўваючы мяне да сярэдзiны дзвярэй. За iмi быў такi вузкi калiдор, што два чалавекi наўрад цi здолелi б тут размiнуцца. Святло трапляла сюды праз высокiя, з падвойна выпуклымi шыбамi, iлюмiнатары, нацэленыя ў неба. Яшчэ адны дзверы, размаляваныя бела-зялёнымi клеткамi, былi прачынены. Я ўвайшоў усярэдзiну. Паўкруглая кабiна мела адно вялiкае панарамнае акно; у iм палымнела затуманенае неба. Унiзе бясшумна хiсталiся чарнаватыя грабянi хваляў. У сценах было шмат адчыненых шкапчыкаў. У iх ляжалi iнструменты, кнiгi, брудныя шклянкi, запыленыя тэрмасы. На бруднай падлозе стаяла пяць цi шэсць механiчных самаходных столiкаў, памiж iмi некалькi панiклых надзiманых крэслаў — паветра з iх было часткова выпушчана. Толькi адно, з адхiленай унiз спiнкай, было запоўнена. На iм сядзеў малы хударлявы чалавек з абпаленым на сонцы тварам. Скура палосамi злазiла з яго носа i скулаў. Гэта быў Снаўт, намеснiк Гiбарыяна, кiбернетык. Калiсьцi ён надрукаваў у «Салярыстычным альманаху» некалькi надзвычай арыгiнальных артыкулаў. Я нiколi раней не бачыў Снаўта. Ён быў у сеткаватай кашулi, праз вочкi якой вытыркалiся асобныя валасiны, што кусцiлiся на запалых грудзях, i калiсьцi белых зрэбных штанах, з плямамi на каленях i прапаленых рэактывамi, з мноствам кiшэняў, як у мантажнiка. У руках ён трымаў пластыкавую грушу, такую, з якiх наталяюць смагу на караблях, пазбаўленых штучнай гравiтацыi. Снаўт пазiраў на мяне як аслеплены яркiм святлом. З растапыраных пальцаў выпала груша i, нiбы мяч, некалькi разоў падскочыла. З яе вылiлiся рэшткi празрыстай вадкасцi. Паступова ўся кроў адхлынула ад твару Снаўта. Я быў надта разгублены, каб прамовiць хоць слова, i гэтая маўклiвая сцэна доўжылася да таго часу, пакуль яго страх нейкiм незразумелым чынам не перадаўся i мне. Я ступiў наперад. Ён скурчыўся ў крэсле.